За час мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, паводле звестак МУС, затрымалі каля 7000 асобаў. «Белсат» працягвае запісваць сведчанні людзей, якія пацярпелі ад рук сілавікоў. Асцярожна: жахлівыя здымкі.
32-гадовага Георгія затрымалі 10 жніўня за 200 метраў ад дому. Побач з мужчынам разарваўся снарад. Яго аглушыла і адняло нагу.
«Мне памаглі дайсці да таксоўкі выпадковыя мінакі. Я даехаў да станцыі хуткай. Бачыў, што мезенец і другі палец боўтаюцца. Усё было як у тумане. Яшчэ спадзяваўся, што абыдзецца толькі ампутацыяй дзвюх пальцаў, але цяпер стапы няма да пяткі».
Цяпер Георгій ляжыць у апёкавым аддзяленні Менскай лякарні хуткай медычнай дапамогі. Тут ён будзе яшчэ месяц. Мужчына напісаў заяву ў Следчы камітэт. Днямі да яго прыходзіў следчы. Заяву прынялі, але таксама вынялі правяраць тэлефон. Калі чакаць адказу з ведамства, Георгій не ведае.
12 жніўня жыхар Менску Сяргей хацеў паглядзець на акцыю, але не паспеў, трапіў пад хапун у Зялёным лузе.
«АМАПаўцы былі азвярэлыя. Схапілі мяне на вуліцы, кінулі на пол у бусіку, разбілі нос нагой. Пасля селі і паставілі на нас ногі. Адзін з іх паставіў нагу на галаву і кажа: куды, сука, глядзіш – і пачалі біць. Кроў трапіла аднаму на бронікамізэльку. Ён пачаў крычаць: ты, сука, бронік мне заліў. Зняў яе і далей збіваў. Пазней перагрузілі ў вялікі аўтазак, дзе ставілі пасярэдзіне на карачкі.
Крычалі: «Што табе, сука, не падабаецца. Праз цябе я не бачу сям’ю другі дзень».
У аднаго хлопца знайшлі камень у кішэні і пачалі біць. Знайшлі бутэльку з саляркай, азвярэлі і пачалі нюхаць рукі кожнага і біць. Паветра не хапала, пада мной ляжаў чалавек. Глядзелі мабільны кожнага, шукалі канкрэтныя праграмы, тэлеграм. Усе адразу называлі свае паролі, бо пачыналі зверскі збіваць. Калі прыходзіў камандзір і гаварыў спыніцца, то яны пераставалі».
У Сяргея страсенне, паламаны нос, дваццаць шэсць гематомаў на целе. Прызнаецца: ногі настолькі збітыя, што ледзь ходзіць.
Доктарка-анколаг Святлана не мела намеру браць удзел у пратэстах 9 жніўня. Аднак у той вечар яны паехалі ў горад.
«Мы ўжо вярталіся дадому, з сяброўкай засталіся ў аўце, прыпаркаваным на вуліцы Калініна, чакалі яшчэ дзвюх дзеўчын. Гэта не быў эпіцэнтр падзеяў. Да нас пад’язджае аўтамабіль ДАІ і адразу патрабуюць пашпарты. Мы не супраціўляліся, яны сфатаграфавалі іх, кудысьці перадаслалі. Нас нібыта адпусцілі, але падышлі нашыя знаёмыя. Мы сказалі, што лепш ім не садзіцца ў аўта. Усе сышлі, акрамя нас і яшчэ адной дзеўчыны. Гэта пабачылі працаўнікі ДАІ. Яны да нас падскочылі, вырвалі тэлефоны, пачалі пагражаць. Знянацку зʼявіўся аўтазак, нас адвезлі ў Савецкі РАУС. Да моманту вобшуку ўсё праходзіла больш-менш карэктна.
Ва ўнутраным двары было 60 чалавек. Паставілі ўздоўж сцен, тварам да сцяны, рукі на сцяне. Гэтак нас пратрымалі 12 гадзінаў. Прыехалі аўтазакі з АМАПаўцамі і тут пачаўся гвалт і абразы. Яны прыбеглі да нас, азвярэлыя, крычалі, лаяліся, гаварылі, што мы ваенныя злачынцы і нам трэба папраломліваць галовы.
Мяне адпусцілі, але адную сяброўку трымалі 72 гадзіны, сваякі не ведалі, дзе яна. Аказалася, што была ў Жодзінскай турме. Калі выпускалі, моцна ўдарылі дубінкай па галаве, хоць яна кажа, што ёй пашанцавала, бо збівалі менш, чым іншых».
Вольга выходзіла 9 і 10 жніўня на пратэст у якасці валанцёркі. Затрымалі дзеўчыну 11 жніўня ля парку Дружбы народаў.
«Мы былі ў белых халатах. Як валанцёры выходзілі памагаць параненым. Калі нас затрымлівалі, мы гаварылі, што мы дактары, але ніхто не слухаў. Нас затрымлівалі вайскоўцы ў зялёнай форме, завезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну.
Не збівалі, але прыніжалі. Гаварылі: вы замбаваныя, мы б вас усіх пазабівалі.
Мы хацелі памагчы параненым і збітым, але яны крычалі, што мы не тым пайшлі памагаць. Адна дзяўчына не хацела падпісваць пратакол, які быў напісаны пад капірку, ёй пагражалі збіццём, таму яна падпісала. Я баялася за сваё здароўе, таму таксама вырашыла падпісаць».
19 жніўня, пасля непрацяглай паўзы, беларускія сілавікі аднавілі затрыманні актывістаў, якія патрабуюць адстаўкі дзейнага кіраўніка краіны з пасады прэзідэнта. За час пратэстаў у Беларусі, паводле МУС, былі затрыманыя каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні. Ёсць і загінулыя, але афіцыйнага расследавання смерці ўдзельнікаў пратэсту сілавікі не распачынаюць.
Дар’я Курачкіна belsat.eu