«Быў аб'яўлены кошт за маё жыццё». У даркнэце размясцілі абвестку, датычную Паўла Латушкі


«Да пагрозаў прызвычаіліся, і спробы запалохвання не ў стане спыніць працу супраць дыктатара». Гэта словы кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. І ён, і ягоная каманда перыядычна атрымліваюць пагрозы расправаю. Але каб шукалі забойцу за ганарар – бадай, нешта новае. Кіраўнік НАУ распавёў нам пра такі факт. А таксама пракаментаваў датычную яго тэлефонную размову, знойдзеную намі ў атрыманых ад Кіберпартызанаў праслухоўках сілавікоў. Як спрабавалі вярнуць у Беларусь Паўла Латушку, і як дзеюць у дачыненні іншых палітэмігрантаў? 

Даркнэт – нябачная для пошукавых сістэмаў сетка, праз якую злучаюцца асобы, якія маюць прычыны схавацца. Скажам, кібервыведнікі, тэрарысты, педафілы і злачынцы ў галіне інфармацыйных тэхналогіяў. У даркнэце размясцілі абвестку, датычную палітыка Паўла Латушкі.

Латушка: «У Даркнэце быў аб’яўлены кошт за маё жыццё і была акрэсленая сума, колькі каштуе маё жыццё. Зразумела, што пацвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю я не магу, але крыніца мне паведаміла. Таксама былі перманентныя пагрозы з патэнцыйным вывазам мяне на тэрыторыяю Беларусі».

Святлана Ціханоўская, Павел Латушка
Святлана Ціханоўская і Павел Латушка слухаюць выступы калег з Аб’яднанага пераходнага кабінету перад прадстаўнікамі медыя. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Крыніца інфармацыі – надзейная. На просьбу Паўла Латушкі, суму не называем, але яна непараўнальна большая, чымся прапанаваў за вяртанне кіраўніка НАУ лукашэнкаўскі служка – кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч:

– Вось Латушка ў багажніку выехаў. $ 100 даю, каб яго ў багажніку прывезлі сюды ў Менск. Даю $ 100. (- Больш не каштуе, – рэпліка Азаронка). Партыя мне не дазволіла даваць больш грошай. І за Ціханоўскую вось ляжаць.

У атрыманых ад Кіберпартызанаў архівах тэлефонных размоваў чыноўнікаў і сілавікоў знаходзім датаванае лютым 2021-га года тэлефанаванне з Міністэрства замежных справаў Беларусі – да палкоўніка Максіма Свірыда (таго, што заводзіў крымінальную справу супраць блогера Нехта).

Размова Максіма Свірыда з Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС з Галоўным консульскім упраўленнем Міністэрства замежных справаў Беларусі:

Дыпламат (Д): – Максим Александрович?

Свірыд (С). – Да.

Д. – Добрый день! Это вас беспокоит министерство иностранных дел, главное консульское управление, первый секретарь.

С. – Слушаю вас.

Д. – По поводу вашего запроса. Ну вы поняли, да, какого?

С. – О, у нас много запросов, у нас много разыскиваемых лиц, которые находятся…

Д. – По Польше. Ну, знаменитые.

С. – Первую букву фамилии назовите.

Д. – «Л».

С. – Ну да, всё, понял, понял…

Д. – Смотрите. У нас есть два варианта. Первый вариант – мы можем по нашим базам… У нас есть база, в которой видны все действия, которые произошли в загран. точках. Мы можем с нашей базы, чтобы не рассылать запросы и не было там…

С. – Я понял… «иммиджевых издержек».

Палітык з прозвішчам на літару Л патлумачыў сутнасць дыялогу:

Павел Латушка: «Размова ішла пра тое каб праверыць наяўнасць інфармацыі аб тым, што я сапраўды знаходжуся ў Польшчы, дзя я пражываю і які мой статус. База «Консул» (якую маюць консульскія службы Беларусі ў пасольствах Беларусі за мяжою) не магла мець інфармацыі пра мяне. Бо я не станавіўся на консульскі ўлік. Таму яны маглі, тэарэтычна, накіраваць запыт уладам Польшчы з просьбаю прадставіць інфармацыю, ці сапраўды я знаходжуся тут і атрымаць дадатковыя звесткі перад тым як накіроўваць аддпаведны запыт у Інтэрпол».

У лютым 2021-га дзяржаўныя службоўцы яшчэ трохі дбалі пра палітычны імідж у вачах заходніх суседзяў. І не хацелі раскрываць, навошта збіраюць інфармацыю пра Паўла Латушку.

Размова Максіма Свірыда з дыпламатам з Галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных справаў Беларусі:

Д. – Мы можем с нашей базы, чтобы не рассылать запросы и не было там…

С. – Я понял… «имиджевых издержек».

Д. – Да.

С. – Давайте. Давайте так и поступим, потому что всё равно никто там пока не намеревается нам их выдавать. Давайте не будем накалять обстановку, а вы из ведомственных…

Д. – Ну мы здесь просто у себя в кабинете посмотрим, то есть, и напишем вам, как по базе…

С. – Нет проблем.

Д. – Нормально, так пойдёт?

С. – Нормально.

Колішні беларускі чыноўнік і дыламат, які перайшоў на бок пратэстоўцаў, усведамляў, што рэжым захоча затрымаць яго за мяжою. Пра рызыку паведаміў Міністэрства замежных справаў Польшчы і тамтэйшае бюро Інтэрполу.

Відаць, амбасады не асабліва дапамаглі сілавікам звесткамі, бо рэжым пераступіў праз дыпламатычныя рызыкі. У снежні 2021-га Генпракуратура рапартавала пра абвешчанне ў міжнародны вышук Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Валера Цапкалы.

Што адказала Міжнародная крымінальная паліцыя на гэты і некаторыя іншыя палітычныя запыты? Як стала вядома з расследавання «BELPOL», у Інтэрполе беларускім сілавікам указалі на тое, што яны парушаюць статут арганізацыі, які забараняе пераслед па палітычных матывах, і прыгразілі вынесці гэтае пытанне на паседжанне выканкаму Інтэрполу.

Рэжым хацеў бы вярнуць з замежжа і судзіць за пратэсты шмат каго з беларусаў. Яшчэ ў 2021-ым годзе база «Закалоты» налічвала больш за пяцьдзясят тысяч асобаў, частка з якіх жыла за мяжою. Няма сумневаў, што за апошнія тры гады спіс падоўжыўся, бо вырас маштаб рэпрэсіяў. «BELPOL» працуе над тым, каб перадаць звесткі на аналіз Інтэрполу.

Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар
Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар. Варшава, Польшча. 22 студзеня 2024 года. Скрыншот: Белсат

Уладзімір Жыгар, прадстаўнік «BELPOL»: «Згодна з іхнай інфармацыяй і нашай інфармацыяй змаглі б выявіць, якая колькасць людзей рэальна прыцягвалася па лініі Інтэрпола. То бок рабіліся запыты з Беларусі, якія былі закамуфляваныя пад махлярства, хуліганства, а насамрэч яны былі выключна палітычна матываваныя».

Ведаем прынамсі пяць выпадкаў, калі ў дакументацыі на экстрадыцыю беларускае бюро Інтэрполу прыхоўвала палітычныя матывы. Выдачу сталі прасіць на пратэстоўцаў з менш вядомымі, чым той жа Латушка, прозвішчамі. Гэтак цяпер у сербскім СІЗА знаходзіцца Андрэй Гнёт. Працэдуру экстрадыцыі супраць палітычнага актывіста ўжо запусцілі.

Уладзімір Жыгар: «У прынцыпе дастаткова падставаў ужо цяпер дзеля таго, каб прынамсі прыпыніць дзейнасць, а як максімум – выключыць Беларусь з Інтэрполу. І сітуацыя, якая цяпер адбываецца з Гнётам у Сербіі – гэта чарговы доказ палітычна матываваных справаў, якія Беларусь накіроўвае праз цэнтральнае бюро Інтэрполу».

А значыць, не гэтая, то наступная палітычная справа можа давесці да закрыцця беларускага бюро Інтэрполу. У такім выпадку ў карнікаў сапраўды не застанецца варыянтаў, апроч вывазу людзей у багажніках ці пошуку кілераў у ценявым інтэрнэце.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў