Супраць Максіма Знака пачалі дзве новыя крымінальныя справы


Юрыст Максім Знак. Скрыншот са стрыму

У дачыненні сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады і адваката Максіма Знака пачалі адразу дзве новыя крымінальныя справы. Пра гэта 12 лютага паведаміў у Facebook ягоны абаронца Дзмітрый Лаеўскі.

«Майму калегу – адвакату Максіму Знаку – 10 лютага выстаўленае абвінавачванне ў змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) ды яшчэ ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання ды кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК). Гэта ў дадатак да таго абвінавачвання, якое было з верасня, то бок у публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК)», – паведаміў адвакат.

Паводле Лаеўскага, нічога з гэтага Максім Знак не рабіў, а вінавацяць яго «за прафесійную дзейнасць, за выражэнне прававога меркавання, за дзеянне прававымі сродкамі, за прасоўванне прынцыпу вяршэнства права».

«Ніякіх законных падставаў ні для аднаго з абвінавачванняў няма. Мы, вядома ж, пазмагаемся. За Макса. І яшчэ за тое, каб калісьці тут права сталі рабіць з волі, годнасці і справядлівасці, а не з чорнай гумы», – падкрэсліў Дзмітрый Лаеўскі.

Hавiны
Адваката Максіма Знака намінавалі на прэмію імя Трар’ё
2021.02.03 10:00

У траўні Максім Знак далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі, прэзентаваў ягоныя інтарэсы ў ЦВК, быў адвакатам Марыі Калеснікавай і Святланы Ціханоўскай, падаваў скаргу ў Вярхоўны Суд на вынікі выбараў, увайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады.

З 9 верасня Максім Знак застаецца ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Яго прызналі палітычным зняволеным і вязнем сумлення.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў