Больш чым кнігі і шнарыкі на сэрцы: што чытае ў няволі журналістка Кацярына Андрэева


Калі цябе гвалтоўна вырываюць са звыклага жыцця, калі часы ў зняволенні перацякаюць у дні, а пасля і гады «сурка», вельмі важнымі становяцца рэчы, якія дапамагаюць не зламацца, заставацца сабой і адчуваць такія патрэбныя чалавечыя эмоцыі. Самыя важныя з такіх рэчаў – лісты і кнігі. Той цэмент, які падмацоўвае ўнутраны стрыжань.

Журналістка Кацярына Андрэева ў апошні дзень суда ў Менску, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Тры гады таму, 15 лістапада 2020 года, падчас стрыму з Плошчы пераменаў былі затрыманыя нашыя каляжанкі, журналісткі «Белсату» Каця Андрэева і Даша Чульцова. Каце за нібыта «здраду дзяржаве» прысудзілі 8 гадоў і тры месяца зняволення. Вось ужо 1095 дзён яна знаходзіцца за кратамі.

Гісторыя і асоба Каці ўражвае, яе нязломнасць надыхае паэтаў на творчасць, а тых, хто застаецца на волі – не апускаць рукі і працягваць барацьбу.

Гісторыі
«Сняжынка ў пекле». Кацярына Андрэева адзначае дзень нараджэння за кратамі, ёй 30 гадоў
2023.11.02 08:54

У гэты дзень мы хочам распавесці пра кнігі, якія прачытала Каця за гэтыя тры гады. Гэта далёка не вычарпальны спіс твораў, іх насамрэч значна больш. Але хочам засяродзіць увагу на самых важных, якія дададуць рысаў да партрэту Каці і якія, магчыма, захочацца прачытаць і вам. Адзначым, што Каця мае магчымасць карыстацца толькі турэмнай бібліятэкай, дасылаць з волі кнігі ў жаночую калонію Гомля нельга.

1. Альбер Камю «Чума»

Гэта самая любімая кніга Каці на сённяшні дзень. Паводле яе слоў, да турмы яна б успрыняла гэтую кнігу значна халадней, але цяпер была ўзрушана сугучнасцю рамана асабістым перажыванням.

2. Кніга публіцыстыкі Альбера Камю

Самы любімы твор з гэтага зборніку – «Лісты да нямецкага сябра», напісаныя падчас Другой сусветнай вайны. На думку Каці, гэта адно з самых яркіх антыфашысцкіх выказванняў.

3. Генрых Бёль «Більярд а палове на дзясятую»

4. Харпер Лі «Забіць перасмешніка»

5. Зузана Ружычкова «Сто цудаў»

Гэта кніга ўспамінаў вядомай клавесіністкі, якая перажыла Асвенцім, а затым і рэпрэсіі пасляваеннай Чэхаславакіі.

6. Фрэнсіс Скот Фіцджэральд «Ноч пяшчотная»

7. Цімур Вермеш «Ён зноў тут»

8. Кейт Аткінсан «Жыццё пасля жыцця»

9. Уладзімір Набокаў «Подзвіг»

10. Артура Перэс-Рэвертэ «Баталіст»

Падчас зняволення Каця адкрыла для сябе паэзію Уладзіміра Караткевіча. З любімых вершаў – «Бывай», «Прыганятыя» і «Песня пра асколак». Гэтыя творы кранулі яе амаль да слёз.

Таксама ёсць тыя кнігі, якія Каця чытала яшчэ на волі, але потым за кратамі перачытвала і нанова пераасэнсоўвала. Напрыклад, «Майстар і Маргарыта» Булгакава. У складаныя перыяды жыцця Каця заўсёды перачытвае «Майстра» і кожны раз знаходзіць у рамане нешта новае. Прызнаецца, што для яе гэта больш, чым кніга. Дарэчы, на судзе яна цытавала гэты раман у апошнім слове: «Праўду казаць лёгка і прыемна».

Кнігі Джорджа Оруэла «1984».
Фота: «ЯНУШКЕВІЧ» Выдавецтва / Вконтакте

З перачатынага і пераасэнсаванага ўзгадаем таксама «Калымскія апавяданні» Варлама Шаламава, «У крузе першым» і «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына, «1984» Джорджа Оруэла.

«Я ўважліва перачытала «1984» Оруэла. Гэта адзін з тых момантаў, калі адкладаеш кнігу, прачытаўшы, а потым доўга глядзіш у адну кропку. Зусім непараўнальна з успрыманнем гэтага твора ў 17-18 гадоў. Тады яно чыталася, як «разумная фантастыка». Цяпер – кожны абзац пакінуў шнарык на сэрцы… Гэтая кніга адназначна пабіла рэкорд па ступені эмацыйнасці майго ўспрымання», – дзеліцца ўражаннямі Каця.

Таксама яна не раз перачытвала за кратамі зборнікі вершаў Бродскага, Цветаевай, Ахматавай.

Гісторыі
«Як бы ні было дрэнна, перабірай лапкамі». 1000 дзён за кратамі: правілы жыцця журналісткі Кацярыны Андрэевай
2023.08.12 08:10

Падтрымайце Кацю! Лісты, паштоўкі і тэлеграмы можна дасылаць на адрас: Папраўчая калонія №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна 3. Кацярына Андрэеўна Бахвалава.

Саша Гоман

Стужка навінаў