КДК Беларусі арыштаваў маёмасць буйнога бізнесоўца на € 92 мільёны, але сам уласнік збег


Камітэт дзяржкантролю паведаміў пра выкрыццё супрацьпраўнай дзейнасці буйнога бізнесмена і яшчэ шасцёх яго саўдзельнікаў.  Іх вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, легалізацыя злачынных даходаў і ўтойванні выручкі. Прозвішчы не называюцца. 

Падчас ператрусу ў адным з офісаў падазраванага.
Фота: КДК / Telegram / https://t.me/kgk_oficial

17 лютага КДК паведаміў, што сумесна з падатковымі органамі Віцебскай вобласці і пры сілавой падтрымцы АМАП Віцебскага аблвыканкаму спыніў «супрацьпраўную дзейнасць уладальніка шматлікіх абʼектаў нерухомай маёмасці, звязаную з ухіленнем ад выплаты падаткаў і легалізацыяй злачынных даходаў».

Паводле вынікаў праверкі, дзяржкантроль высветліў, што бізнесмен і з дапамогай шасцёх саўдзельнікаў з «мэтай незаконнай мінімізацыі падаткаў» арганізаваў у Наваполацку і Полацку цэлую сетку субʼектаў гаспадарання (трох індывідуальных прадпрымальнікаў і 4 юрыдычных асоб). Яны, як высветліў КДК, прымянялі спецыяльны рэжым падаткаабкладання, а затым «штучна размяркоўвалі паміж сабой атрыманую выручку ад здачы маёмасці». КДК палічыў, што ў выніку прадпрымальнік не даплаціў больш за Br 420 тыс. падаткаў.

Таксама бізнесоўца вінавацяць у тым, што ён вывеў з разліковага рахунку прадпрыемства і абнаявіў праз асабісты карт-рахунак Br 3,4 млн, з якіх не выплачаны падаходны падатак у памеры Br 320 тыс.

КДК таксама лічыць, што бізнесовец учыніў спробу легалізаваць частку даходаў, здабытых злачынным шляхам. Некаторыя арандатары разлічваліся з ім наяўнымі, сумма схаваных даходаў удакладняецца.

У дачыненні да бізнесоўца Наваполацкі міжраённы аддзел упраўлення Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю па Віцебскай вобласці распачаты адразу 3 крымінальныя справы – за ўхіленне ад выплаты падаткаў, за ўхіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў і збораў, і за легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. У офісах і па месцах жыхарства затрыманых праведзены ператрусы.

Паведамляецца аб арышце маёмасці падазраваных на суму не менш як € 92 мільёны. У спісе арыштаванай маёмасці 68 абʼектаў нерухомасці агульнай плошчай больш за 107 тыс. кв. м. Сярод іх 24 гандлёвыя цэнтры, катэджы, кватэры і аўтамабілі люксавага сегмента.

ОНТ называе гэтага чалавека ўласнікам маёмасці на € 92 млн. Скрыншот з відэа: ont.by

У той жа час, у сюжэце праўладнага тэлеканалу ОНТ паведамляецца, што падазраваны бізнесмен уцёк і знаходзіцца ў Дубаі. Прозвішча падазраванага не называецца, але дэманструецца відэа з сацсетак, на якім паказаны мужчына сярэдніх гадоў за спіной якога бачна мора.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў