Цэнтрвыбаркам паведамляе, што ў Беларусі пачынаецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.
Паводле заканадаўства, вылучаць кандыдатаў у дэпутаты маюць права зарэгістраваныя ў краіне палітычныя партыі (іх засталося чатыры – усе пралукашэнкаўскія), працоўныя калектывы і грамадзяне пры дапамозе збору подпісаў.
Кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можа быць вылучаны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 21 года і пастаянна жыве ў Беларусі. Кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету можа быць вылучаны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў узросту 18 гадоў і жыве або працуе на тэрыторыі мясцовага савету дэпутатаў.
Акрамя таго, у выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў маюць права ўдзельнічаць грамадзяне Расейскай Федэрацыі, якія пастаянна жывуць у Беларусі.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты працягнецца да 15 студзеня 2024 года.
Нагадаем, 20 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога 25 лютага 2024 года будзе адзіным днём галасавання – тады пройдуць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў.
Старт выбарчай кампаніі ў Беларусі суправаджаецца новай хваляй палітычных рэпрэсіяў: сілавікі правялі масавыя ператрусы ў сябраў Каардынацыйнай рады і незалежных назіральнікаў на выбарах-2020. Міліцыя рыхтуецца да разгону масавых пратэстаў.
Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў пазбягаць удзелу ў дзеяннях рэжыму, назваўшы будучую кампанію «рытуалам без сэнсу і справядлівасці». «Я заклікаю вас выказаць нязгоду з выбарчым фарсам – хаця я разумею, што ва ўмовах тэрору бяспечных спосабаў супраціву амаль не засталося», – падкрэсліла яна.
Глеб Нержын belsat.eu