У Швецыі зацікавіліся звязанымі з Лукашэнкам бізнесоўцамі. Яны, імаверна, дапамагаюць Расеі абыходзіць нафтавыя санкцыі


Увагу ўладаў прыцягнуў танкер «Zircone» каля шведскага вострава Готлянд на Балтыцы. Тэлеканал SVT сцвярджае, што гэтае судна перапампоўвае расейскую нафту наўпрост у моры. Такая схема дапамагае Маскве абыходзіць санкцыі – цэнавы максімум на сыравіну. Танкерам валодаюць бізнесоўцы, якія раней гандлявалі беларускімі падсанкцыйнымі нафтапрадуктамі.

Танкер «Zircone».
Фота: Aart van Bezooijen / vesselfinder.com

Танкер «Zircone» цягам некалькіх месяцаў перапампоўвае нафту для расейскага гэтак званага ценявога флоту, які дапамагае Маскве абыходзіць вызначаную цэнавую столь на расейскую сыравіну. Яе пераганяюць з судна на судна наўпрост у моры, змешваючы з нафтаю з іншых краінаў, падрабляюць дакументы – і сыравіна нібыта перастае быць расейскай, таму прадаваць яе можна вышэй за $60 за барэль.

Танкер «Zircone» знаходзіўся недалёка ад шведскага вострава Готлянд у Балтыйскім моры, калі перапампоўваў нафту. Уладальнік судна – латвійская кампанія «Fastbunkering», ейны генеральны дырэктар – расеец, які жыве ў Латвіі, Аляксей Волкаў. А ўладальнікі фірмы – грамадзянін Латвіі Аляксей Чулец і Сяргей Пастэрс, які мае грамадзянства Расеі і Мальты. Яны шмат гадоў працуюць у нафтавай галіне, валодаюць эстонскім портам Пальдыскі. Акрамя таго, ім належаў рыжскі тэрмінал «B.L.B Baltijas terminals». Праз яго Беларусь шмат гадоў экспартавала нафтапрадукты ў трэція краіны.

Як паказала раней сумеснае расследаванне «Белсату», цэнтру журналісцкіх расследаванняў «Re: Baltica» і выдання Delfi.ee, у красавіку 2021 года Чулец і Пастэрс прадалі «B.L.B Baltijas terminals» беларускай кампаніі «БелКазТранс», якая да снежня 2020 года належала беларускаму бізнесоўцу Мікалаю Вараб’ю – галоўнаму беларускаму нафтавіку, набліжанаму да Лукашэнкі.

Праз фірму «БелКазТранс» Варабей быў звязаны з эстонскай кампаніяй «Merktrans» – менавіта яна з канца 2020 года перавозіла беларускія нафтапрадукты ў Эстонію для далейшага экспарту.

У «Merktrans» запэўнівалі, што транспартавалі толькі тыя нафтапрадукты, якія не трапілі пад абмежаванні. Аднак выглядае, што мытныя коды ў дакументах фальсіфікавалі, і замест санкцыйных прадуктаў пазначаўся код легальных тавараў кшталту бензолу або нафталіну.

Расследaванні
Як Беларусь абыходзіць санкцыі з дапамогай партнёраў алігарха Вараб’я
2022.02.01 17:10

Латвійская кампанія «Fastbunkering», якой належыць танкер, што прыцягнуў цяпер увагу, мае даччыную фірму «NT Bunkering», зарэгістраваную ў Эстоніі. У мясцовай пракуратуры пацвярджаюць, што дзейнасць гэтай арганізацыі прыпыненая з лета мінулага года ў звязку з расследаваннем аб парушэнні санкцыяў супраць расейскіх нафтапрадуктаў шляхам фальсіфікацыі мытных кодаў.

Кіраўнік «Fastbunkering» Волкаў сцвярджае, што сыравіна, перапампаваная танкерам «Zircone», мела не расейскае паходжанне. Ён таксама заявіў, што рады расследаванню, якое плануюць правесці ўлады.

«Яны адкінуць усе падазрэнні ў адрас нашай кампаніі, што распаўсюджваюцца ў медыях», – сказаў бізнесовец.

Цяпер адразу некалькі шведскіх ведамстваў заняліся гісторыяй танкера. Праверку ў дачыненні «Fastbunkering» таксама анансавала МЗС Латвіі.

Адзін з варыянтаў блакавання ценявога флоту, што дапамагае Расеі, спасылка на жорсткія экалагічныя патрабаванні суднаходства ў Балтыйскім моры. Звычайна танкеры, якія задзейнічаныя ў шэрых схемах з расейскай нафтаю, старыя і зношаныя.

Hавiны
БРЦ даведаўся, як Беларусь з дапамогай фоташопу абыходзіць санкцыі Еўразвязу
2024.03.26 19:09

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў