Змяшалі разумныя словы, а руху наперад няма. Як у Беларусі рыхтуюць Экалагічны кодэкс


2 кастрычніка ў Беларусі скончыліся грамадскія абмеркаванні праекту Канцэпцыі Экалагічнага кодэксу. Ідэя стварэння такога дакументу добрая, але рэалізацыя выклікае шмат пытанняў, кажуць эколагі. Ёсць нават сумневы ў мэтазгоднасці ўсяго пачынання.

экалогія
Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

У ідэале павінен з’явіцца кодэкс з навацыямі, якія адпавядаюць найлепшым прагрэсіўным практыкам.

«Усе нормы апынуліся б у адным месцы, паняцці ўніфікаваныя, супярэчнасці выключаныя, і працаваць з такім дакументам было б значна зручней, чым шукаць розныя палажэнні ў спецыяльных законах, падзаконных актах і прынятых у іх развіццё інструкцыях і палажэннях», – адзначае «Экадом».

Аднак, як вынікае з канцэпцыі, гэта будзе не нешта новае, а дакумент, падобны да Экалагічнага кодэксу Расеі і Мадэльнага экалагічнага кодэксу для краін-удзельніц СНД. З’явяцца нібыта новыя тэрміны з прыстаўкай «эка», напрыклад, «экалагічнае заканадаўства». Пры гэтым не тлумачыцца, што гэта азначае.

Эколагі лічаць, што Канцэпцыя не раскрывае нават мэтаў прыняцця кодэксу.

«З апісання асобных раздзелаў і частак вынікае, што многія праваадносіны па-ранейшаму будуць рэгулявацца спецыяльным заканадаўствам, а механізмы рэалізацыі асобных правоў будуць, як і раней, рэгулявацца падзаконнымі актамі. У выніку замест яснасці і празрыстасці грамадзяне атрымаюць змешванне ад 10 да 20 розных законаў, максімальна скарочаных для мэтаў памяншэння выніковага тэксту, і кожны з якіх па-свойму добры. А ў прыдачу да іх – пералік падзаконных актаў, якія пашыраюць, дапаўняюць і ўдакладняюць сутнасць», – працягвае «Экадом».

Разбор
Кажаны ў доме. Што рабіць, калі з вамі пасяліліся незвычайныя суседзі
2023.09.03 10:31

Паводле экспертаў, Канцэпцыя не раскрывае, якім чынам будзе развязвацца пытанне супярэчнасцяў у цяперашнім заканадаўстве. Таксама ў Канцэпцыі прэзентаваны не аналіз, а вельмі павярхоўны агляд заканадаўства замежных дзяржаваў, які не адлюстроўвае сучасных кірункаў развіцця.

«У нас ёсць цалкам абгрунтаваная асцярога, што пры кампіляцыі нормаў могуць выпадкова згубіцца палажэнні аб правах грамадскасці, якіх цяпер і так мала засталося».

Напрыклад, пытанне прыняцця рашэнняў пра ажыццяўленне дзейнасці, якая можа шкодна ўздзейнічаць на навакольнае асяроддзе, у новым Кодэксе таксама не прапрацаванае. Эколагі хацелі б бачыць дакладны механізм з магчымасцю ранняга ўдзелу грамадзянаў у прыняцці экалагічных рашэнняў, празрыстую схему ўзгаднення, наяўнасць адказнага органу і канчатковага рашэння. Але падобна, што застаецца старая схема з мноствам узгадненняў і без канчатковага рашэння, калі незразумела, які орган дазволіў тое ці іншае будаўніцтва ці вытворчасць.

«Мяркуючы паводле Канцэпцыі, дабіцца наўпроставага дзеяння нормаў Экалагічнага кодэксу распрацоўнікам не ўдасца. Па сутнасці яны ўзялі 10-15 дзейных НПА, дадалі словы «зялёная эканоміка» і «экасістэмныя паслугі», запазычылі з заканадаўства РФ нормы аб ліквідацыі назапашанай шкоды навакольнаму асяроддзю, перапісалі некаторыя параграфы з падручнікаў аб экалагічным праве… Пра клімат не ведалі, што пісаць, змяшалі ўсё ў кучу, выкарыстоўваючы нібыта і разумныя словы. У выніку атрымаўся дакумент на 85 старонак, але руху наперад практычна няма», – робіць выснову «Экадом».

Разбор
Чаму шэршні нападаюць на чалавека і ці трэба іх баяцца? Распавядае навуковец
2023.09.02 10:35

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў