Выцек запіс выступу Карпянкова перад спецназам: пра вагнэраўцаў, каліноўцаў і эмігрантаў


З прамовы намесніка міністра ўнутраных справаў вынікае, што Лукашэнка не шкадуе грошай на стварэнне прыватнай арміі добраахвотнікаў, а сам намеснік міністра блытаецца ў тых, каго баіцца Лукашэнка. «Белсат» пераказвае важнае з запісу, які атрымала «Зеркало».

Праверка боегатовасці ў вайсковай частцы 3214
Праверка боегатовасці ў вайсковай частцы 3214. Менск, Беларусь 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: прэс-служба Унутраных войскаў МУС

Выданне «Зеркало» апублікавала пераказ выступу намесніка міністра ўнутраных справаў, былога кіраўніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова, перад выкліканымі на зборы ў вайсковую частку 3214 – там месціцца брыгада спецыяльнага прызначэння Міністэрства ўнутраных справаў. Прамова прагучала, паводле выдання, 18 кастрычніка. «Белсат» пераказвае, што стала вядома з гэтага запісу.

Выкліканым на зборы заплацілі па 140 рублёў

Карпянкоў хваліўся, што Унутраныя войскі «як ніколі» моцныя, падрыхтаваныя і фінансава забяспечаныя, таму ўсім прысутным на зборах – а гэта каля 570 чалавек – раздалі канверты са 140 рублямі, як адзначыў Карпянкоў, «новымі купюрамі». Таксама Карпянкоў абяцаў, што на зборах выдадуць не звычайны, а «сувенірны і нетрадыцыйны» паёк, які можна будзе забраць дамоў.

Крыніца выдання «Зеркало» пацвердзіла, што грошы потым сапраўды выдалі, хоць людзям на іншых зборах такіх выплатаў не рабілі.

Унутраныя войскі вучацца ў баевікоў групы Вагнэра

Карпянкоў анансаваў, што ў праграме збораў – заняткі з інструктарамі расейскай групы Вагнэра і з тымі, каго вагнэраўцы рыхтавалі. Абяцалі заняткі ў памяшканні, «каб не захварэлі»: агнявую і медычную падрыхтоўку, тактыку малых групаў, падгонку рыштунку. Таксама на зборах, казаў Карпянкоў, збіраліся здымаць прапагандысцкае відэа і зладзіць сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі Аляксандрам Вальфовічам. Баевікі групы Вагнэра, казаў Карпянкоў, абяцалі ваяваць «за тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь» і бараніць яе ад «беглых» (так Карпянкоў, імаверна, называе палітычных уцекачоў і эмігрантаў з Беларусі, іх колькасць ацэньвае ў 350 тысяч чалавек).

Па словах Караянкова, баевікі групы Вагнэра правялі навучанне 710 сілавікоў з Беларусі у ліпені-верасні, з 18 кастрычніка пачалі навучанне яшчэ 320 афіцэраў з Унутраных войскаў, да Новага года збіраюцца правесці яшчэ адны такія зборы. Рыхтавалі снайпераў, гранатамётчыкаў і мінамётчыкаў, таксама праз гэтыя зборы прайшлі «ўсе нашыя медыкі».

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Баевікі групы Вагнэра (узброенага фармавання, незаконнага нават паводле расейскіх законаў) прыехалі ў Беларусь на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі пасля няўдалай спробы мяцяжу пад кіраўніцтвам Яўгенія Прыгожына. Лукашэнка даваў гарантыі бяспекі і самаму Прыгожыну, ды той не ўвесь час заставаўся ў Беларусі – і загінуў у небе над Расеяй. Некаторыя баевікі пасля гэтага засталіся ў Беларусі.

Лукашэнка спадзяецца на прыватную армію добраахвотнікаў

Паводле Карпянкова, Лукашэнка лічыць сваім асабістым «рэзервам» фармаванні добраахвотнікаў з тых, хто служыў у Сілах спецыяльных аперацыяў і Унутраных войсках, «сам будзе вызначаць задачы». Пры тым Лукашэнка, па словах Карпянкова, улічвае няўдалы досвед расейскай мабілізацыі на вайну ва Украіне. Раней Карпянкоў таксама казаў, што новыя атрады спецназу будуць улічваць досвед савецкага НКВД.

Аналітыка
Рэжым Лукашэнкі застаецца нестабільным. Тры сцэнары зменаў у Беларусі
2023.10.20 18:13

Спецназ збіраюцца ўзмацняць. Карпянкоў назваў такія лічбы: фармуюць новыя падраздзяленні на 70 чалавек у Горадні, Берасці, Астраўцы і Гомлі; у новым «антыдыверсійным» атрадзе «Смерч» каля 300 чалавек «асноўных» і 150 «запасных», у памежным падраздзяленні «Рысь» 200–300 чалавек, агулам у такіх новых падраздзяленнях – каля 1500 «мабільных, падрыхтаваных і добра абсталяваных» байцоў. Лукашэнка год таму ставіў задачу «калі чаго не хапае, даўкамплектаваць» такія падраздзяленні, на 2024 год урад даў на іх дадатковае фінансаванне. Суму ён назваў неразборліва, але «Зеркало» мяркуе, што гаворка была пра 27 мільёнаў рублёў.

Унутраным войскам, пахваліўся Карпянкоў, нядаўна закупілі беспілотнікі і навучылі працаваць з імі, ужо ёсць каля 690 дронаў-камікадзэ. Таксама за апошні месяц Унутраныя войскі атрымалі дадатковыя 30 бронемашынаў з буйнакалібернымі кулямётамі.

Карпянкоў не арыентуецца ў тых, каго баіцца Лукашэнка

На думку Карпянкова, яшчэ існуе батальён імя Кастуся Каліноўскага (які стаў палком у траўні 2022 года), «тактычная група Тэрарыст» (магчыма, маецца на ўвазе батальён «Тэрор», які ў мінулым жніўні выйшаў са складу палка Каліноўскага) і тактычная група «Белая Русь» (імаверна, маецца на ўвазе тактычная група «Беларусь», якая існавала ў 2015–22 гадах і перарасла ў батальён, затым полк Каліноўскага).

Гэтыя падраздзяленні, па словах Карпянкова, нібыта плануюць учыніць тэракты на памежжы, захапіць нейкі горад, узяць закладнікаў, пачаць пасля гэтага вызваленчы паход на Беларусь або ўчыніць нейкія правакацыі дзеля развязвання лакальнага канфлікту ў польска-літоўскім памежжы. А ў час выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, запланаваных на люты 2024 года, Карпянкоў не выключае нейкіх дзеянняў з боку харугваў «Паспалітага рушэння» з Польшчы і Літвы.

Карпянкоў таксама казаў, што ад прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерыя Сахашчыка і ад заснавальніка палка «Пагоня» Валерыя Пракоп’ева гучалі нейкія такія заклікі, але ўжо «сышлі на не». Што праўда, гэтым летам Пракоп’еў казаў, што «варыянт сілавога вызвалення Беларусі звонку немагчымы». Сахашчык жа па-ранейшаму дапускае сілавы варыянт, але хоча, каб усё скончылася не «вайной беларусаў з беларусамі», а перамовамі.

Hавiны
КДБ апавёў пра «дыверсантаў СБУ» ў Беларусі: шасці асобам пагражае смяротная кара
2023.09.12 11:34

Карпянкоў таксама распавёў, што нядаўна, у тым ліку 14–15 кастрычніка, затрымлівалі «групы тэрарыстаў каля схованак, дзе яны бралі выбухоўку і зброю», і «замежных эмісараў, якія прыехалі сюды з грашыма» (у афіцыйнай прапагандзе такога не распавядалі).

Бронекамізэлькі спецназу небяспечныя для саміх байцоў

Сярод іншага Карпянкоў хваліўся закупкай пяці тысяч новых бронекамізэлек, «як у ПВК Вагнэра». Ён растлумачыў, што ў старых бронекамізэльках «аўтамат пакласці не можаш, проста не зводзяцца рукі». Паводле Карпянкова, 16 кастрычніка адзін баец атрымаў раненне, бо «бронекамізэлька павярнулася ў гэтай сітуацыі», баец прастрэліў сабе лапатку. Пра такі інцыдэнт раней нідзе не паведамлялася.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў