Аліну Коўшык усё ж могуць пусціць у Каардынацыйную раду: выбарчая камісія расказала, як


Выбарчая камісія ў Каардынацыйную раду 26 красавіка апублікавала спісы выбарчых суб’ектаў. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык у гэтых спісах не знайшла сябе. Выбарчая камісія растлумачыла, што рабіць.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Аліна Коўшык адказвае на пытанні чальцоў Каардынацыйнай рады падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета Варшаве, Польшча. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Аліна Коўшык вечарам 25 красавіка расказвала на Facebook, што яе не ўключылі ў выбарчы спіс «Еўрапейскі выбар» з фармальнай прычыны: яна падала не такое прозвішча, як пазначана ў пашпарце, бо там падвоенае прозвішча. Коўшык тлумачыла, што падвоеным прозвішчам проста не карыстаецца ў публічнай прасторы, ужо шмат гадоў выступае пад прозвішчам Коўшык, а пад падвоеным яе не ведаюць.

За перагляд рашэння пачалі збіраць подпісы ў інтэрнэце, на момант публікацыі набралі 143.

Каардынацыйная рада паведаміла днём 27 красавіка, што Выбарчая камісія накіравала Коўшык адказ і выслала пытанні, на якія трэба адказаць для перагляду. У выпадку несупадзення пададзеных звестак з пазначанымі ў дакументах прасілі пазначыць імя і прозвішча, якое хочацца бачыць у выбарчым спісе, а ў дужках – імя і прозвішча паводле ідэнтыфікацыйнага дакументу.

Коўшык хацела трапіць у спіс «Еўрапейскі выбар», у якім першым нумарам ідзе Аляксандр Дабравольскі, старэйшы палітычны дарадца офісу Святланы Ціханоўскай. Гэта адзін з 12 спісаў, за якія змогуць прагаласаваць беларусы.

Hавiны
Сталі вядомыя спісы кандыдатаў у Каардынацыйную раду
2024.04.26 22:15

А ўраду можна ў парламент?

Яшчэ адзін спіс узначальвае іншы прадстаўнік Кабінету – Павел Латушка, які аб’яднаўся з рухам «За свабоду». Таксама свой спіс мае былы прадстаўнік Кабінету Аляксандр Азараў. Прадстаўнік Кабінету Валерый Сахашчык нядаўна выступаў разам з Андрэем Ягоравым і Вадзімам Пракоп’евым на нечым падобным да перадвыбарчага туру, але ў іхны спіс не ўвайшоў.

Дзейны Статут не дазваляе дэлегатам Каардынацыйнай рады быць чальцом Аб’яднанага пераходнага кабінету ці ягоным намеснікам з правам голасу. Гэта аналагічна таму, як у шэрагу краінаў нельга сумяшчаць пасады ў парламенце і ўрадзе.

Што рабіць, калі прадстаўнікоў АПК выберуць у КР, у дакументах КР знайсці не ўдалося. Старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька растлумачыла «Белсату», што палажэнне аб выбарах не забараняюць чальцу АПК удзельнічаць у выбарах, а канфлікт інтарэсаў, які можа ўзнікнуць у выніку выбрання, мае вырашаць ужо Каардынацыйная рада.

Новы склад Каардынацыйнай рады маюць выбраць праз онлайн-галасаванне 25–27 траўня. Галасаваць прапануюць не за асобаў, а за спісы – як на парламенцкіх выбарах у шэрагу краінаў. Вынікі выбараў маюць абвясціць 8 чэрвеня, першае паседжанне новага склікання КР плануюць правесці 15 чэрвеня. У выбарах, якія зладзяць праз інтэрнэт, змогуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі як на тэрыторыі краіны, так і ў эміграцыі.

Меркаванне
Адкрыты ліст Аляксандра Мілінкевіча чальцам Каардынацыйнай рады
2024.04.18 20:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў