Прэс-сакратар Пуціна назваў «пустой» заяву аб тым, што Пуцін не загадваў забіваць Навальнага


Дзмітрый Пяскоў, магчыма, хацеў проста зняважліва выказацца пра публікацыю «The Wall Street Journal». Але фразу, якую перадала дзяржаўнае «РИА Новости», можна трактаваць як абурэнне апраўданнем злачынцы.

Дзмітрый Пяскоў
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў падчас расейска-эфіопскіх перамоваў. Санкт-Пецярбург, Расея. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: Kremlin.ru

Амерыканская газета «The Wall Street Journal» са спасылкай на амерыканскіх выведнікаў напісала, што Уладзімір Пуцін наўрад ці аддаваў непасрэдны загад забіць зняволенага апазіцыянера Аляксея Навальнага.

Навальны памёр у няволі 15 ці 16 лютага 2024 года. Незадоўга да смерці ён выступаў на судзе і выглядаў бадзёрым, хоць і быў сасланы ў суворую калонію на скрайняй поўначы.

Расейскі праваабарончы праект Gulagu.net распавёў, што мае звесткі пра магчымае выкарыстанне гвалту ў дачыненні Навальнага. Журналіст-расследавальнік Хрыста Грозэў выказаў здагадку, што Навальнага ў вязніцы маглі паўторна атруціць «Навічком». Цела нябожчыка аддалі сваякам толькі на дзявяты дзень.

Многія – ад паплечнікаў памерлага да прэзідэнта Злучаных Штатаў – называлі Пуціна персанальна адказным за смерць Навальнага. Але, як піша «The Wall Street Journal», амерыканскія выведнікі прыйшлі да высновы, што Пуцін не аддаваў непасрэднага загаду забіць Навальнага і не планаваў забойства ў канкрэтную дату, хоць і нясе адказнасць за яго смерць.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў так пракаментаваў публікацыю 27 красавіка:

«Я бачыў гэты матэрыял, я б не сказаў, што гэта матэрыял высокай якасці, які заслугоўвае нейкай увагі. Гэта такія вельмі, я б сказаў, пустыя разважанні. Мабыць, падкінулі для суботняга чытва для сусветнай аўдыторыі».

Гэта можна трактаваць па-рознаму, у тым ліку як падтрыманне версіі аб непасрэдным загадзе Пуціна забіць апанента. Але што напраўду мелася на ўвазе, расейскія дзяржаўныя медыі не тлумачаць. Сам Пуцін раней заяўляў, што збіраўся абмяняць Навальнага на «некаторых людзей» у заходніх турмах.

Аляксея Навальнага пахавалі ў Маскве 1 сакавіка, труну апусцілі ў зямлю пад музыку з фільму «Тэрмінатар 2». За акцыі памяці Навальнага каралі ў Расеі і нават у Беларусі. Удава Навальнага абяцала працягнуць ягоную справу.

Агляд
«Пакуль трэба не здавацца». Памёр Аляксей Навальны. Якім быў шлях расейскага апазіцыянера
2024.02.16 16:33

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў