Абарона Адэсы. Сілы няроўныя, як і 82 гады таму. Тады Румынія і Нямеччына, цяпер Расея

Бітва за Адэсу, хутчэй за ўсё, увойдзе ў гісторыю як адная з самых знакавых, што паўплывалі на ўсю далейшую хаду вайны. Як у свой час Сталінградская ды Курская бітвы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на Спаса-Праабражэнскі сабор УПЦ пасля расейскага ракетнага ўдару па Адэсе, у выніку якога адная асоба загінула і дваццаць дзве атрымалі раненні. Адэса, Украіна. 24 ліпеня 2023 года.
Фота: Ercin Erturk / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Некалькі дзён расейскія войскі бамбуюць Адэсу, горад, які яны пры гэтым называюць расейскім. Супала ўсё – і задача знішчыць партовую інфраструктуру гораду, каб немагчыма было аднавіць працу збожжавага калідору, і задача знішчыць самую «жамчужыну ля мора».

Яны нарэшце зразумелі, што страцілі яе назаўжды. У свой час раўнялі з зямлёй Марыупаль, але там яшчэ не было разумення. Былі толькі стратэгічныя планы. Калі б тады расейцам удалося захапіць узбярэжжа ад Марыупалю да Адэсы, то яны б атрымалі кантроль над Азоўскім і Чорным морамі. Адэскі порт даваў ім магчымасць выйсці ў Прыднястроўе і Малдову. Адэса закрывае сабой Чорнае мора. Таму яна ад самага пачатку была ім патрэбная. Таму і ўдзёўбвалі ў галовы сваіх суайчыннікаў, што нібыта тэрыторыі ад Харкава да Адэсы ёсць спрадвечна расейскімі землямі.

Фота
Расейская ракета разбурала галоўны праваслаўны храм Адэсы. Яго асвячаў патрыярх Кірыл
2023.07.23 09:18

Гэта бальшавікі Адэсу і Кіеў увесь час называлі расейскімі гарадамі, бо іхныя планы былі скіраваныя на эканамічныя і культурныя цэнтры, а гэтыя гарады якраз і былі такімі цэнтрамі. Што да Адэсы, то яна ўпершыню згадваецца ў ХV стагоддзі як крэпасць, што пераходзіла з рук у рукі. Сама Адэса была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а потым у складзе Турэцкай імперыі. У антычную эпоху на яе месцы былі грэцкія паселішчы.

Так, указ аб заснаванні Адэсы выдала Кацярына II, але што гэта было на самой справе? Яна ж нічога не засноўвала. Даслала туды расейскі вайсковы гарнізон, які прыйшоў у крэпасць, пабудаваную задоўга да гэтага. Цяпер бы такое назвалі рэйдарскім захопам.

Цяперашняе бамбаванне Адэсы – гэта ўжо не тая сітуацыя, што была з Марыупалем. Цяпер відавочна, што ў свядомасці агрэсараў адбыўся пералом. Цяжка паверыць, што траплянне снарада ў самае сэрца храму – у алтар – выпадковасць. Свята-Праабражэнскі храм Адэсы быў вельмі светлым, як супрацьлегласць тым змрочным чорным храмам, што будуюць цяпер Шайгу з Пуціным у Расеі. Цяжка таксама паверыць, што і траплянні па архітэктурных і гістарычных помніках у турыстычным цэнтры Адэсы таксама выпадковыя.

З гэтага часу для іх усе любімыя адэскія пісьменнікі, сатырыкі, артысты, кіно – сталі часткай чужой культуры і яе не шкада. Пералом у свядомасці зведалі не толькі агрэсары. Ён адбыўся і ў галовах тысяч гараджанаў, якія пасля таго пажару 2 траўня шмат спрачаліся і нават падзяліліся на супрацьлеглыя ідэйныя групы. Але разбіраць завалы прыйшлі ўсе і ўжо ніхто нават не ўзгадваў тых супярэчнасцяў. Разбурэнне дарагіх для кожнага адэсіта і проста нармальнага чалавека будынкаў паставіла тоўстую кропку ў гэтым дыялогу супрацьлеглых сілаў. Самі адэсіты сталі казаць пра гэта. Але як казаць! Расейская мова стала выдаляцца ў мінулае з хуткасцю цягніка, што набірае абароты. На ўкраінскай загаварылі нават тыя, якія казалі яшчэ зусім нядаўна, што яны размаўляюць не на расейскай, а на «адэскай». Хочацца верыць, што ўкраінская ў іх таксама будзе з часам такой жа каларытнай, як адэская расейская. Але гэта, вядома, у тым выпадку, калі будзе дзе і каму ёй размаўляць.

Пакуль на Адэсу ляцяць дроны, крылатыя і балістычныя ракеты, ракеты наземнага і паветранага базавання, ракеты з надводных караблёў і субмарынаў. Сістэма СПА перагружаная і не дае рады. Фатаграфіі інтэрактыўных мапаў паветранай сітуацыі падчас нападаў на Адэсу паказваюць, што ваколіцы гораду – гэта дзясяткі мішэняў. Мала таго, што гэтых мішэняў шмат, дык яшчэ ж па іх і бʼюць з розных кірункаў, на рознай вышыні і з рознай хуткасцю. Збіць атрымоўваецца далёка не ўсё. СПА больш удала спраўляецца з «калібрамі» і дронамі, але высакахуткасныя «оніксы» прарываюцца без асаблівых праблемаў. Спецыялісты гавораць, што С-300 мае мноства мадыфікацыяў. Адныя з іх могуць знішчыць «Онікс», а іншыя – не. Сёння там не стае і саміх гэтых сістэмаў і боепрыпасаў.

За час вайны Украіна выдаткавала велізарную колькасць ракетаў як для С-300, так і для іншых сістэмаў. Дэфіцыт боепрыпасаў цяпер ужо тычыцца не толькі палявой артылерыі, але і СПА. А ёсць яшчэ і Х-22, іх увогуле тыя сістэмы СПА, што мае Адэская вобласць, збіць не могуць. Вядома, ёсць недзе ў стэпе нямецкія «гепарды», ёсць польскія ракетныя сістэмы С-125, але гэтага відавочна не стае для адбіцця атак. Нават інавацыйны «Iris-T» кардынальна паўплываць на сітуацыю не можа.

Здаецца, відавочна ўсім, у тым ліку і заходнім палітыкам, што стратэгічна расейскія акупанты імкнуцца знішчыць партовую інфраструктуру вялікай Адэсы, каб стала немагчыма аднавіць працу збожжавага калідору. Калі раней Пуцін мусіў на яго пагаджацца, бо баяўся страціць падтрыманне Эрдагана (а перамога на выбарах у Турцыі новага прэзідэнта магла азначаць паляпшэнне адносінаў Турцыі з Захадам), то цяпер сітуацыя змянілася. Акрамя таго, раней Пуцін мог баяцца абвінавачванняў прэзідэнтаў афрыканскіх краінаў у выпадку надыходу там голаду.

Цяпер у цэнтры інтарэсаў Крамля толькі вайна з Украінай і Захадам. Ну, а голад менш за ўсё хвалюе Расею. Яна заўсёды яго выкарыстоўвала ў сваіх мэтах. Ды што там Афрыка! Можна ўзгадаць Галадамор у самім СССР і палітыку тагачасных крамлёўскіх кіраўнікоў.

Хто сёння дапаможа Украіне? 15 верасня завяршаецца тэрмін абмежаванняў, накладзеных Еўракамісіяй на пастаўкі ўкраінскай аграпрадукцыі. Што пры гэтым робяць кіраўнікі краінаў Цэнтральнай Еўропы? Яны яшчэ раней у супольным звароце заклікалі да іх падаўжэння. Значыць, для ўкраінскага аграсектару будзе занадта цяжкая сітуацыя. А хіба не гэтага дабіваецца Пуцін? Няўжо ён не планаваў цалкам знясіліць украінскую эканоміку?

Колькі спатрэбіцца часу, каб заходнія палітыкі зразумелі, што менавіта ў гэтым месцы цяпер будзе вызначацца вынік гэтай жудаснай вайны?

Мне здаецца, занадта шмат паказвае на тое, што бітва за Адэсу, хутчэй за ўсё, увойдзе ў гісторыю як адная з самых знакавых, што паўплывалі на ўсю далейшую хаду падзеяў на ваенным тэатры. Як у свой час Сталінградская ды Курская бітва. Хто, як не Захад, можа сёння дапамагчы Украіне спыніць расейскую агрэсію і вызваліць акупаваныя тэрыторыі? Хто дапаможа аднавіць міжнароднае права і даць гарантыі бяспекі? Калі, нарэшце, усе без выключэння зразумеюць, што кожны новы дзень вайны пагражае людской цывілізацыі новымі войнамі? І ўсё гэта – пра Адэсу. Бо ўсё гэта вызначаецца там і цяпер.

Агляд
Расея бамбіць музеі, якія расказваюць і пра іх культурную спадчыну
2023.07.21 20:55

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў