«Беларуськалій», «Белгазпрамбанк», БЧ. Пад санкцыі Украіны трапілі 23 беларускія кампаніі


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўхваліў санкцыі супраць 23 беларускіх прадпрыемстваў. Сярод іх – «Беларуськалій», «Белгазпрамбанк», Беларуская чыгунка, Гомельскі хімічны завод, «Лакафарба». Адпаведны ўказ апублікавалі на сайце кіраўніка Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: rw.by

У вечаровым відэазвароце 28 студзеня Уладзімір Зяленскі паведаміў пра ўвядзенне санкцыяў супраць юрыдычных асобаў, якіх «дзяржава-агрэсар выкарыстоўвае для транспартавання чыгункаю вайсковай тэхнікі і жаўнераў». Як сказаў украінскі лідар, ён спадзяецца, што такія ж захады прымуць і іншыя краіны.

Усяго ў пераліку 182 прадпрыемствы, у тым ліку 23 беларускія. Іх актывы ва Украіне блакуюцца, маёмасць пойдзе на патрэбы абароны. Таксама забараняюцца любыя гандлёвыя аперацыі з імі, ім не дазваляецца транзіт. Украіна спыняе выкананне фінансавых абавязанняў. Санкцыі будуць дзеяць 10 гадоў.

Пад абмежаванні трапілі:

  • «Беларуськалій»;
  • лізінгавая кампанія «Беларусбанку» «АСБ Лізінг»;
  • Гомельскі хімічны завод;
  • Беларуская чыгунка;
  • транспартна-экспедыцыйнае прадпрыемства Беларускай чыгункі «Белінтэртранс – транспартна-лагістычны цэнтр»;
  • экспартна-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беллесэкспарт»;
  • замежнае ТАА «Кранаспан» з Магілёўскага раёну;
  • беларуска-расейскі «Белгазпрамбанк»;
  • лідская «Лакафарба»;
  • наваполацкае прадпрыемства для транспартавання сыравіны «СГ-Транс»;
  • смаргонскае ТАА «Садружнасць Транс-Агра»;
  • аршанскае ТАА «Грузавая служба-Захад»;
  • менскае ААТ «Прамагралізінг»;
  • менскае ТАА «ЗапТрансЛагістык»;
  • менскае ТАА «Транзіт-Аўта 2003»;
  • берасцейскае ТАА «АлдзіГрад»;
  • менскае ТАА «ЕўраТрансВагон»;
  • ТАА «Ізатэрмічная Лагістыка» з Менскага раёну;
  • менскае ТАА «ПЛМ-Iнавацыi»;
  • менскае ТАА «Рыетуму Лізінг»;
  • менскае ТАА «Рэал-агент»;
  • аршанскае ТАА «Сыравiнныя Рэсурсы-Бел»;
  • замежнае ТАА «Омск Карбон Магілёў» з Магілёўскага раёну.
Hавiны
Украіна ўвяла персанальныя санкцыі супраць некалькіх беларускіх прапагандыстаў
2023.01.15 20:29

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў