Кадравы голад у МУС нікуды не падзеўся. Расследавальнікі зняпраўдзілі словы Кубракова


Нягледзячы на заявы міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова пра тое, што МУС Беларусі не адчувае кадравага голаду, сітуацыя ў ведамстве з працаўнікамі застаецца кепскай. Пра гэта заявіў «Альянс расследавальнікаў Беларусі».

Міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў.
Фота: Дзмітрый Маркаў / sputnik.by

«З даступных дакументаў вядома: сітуацыя з кадрамі ў МУС катастрафічная: як з прафесійным узроўнем працаўнікоў, так і з камплектаваннем у цэлым. Пасля 2020 года адбыўся рэзкі скачкападобны рост звальненняў са службы, наступствы якога сілавікі адчуваюць да гэтага часу. Нармальныя людзі звольніліся з сілавых ведамстваў пасля 2020 года, а неадэкватаў з цяжкасцю хапае для ГУБАЗіКу», – сведчаць расследавальнікі.

Паводле іх, звальненні са службы з ініцыятывы працаўнікоў адбываюцца дагэтуль «у літаральным сэнсе штодня». У выніку чаго кадравы голад, ці неўкамплектаванасць, увесь час павялічваецца.

«Дайшло да абсурду: тым, хто падаў рапарт аб звальненні, адмаўляюць у звальненні. Таму міліцыянты перастаюць выходзіць на службу з мэтай найхутчэйшага звальнення за прагулы», – гаворыцца ў паведамленні.

Hавiны
Звыш 8 тысячаў чалавек папрасіліся летась на службу ў органы МУС
2024.02.29 13:37

Тым часам міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што ў органах МУС няма кадравага голаду. Паводле яго, толькі за 2023 год больш як 8 тысячаў чалавек папрасіліся на працу ў органы ўнутраных справаў.

Пры гэтым міністр дадаў, што 50 % ахвочых адмовілі, бо лічаць, што «якасць павінна быць на самым высокім узроўні, і мы не можам дазволіць, каб у органах унутраных справаў служыў выпадковы чалавек».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў