Зʼявілася сілавое крыло, беларусы – не ізгоі. Франак Вячорка аб працы дэмсілаў у 2022


Упершыню ў дэмакратычнага руху з’явілася сілавое крыло, беларусы не сталі ізгоямі, праблемы ўцекачоў паступова вырашаюцца, беларусы рыхтуюцца да пераменаў. Пра гэта кажа галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў справаздачы аб працы дэмакратычных сілаў Беларусі ў 2022 годзе.

Франак Вячорка. Скрыншот з відэа справаздачы: Youtube / svetlana_tsikhanouskaya

Франак Вячорка адзначыў, што год быў складаны: «Вайна адкінула нас на некалькі крокаў назад на нашым шляху да пераменаў, рэпрэсіі ўзмацніліся, колькасць палітвязняў вырасла амаль удвая. А беларуская незалежнасць аказалася пад пагрозаю». Дарадца Святланы Ціханоўскай прызнаў: шмат чаго не ўдалося сёлета, але і «ёсць чым ганарыцца». Вячорка назваў 10 важных сёлетніх дасягненняў у дзейнасці дэмакратычных сілаў Беларусі.

Адбылася перазагрузка дэмакратычных сілаў. У жніўні Святлана Ціханоўская склікала канферэнцыю новай Беларусі, быў створаны Абʼяднаны пераходны кабінет, куды ўвайшлі прадстаўнікі асноўных палітычных груп і сілаў. Завяршаецца перафарматаванне Каардынацыйнай рады, куды ўвойдуць 115 прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў.

Створаная прававая кааліцыя. Асноўныя палітычныя групы і прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў абʼядналіся, каб выпрацоўваць супольныя пазіцыі, збіраць доказы злачынстваў рэжыму і больш эфектыўна выкарыстоўваць міжнародныя прававыя інструменты для ўзнаўлення законнасці ў Беларусі.

Беларусы ва Украіне змаглі атрымаць дапамогу. Тыя, хто выехаў у Польшчу, змаглі атрымаць візы і віды на жыхарства. Хто застаўся ва Украіне – ім разблакавалі банкаўскія рахункі і шмат каму працягнулі дазвол на жыхарства. «Безумоўна, праблемаў яшчэ шмат, але яны паступова вырашаюцца», – падкрэсліў Вячорка.

Беларусь засталася на міжнародным парадку дня. Сотні інтэрв’ю і публікацыяў у замежных медыях, сустрэчы Святланы Ціханоўскай на найвышэйшым міжнародным ўзроўні дапамаглі скарэктаваць стаўленне да беларусаў. Супраць беларусаў не ўводзілі візавага бану, студэнты працягнулі навучанне за мяжою.

У дэмакратычнага руху ўпершыню зʼявілася сілавое крыло. З пачатку вайны ва ўсёй краіне адбылося больш за 80 партызанскіх акцыяў, а беларускія добраахвотнікі ва Украіне стварылі свае фармаванні.

Захаваная скансалідаваная пазіцыя Захаду адносна Беларусі. Дэмакратычны свет не прызнае Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам і працуе са Святланай Ціханоўскай як з абранай лідаркай беларускага народу. Захад працягвае настойваць на вызваленні палітвязняў і правядзенні свабодных выбараў. Таксама павялічылася дапамога грамадзянскай супольнасці і незалежным медыям.

Створаная платформа для супрацы палітыкаў і грамадзянскай супольнасці. Правялі канферэнцыі з дваровымі ініцыятывамі, з арганізацыямі, якія дапамагаюць палітвязням. Шмат хто змог атрымаць дапамогу на сваю дзейнасць.

Прэзентаваны праект Канстытуцыі і шэрагу рэформаў. Гэтыя дакументы дапамогуць беларусам хутка прайсці транзітны перыяд, захаваць дабрабыт і аднавіць стабільнасць.

Упершыню ЕК вылучыла сродкі на падтрыманне беларускай культуры і адукацыі. Падтрымалі беларусацэнтрычныя нефармальныя адукацыйныя ініцыятывы дыяспары і онлайн-адукацыю для школьнікаў унутры краіны. Сотні студэнтаў і маладых навукоўцаў атрымалі стыпендыі для працягу навучання і працы.

Запушчаная інфармацыйная кампанія супраць акупацыі Беларусі і супраць удзелу беларускіх войскаў у вайне. Так, праект «Беларускі Гаюн» збірае звесткі пра перамяшчэнне расейскіх войскаў. А сотні відэаролікаў на ўсіх платформах зняпраўджваюць фэйкі расейскай і лукашэнкаўскай прапаганды.

«Сёння мы не можам дакладна сказаць, калі пачнуцца перамены. Але калі пачнуцца, то будуць адбывацца вельмі хутка, і патрэбна быць да гэтага добра падрыхтаванымі. Не губляць адзінства, расказваць свету пра Беларусь. Мы зробім усё магчымае, каб вызваліць палітвязняў з палону, а кожны, хто вымушана выехаў, каб змог вярнуцца дадому», – падсумаваў справаздачу Франак Вячорка.

Падрабязней на відэа:

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў