Нацыянальная паліцыя Украіны валодае інфармацыяй пра магчымых замаўляльнікаў забойства Паўла Шарамета


Яшчэ ў снежні 2020 года Нацыянальная паліцыя Украіны пры дапамозе Службы вонкавай выведкі Украіны атрымала інфармацыю, якая можа дапамагчы знайсці замоўнікаў забойства журналіста Паўла Шарамета.

Прэс-рэліз Нацпаліцыі быў распаўсюджаны пасля таго, як Беларускі народны трыбунал апублікаваў аўдыязапіс нарады, якая прайшла 11 красавіка 2012 года, імаверна, у кабінеце старшыні КДБ. Падчас гутаркі чалавек з голасам, падобным да голасу тагачаснага кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава, абмяркоўвае з прадстаўнікамі спецназу «Альфа» аперацыі супраць апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за мяжой. У тым ліку абгаворваецца магчымая ліквідацыя Паўла Шарамета.

Паводле Нацпаліцыі, дакументы і аўдыязапісы, апошнія з якіх датаваныя 2012 годам, ужо перададзеныя следству і ўяўляюць цікавасць для пошуку замоўнікаў забойства.

«Фрагменты інфармацыі, даступнай следству Нацыянальнай паліцыі, былі апублікаваныя ў інтэрнэце. Невядомыя абмяркоўваюць забойства журналіста Паўла Шарамета ў апублікаваных запісах. У прыватнасці, падкрэсліваўся варыянт атручвання з ужываннем таксічных рэчываў, а таксама падрыву. На дадзены момант следства Нацыянальнай паліцыі атрымала дазвол на правядзенне следчых дзеянняў у адной з еўрапейскіх краін. Акрамя таго, адказны за перададзеную інфармацыю быў запрошаны для правядзення неабходных следчых дзеянняў», – адзначаюць у Нацпаліцыі.

Нагадаем, Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у ягоным аўтамабілі спрацавала бомба. У снежні 2019 года ўкраінскія праваахоўнікі ўпершыню назвалі імёны падазраваных у справе аб забойстве Шарамета: гэта сяржант Сілаў спецыяльных аперацыяў Андрэй Антоненка, вайсковы медык Яна Дугар і валанцёрка Юлія Кузьменка. Падазраваныя заяўляюць аб недатычнасці да забойства.

Сярод іншых версіяў забойства Шарамета абмяркоўваўся і «беларускі след». Суаўтарка расследавання забойства Паўла Шарамета, журналістка праекту «Hromadske.tv» «Слідство.Інфо» Ганна Бабінец распавядала «Белсату», што, паводле непацверджанай інфармацыі, жанчына, якая закладала выбухоўку ў машыну Шарамета, магла прыехаць ва Украіну з Беларусі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў