На мяжы затрымалі журналіста Сяргея Гардзіевіча. Раней яго ўжо судзілі за «знявагу Лукашэнкі»


У памежным пункце пропуску «Берасце» 14 верасня быў затрыманы былы палітвязень і журналіст з Драгічына Сяргей Гардзіевіч. Яго затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся з Польшчы ў Беларусь, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Журналіст Сяргей Гардзіевіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Вядома, што на беларускай мяжы ў яго ўзялі на правяранне мабільны тэлефон, пасля чаго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Імаверна, Сяргея Гардзіевіча могуць вінаваціць паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»).

Іншых акалічнасцяў затрымання пакуль няма.

Сяргей паходзіць з Драгічына, ён супрацоўнічаў з берасцейскім выданнем «Першы рэгіён».

У жніўні 2021 года яму прысудзілі 1,5 года зняволення. Журналіста прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: у знявазе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК), у распаўсюдзе заведама непраўдзівых звестак, якія зневажаюць іншую асобу (арт. 188 КК), і публічнай знявазе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). У судзе сваёй віны ён не прызнаў. Летась у кастрычніку Сяргей выйшаў з калоніі ў Шклове, цалкам адбыўшы тэрмін.

Гісторыі
«Як бы ні было дрэнна, перабірай лапкамі». 1000 дзён за кратамі: правілы жыцця журналісткі Кацярыны Андрэевай
2023.08.12 08:10

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў