Медыі: Іран перадаў Расеі 400 балістычных ракетаў


Іран перадаў Расеі вялікую колькасць магутных балістычных ракетаў класу «зямля – зямля». Пра гэта паведамляе «Reuters» са спасылкай на шэсць сваіх крыніцаў. Гэтыя ракеты могуць істотна паўплываць на сітуацыю на фронце.

Іранскія ракеты «Zolfaghar».
Фота: Tasnim News Agency / wikipedia.org

Паводле трох іранскіх крыніцаў, Іран перадаў каля 400 ракетаў, у тым ліку з сямейства балістычных ракетаў малой далёкасці «Fateh-110», такіх як «Zolfaghar». Гэтая ракета здольная паражаць цэлі на адлегласці ад 300 да 700 км.

Як адзначаецца, дастаўляць іх пачалі ў пачатку студзеня. Было прынамсі чатыры порцыі ракетаў, і ў найбліжэйшыя тыдні іх будзе яшчэ больш. Высокапастаўлены іранскі чыноўнік заявіў, што некаторыя ракеты былі адпраўленыя ў Расею марскім транспартам праз Каспійскае мора, а іншыя даставілі самалётам.

Чыноўнік ЗША паведаміў «Reuters», што Вашынгтон бачыў прыкметы актыўнага прасоўвання перамоваў пра перадачу іранскіх ракетаў у Расею, але пакуль не бачыў прыкметаў самой перадачы.

Джэфры Льюіс, эксперт Мідлбэраўскага інстытуту міжнародных даследаванняў у Мантэрэі, сказаў, што сямейства ракетаў «Fateh-110» і «Zolfaghar» ёсць высокадакладнай зброяй. Паводле яго, 400 боепрыпасаў могуць нанесці значную шкоду, калі іх выкарыстаюць у вайне ва Украіне.

Роб Лі, старэйшы навуковы работнік Інстытуту даследавання замежнай палітыкі ў Філадэльфіі, заявіў, што атрыманне іранскіх ракетаў дасць Расеі яшчэ большую перавагу на полі бою. На думку Роба Лі, гэтыя ракеты могуць быць выкарыстаныя для паражэння ваенных цэляў на аператыўнай глыбіні, а «ўкраінскім СПА цяжэй перахапіць балістычныя ракеты».

Украінская вайсковая крыніца паведаміла «Reuters», што Кіеў пакуль не зарэгістраваў выкарыстання іранскіх балістычных ракетаў расейскімі войскамі. Былы міністр абароны Украіны Андрэй Загараднюк заявіў, што Расея хоча «назапасіць масу ракетаў і прарваць украінскую СПА».

Пры гэтым расейскія войскі з 2022 года абстрэльваюць Украіну з дапамогай іранскіх беспілотнікаў «Shahed». У снежні 2023 года ВПС Украіны заявілі, што падчас вайны Расея запусціла 3700 такіх дронаў.

Аналітыка
«Ястрабы» заклікаюць Байдэна бамбіць Іран. Ці варта чакаць вялікай вайны?
2024.01.29 18:05

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў