Каму пагражае завочнае пакаранне ў Беларусі, і ці атрымаецца «перасядзець» за мяжою?


21 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», які прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачванымі, калі тыя застаюцца па-за межамі Беларусі.

Завочныя крымінальныя справы, перадусім у дачыненні палітычных актывістаў, якія жывуць за межамі краіны, дазволяць уладам Беларусі выносіць прысуды, а таксама канфіскоўваць маёмасць у краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Пазіцыя афіцыйнага Менску тлумачыцца там, што апошнім часам шэраг краінаў, у прыватнасці, Польшча і Літва, адмаўляюць Беларусі ў выдачы асобаў, якія, паводле ўладаў Беларусі, учынілі злачынствы на тэрыторыі краіны, у тым ліку экстрэмісцкія.

«Дзеля таго каб рэалізаваць прынцып непазбежнасці крымінальнай адказнасці, уносіцца прапанова разглядаць у судах крымінальныя справы ў дачыненні такіх асобаў у выпадку, калі нам адмоўлена ў іх выдачы ці калі не паступала адказу на запыт аб выдачы, у завочным парадку, то бок без удзелу асобы, у дачыненні якой разглядаецца крымінальная справа», – тлумачыў пазіцыю сілавікоў кіраўнік Следчага камітэту Дзмітрый Гара.

Паводле эксперта НАУ Міхаіла Кірылюка, завочныя суды над людзьмі, якія застаюцца ў іншай краіне і не змогуць удзельнічаць у судовых працэсах, будуць груба парушаць прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Чалавек не будзе мець магчымасці сябе абараніць.

«Я не знайшоў ніякай прыстойнай юрысдыкцыі, дзе такое практыкуецца. Можам параўнаць толькі з заявамі нейкіх крайне радыкальных тэрарыстычных арганізацыяў, калі яны заяўляюць, што мы прыгаворваем вось гэтага палітыка да смяротнага пакарання і любы з нашых паплечнікаў абавязаны яго забіць. На жаль, цяпер мая краіна апускаецца на такі ўзровень. Гэта не пра права – гэта пра запалохванне», – мяркуе юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Тэарэтычна, у выпадку нязменнасці рэжыму, дадому асуджаны можа бяспечна паехаць толькі праз 15 гадоў. «Асноўная праблема ў тым, што цячэнне тэрміну даўніны прыпыняецца, калі асуджаны ўхіляецца ад адбывання пакарання. То бок у прынцыпе агульная такая, апошняя лічба, калі абвінаваўчы прысуд не можа быць прыведзены ў выкананне, калі з моманту ўступлення яго ў законную сілу прайшло 15 гадоў і даўнасць не была перарваная», – тлумачыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка. Але гэта можа спрацаваць толькі тады, калі не пройдуць новыя завочныя суды ці не будуць змененыя тэрміны даўніны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сярод тых, каго ўлады Беларусі патрабавалі дэпартаваць у Беларусь: лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская, кіраўнік НАУ Павел Латушка, кіраўнік медыяпраектаў NEXTA Сцяпан Пуціла.

  • Разам з новым законам вызначаецца і пералік складаў злачынстваў, паводле якіх у дачыненні абвінавачванага можа быць пачатае спецыяльнае вядзенне. Да іх адносяцца «акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцыяў».
  • Паводле інфармацыі Генпракуратуры, завочнае следства і суды магчымыя, калі абвінавачваны ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе расследаванне, яго адмовіліся выдаваць або цягам шасці месяцаў няма адказу на запыт выдачы. Пастанову пра пачатак вядзення змогуць выдаваць генпракурор або старшыня СК, старшыня КДБ са згоды генпракурора.

AC belsat.eu

Стужка навінаў