Паліна Шарэнда-Панасюк папярэджвае, што можа не дацягнуць да вызвалення. Пра гэта палітзняволеная сказала сваякам, з якімі сустрэлася ў СІЗА пасля чарговага прысуду, перадае радыё «Рацыя».
Сваякам Паліны Шарэнды-Панасюк дазволілі спатканне ў гомельскім СІЗА. Родныя паведамілі, што палітзняволеная кепска выглядае, у яе праблемы са здароўем, «справакаваныя нялюдскімі ўмовамі ўтрымання».
«Паліна папярэджвае, што можа не дацягнуць да вызвалення. Таму просіць дэмакратычных лідараў, міжнародную грамадскасць зрабіць усё магчымае дзеля ейнага вызвалення», – перадае радыё «Рацыя» са спасылкаю на сужэнца Паліны Андрэя Шарэнду.
Палітзняволеная таксама расказала сваякам, што адміністрацыя СІЗА на ейных вачах парэзала ліст з пералікам лекаў, якія дазволена перадаць за краты. Гэты ліст спадарыня Паліна хацела даслаць маці. Міліцыянты заявілі, што «там была інфармацыя, якую недазволена было перадаваць».
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Першы раз ёй прызначылі 2 гады калоніі за нібыта гвалт у дачыненні міліцыянта, знявагу Лукашэнкі і знявагу прадстаўніка ўлады. Затым былі яшчэ два прысуды як пад капірку: 1 год зняволення паводле абвінавачання ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.
«Тэрмін зняволення Паліны становіцца проста бясконцым», – казаў раней спадар Андрэй.
СК belsat.eu