Belsat.eu распавядае, як набліжаныя да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцы, якія трапілі пад заходнія санкцыі, спрабуюць вывесці свае актывы з-пад удару.
Чакалі, што Аляксей Алексін трапіць пад санкцыі яшчэ ў канцы 2020 года, але ў апошні момант яго выкраслілі са спісу. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на гэтым настаяла Латвія, дзе алігарх у тым ліку вядзе бізнес. Праўда, у снежні санкцыі закранулі IT-кампанію «Synesis», чвэрць якой належала Алексіну. Першы санкцыйны манеўр быў звязаны якраз з гэтым актывам: жонка алігарха Іна Алексіна і кампанія «Энерга-Оіл-Інвест» пакінулі склад уласнікаў.
Санкцыі супраць самога Алексіна былі ўведзеныя толькі ўлетку 2021 года. Да персанальных санкцыяў алігарх быў гатовы: яшчэ ў студзені 2021-га ён выйшаў са складу саўладальнікаў сваіх ключавых актываў («Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз») і перапісаў іх на сыноў – Віталя і Дзмітрыя.
Сыны алігарха – людзі не публічныя. Старэйшы сын Дзмітрый як мінімум з 2013 года меў дачыненне да бізнесу бацькі, у тым ліку ў Латвіі. Пры гэтым складана сказаць, адыгрываў ён некалі рэальную ролю ў бізнесе або проста быў намінальным суўладальнікам некаторых актываў. Па-за межамі дзелавога свету Дзмітрый вядомы толькі сяброўствам з гуртам «Цягні-Штурхай», у 2008-м нават зняўся ў іх кліпе.
Імя 23-гадовага Віталя Алексіна да 2021 года наагул ніколі не гучала ў публічнай прасторы. У адкрытых крыніцах пра яго можна даведацца толькі тое, што сын бізнесоўца гуляў у аматарскай футбольнай камандзе «Энерга-Оіл». Паводле інфармацыі belsat.eu, Віталь у 2018-м скончыў БДЭУ, ва ўніверсітэце нічым асабліва не вылучаўся. Некаторыя аднакурснікі нават не ведалі, што ён сын набліжанага да Лукашэнкі чалавека, хаця і разумелі, што Віталь з забяспечанай сям’і. Чым займаўся Віталь пасля ВНУ, дакладна не вядома.
Аднак перавод ключавых актываў на сыноў аказаўся неэфектыўнаю захадаю, бо пад санкцыі трапіў не толькі асабіста Аляксей Алексін, але і ягоныя актывы. У жніўні ЗША ўлучылі ў чорны спіс «Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз». Такім чынам, схема абыходу санкцыяў тут не спрацавала.
Праз «Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз» сям’я Алексіных валодала «МТБанкам». Але яшчэ ў чэрвені гэты актыў прадалі зарэгістраванай у ААЭ кампаніі «Stoneva Limited» бізнесоўца Рамэа Абдо. Суму ўгоды не называлі.
Рамэа Абдо – нарадзінец Лівана, жыве ў Беларусі з 1993 года. «Я стаў часткаю гэтай краіны і не адрозніваю сябе ад беларусаў. Мая жонка – беларуска», – распавядаў ён у адным з інтэрв’ю. Абдо – сузаснавальнік кампаніі «BNK Estate», што пабудавала ў Менску ГЦ «Galileo», бізнес-цэнтры «Rubin Plaza» і «Silver Tower». Таксама ён займаўся будаўніцтвам гандлёвых цэнтраў «Еўропа» і «Рыга».
Пра сувязі Рамэа Абдо з Алексіным нічога невядома: ягоныя бізнес-партнёры – непальскія інвестары, якія ў тым ліку валодаюць буйнымі банкамі ў сябе на радзіме. Паводле «Нашай нівы», у бізнес-колах дасюль няма згоды, як разглядаць угоду пакупкі беларускага банку – як дэкаратыўную або рэальную. Таму цяпер заходнія партнёры запатрабавалі ад «МТБанку» доказы таму, што ўгода не фіктыўная. «Яны не хочуць мець справы з санкцыямі», – паведаміла крыніца «НН».
Сям’я Алексіна афіцыйна пазбавілася і латышскіх актываў – кампаніяў «Mamas D» і «Latgales Alus D». Цяпер «Latgales Alus» цалкам належаць бізнесоўцу з Даўгаўпілсу Аляксандру Грахоўскісу, які раней быў бізнес-партнёрам сям’і Алексіна. А «Mamas D» на паперы належыць дырэктару кампаніі Аляксандру Кісялёву.
Мікалай Варабей трапіў пад санкцыі ЕЗ яшчэ ў снежні 2020 года. Тады ж ён перапісаў свой базавы актыў – «Чырвоны Бор» – на Алесю Беражную, Вячаслава Атрахімовіча ды Ірыну Панкратаву.
Беражная і Атрахімовіч – топ-менеджары алігарха, займаюць пасады дырэктаркі і галоўнага бухгалтара кампаніі «Інтэрсэрвіс». Ірына Панкратава таксама наўрад ці самастойная фігура: пра яе вядома толькі тое, што ў пачатку 2010-х яна была індывідуальнаю прадпрымальніцай у Наваполацку.
«Чырвоны Бор» – 100-адсоткавы ўласнік найбуйнейшага прыватнага беларускага нафтатрэйдару кампаніі «Інтэрсэвіс», а ўжо на «Інтэрсэрвіс» запісана 99,94 % «Абсалютбанку», 100 % Нафтабітумнага заводу і 75 % спецэкспарцёра нафтапрадуктаў – Новай нафтавай кампаніі. Такім чынам, выйшаўшы са складу ўласнікаў «Чырвонага Бору», Варабей на пэўны час вывеў з-пад санкцыяў свае асноўныя актывы ў галіне нафтагандлю і банкаўскай сферы.
Аднак гэтая схема страціла сэнс, калі ЕЗ і ЗША пачалі ўводзіць санкцыі супраць канкрэтных кампаніяў Вараб’я. У чэрвені Еўразвяз ухваліў абмежаванні супраць Новай нафтавай кампаніі (ННК). А 9 жніўня ЗША ўвялі санкцыі адразу супраць «Інтэрсэрвісу», «Абсалютбанку», Нафтабітумнага заводу і ННК.
Таксама ў чорны спіс трапілі «БелКазТранс» і «БелКазТранс Украіна» (апошняя кампанія запісаная на сына алігарха, ягонага поўнага цёзку). На гэтыя фірмы быў завязаны транзіт вугалю і пастаўкі ва Украіну расейскіх нафтапрадуктаў у абыход тамтэйшых санкцыяў.
Адразу пасля ўвядзення амерыканскіх санкцыяў з ліку заснавальнікаў кампаніі «БелКазТранс Украіна» выйшаў Мікалай Варабей – малодшы. А яшчэ ў ліпені нявестка алігарха Валерыя Варабей сышла з «Укрбелнафтапрадукту», хаця супраць яе ніхто санкцыяў не ўводзіў. У абодвух выпадках не было гаворкі пра перапісванне актываў: і сын, і нявестка алігарха проста былі выключаныя са складу заснавальнікаў. Фірмы цяпер належаць іхным былым партнёрам, малавядомым украінскім бізнесоўцам.
Асноўныя актывы Зайцава – зарэгістраваная ў ААЭ кампанія «Sohra Overseas» і «Брэміна Груп», што развівае прамыслова-лагістычны комплекс «Брэміна-Ворша» (суўладальнікі – Варабей і Алексін). Абедзве кампаніі трапілі ў санкцыйны спіс ЕЗ у чэрвені, адначасова з Зайцавым. А ў жніўні абмежаванні супраць «Брэміна Груп» увялі ЗША. Спробаў алігарха схаваць гэтыя актывы ад санкцыяў заўважана не было. Не выключаюць, што Зайцаў палічыў гэта проста бессэнсоўным, бо кампаніі з улікам сваёй рэпутацыі трапілі б пад санкцыі ў любым выпадку.
А вось ва Украіне Зайцаў выйшаў са складу заснавальнікаў кампаніі «Sigma Technology», якая пастаўляе цеплавізары, прылады начнога бачання ды аксесуары да стралковай зброі сілавікам. Пачынаючы з 2018 года, «Sigma» рэгулярна брала ўдзел і перамагала ў дзяржаўных тэндарах ва Украіне.
З ліпеня 55 % «Sigma Technology» належыць латышскай кампаніі «Электраоптыка», а 45 % – украінскай юрыдычнай кампаніі «Де Леге Лата». Belsat.eu раней распавядаў у сваім расследаванні, што «Электраоптыка» (яе заснавальнікі – грамадзяне Латвіі Маркс Блатс і Анжэла Шакіна) нароўні з «Sohra Overseas» і дзяржаўнаю «Белспецзнештэхнікаю» былі ўласнікам важнага прадпрыемства беларускага ВПК – «Кідма тэк». «Электраоптыка» пры гэтым мае шэраг прыкметаў фірмы-пракладкі: не выключаюць, што яна дэ-факта кантралюецца Зайцавым.
Далейшы лёс «Sohra Overseas» у «Кідма тэк» пакуль няясны. Увесну кампанію пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства, дэпазітарыем прызначылі «Беларусбанк» і дапусцілі акцыі да абароту на біржы. З афіцыйнай выпіскі пры гэтым немагчыма зразумець, хто цяпер ёсць уласнікам акцыяў «Кідма тэк».
Свой самы маштабны праект у Беларусі Міхаіл Гуцэрыеў рэалізоўваў праз «GCM Global Energy PLC»: гэтая брытанская кампанія ёсць суўладальніцаю прадпрыемства «Слаўкалій», што будуе Нежынскі горна-абагачальны камбінат. Раней уласнікам «GCM Global Energy PLC» быў сам Міхаіл Гуцэрыеў, але пасля ўвядзення ў чэрвені санкцыяў ЕЗ ён перадаў свой пакет акцыяў малодшаму брату – Саіту-Саламу.
У жніўні, адразу пасля абвяшчэння брытанскіх санкцыяў, стала вядома, што Міхаіл Гуцэрыеў перадаў брату і свой пакет акцыяў у кампаніях «Нефтиса» ды «РуссНефть». Таксама алігарх пакінуў пасаду кіраўніка рады дырэктараў «РуссНефти». Кампанія пасля гэтага нават запрасіла юрыдычных кансультантаў, якія мусілі пацвердзіць, што Гуцэрыеў цяпер не кантралюе «РуссНефти» і парушэння нормаў санкцыйнага рэгулявання тут няма.
Санкцыі ўскосна мелі наступствы і для бізнесу сына Міхаіла Гуцэрыева – Саіда. Персанальна супраць яго ніхто абмежаванні не ўводзіў, але на фоне апошніх падзеяў ён прадаў свае долі ў трох крыптабіржах – Currency.com, Capital.com і Zubr.io. Пакупнікі – міжнародная крыптабіржа FTX і Віктар Пракапеня – чалавек, які мае цёплыя стасункі з сям’ёю Гуцэрыева. Прадстаўнікі Саіда сцвярджаюць, што ўгоду рыхтавалі з мінулага года. Аднак эксперты перакананыя, што гэта вынік заходніх санкцыяў, бо ўвесь звязаны з Гуцэрыевым бізнес стаў таксічным для еўрапейскіх партнёраў.
Неўзабаве пасля гэтага стала вядома, што Саід Гуцэрыеў сышоў і з пасады генеральнага дырэктара нафтагазавай кампаніі «ФортеИнвест». Праўда, Саід праз кіпрскую фірму «Beristore Holdings Limited» застаецца ўласнікам беларускага «Парытэтбанку».
IT-кампанія «Synesis», якая распрацоўвае і дыстрыбуе сістэмы відэаназірання і аналітыкі, трапіла пад санкцыі ЕЗ яшчэ ў снежні 2020 года. Увесну «Synesis» паспрабаваў схаваць ад санкцыяў свае даччыныя структуры: уласнікам «24х7 Паноптэс» і «Сінэзіс Стратус» замест «Сінэзісу» стаўся заснавальнік IT-кампаніі Аляксандр Шатроў. Яшчэ ў чатырох афіляваных кампаніях змянілі назвы, выкінуўшы адтуль слова «Сінэзіс».
Аднак у чэрвені 2021 года і сам Аляксандр Шатроў быў улучаны ў санкцыйны спіс. За некалькі дзён да гэтага Шатроў перааформіў 81 % «Сінэзісу» на дырэктара фірмы Юрыя Сербянкова, а таксама выйшаў са складу ўласнікаў «Сінэзіс Стратус».
У жніўні стала вядома, што Аляксандр Шатроў, ягоны брат Пётр і партнёр з бізнесу Мікалай Пціцын выйшлі са складу ўласнікаў расейскага філіялу «Сінэзісу». Цяпер актыў належыць малавядомаму Аляксандру Шастакову, які ў траўні стаў адным з суўладальнікаў яшчэ аднаго расейскага праекту кампаніі – ТАА «Камера Біай».
Браты Шатровы ды іхны кампаньён Мікалай Пціцын таксама выйшлі са спісу ўласнікаў кампаніі «Стыгма Софт», якая займаецца маніторынгам транзітных перавозаў грузаў па Беларусі. Цяпер 100 % фірмы (раней – 75 %) належаць кампаніі «Белнафтагаз», якую кантралюе сям’я Алексіна. Цікава, што перарэгістрацыя адбылася 9 жніўня – і ў той жа дзень стала вядома, што «Белнафтагаз» (як і асабіста Алексін) быў улучаны ў санкцыйны спіс ЗША.
ІІ belsat.eu