У Беларусі распачаўся першы суд у «справе Ціханоўскага»


У Лагойску судзяць палітвязня, аўтара YouTube-каналу «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага. Гэта першы суд у «справе Ціханоўскага», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Палітвязня Уладзіміра Няронскага вінавацяць у арганізацыі «незаконных грамадска-масавых мерапрыемстваў» па ўсёй Беларусі, яму інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Акрамя таго аўтара YouTube-каналу «Слуцк для жизни» абвінавачваюць у публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага (арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады»). Справу супраць Уладзіміра Няронскага разглядае старшыня суда Лагойскага раёну Аляксандр Рыбакоў.

Уладзімір Няронскі ў судзе.
Фота: spring96.org

Следчыя лічаць, што Уладзімір Няронскі – актывіст «Страны для жизни», і нібыта яшчэ 2 лютага 2020-га ён сустрэўся з Сяргеем Ціханоўскім, з якім размеркаваў ролі для здзяйснення злачынства.

На судзе Уладзімір Няронскі распавёў, што за вядзенне каналу працаўнікі КДБ пагражалі яму турэмным зняволеннем. А ўтрыманне ў камеры Уладзімір назваў катаваннем.

«Я правёў у зняволенні 252 дні. 60 содняў – у адзіночцы. 21 раз за ўвесь час я схадзіў у душ. 12 этапаў, 24 поўныя ператрусы, правёў 5 дзён на свежым паветры. Прайшоў 50 судоў, 90 зняволеных. Жыць у адной «хаце» з галаварэзамі і застацца чалавекам… За гэтыя 252 дні я ні разу не пашкадаваў, што трапіў у турму. Я прашу прабачэння ў спадара Янчэўскага, я сапраўды не меў рацыі.

Турма чалавеку карысная, але праз паўгода чалавек прывыкае да турмы і лічыць яе другім домам. Праз паўгода чалавек забывае пра волю наагул. Мяне палохаць турмой бессэнсоўна, я не хачу, каб працягваліся гэтыя суды. Я турмы не баюся. Я толькі хачу папрасіць прабачэння ў маіх родных.

У маім ІЧУ цяпер няма ацяплення. Мы голімся нагала, каб нас не заядалі вошы. Мяне на Акрэсціна 3 дні трымалі ў адмысловай «хаце», дзе мяне зʼядаліся клапы. Гэта для палітычных. Мы ўжо коцімся ў бездань, так нельга», – сказаў Уладзімір Няронскі.

Уладзіміра Няронскага затрымалі 6 траўня 2020 года пад Менскам. 8 траўня Кастрычніцкі раённы суд Магілёва пакараў Няронскага паводле арт. 23.34 КаАП 10 соднямі адміністратыўнага арышту. Пасля гэтага на волю ён не выйшаў. 17 чэрвеня стала вядома, што Уладзіміра Няронскага змясцілі ў следчы ізалятар № 1 на Валадарскага ў Менску ў межах крымінальнай «справы Ціханоўскага».

Аб’ектыў
«BYPOL» пра палітычную замову на Ціханоўскага
2020.12.29 21:53

 

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў