«Вучэнні і забеспячэнне неабходнай амуніцыяй кожнага супрацоўніка». МУС рыхтуецца да выбараў-2024


У Менску 1 снежня адбылося паседжанне калегіі Міністэрства ўнутраных справаў, на якім міністр ведамства Іван Кубракоў ды іншыя прадстаўнікі МУС апавялі, як сілавікі рыхтуюцца да электаральнай кампаніі ў 2024 годзе.

Калегія МУС у Менску, 1 снежня.
Фота: МУС Беларусі / Telegram

Паводле Кубракова, парламенцкія выбары, якія пройдуць у Беларусі ў наступным годзе, – галоўная грамадска-палітычная падзея для краіны найбліжэйшым часам, і таму перад міліцыянтамі стаяць «значныя і адказныя задачы».

«Неабходна ў межах кампетэнцыі ўзяць беспасярэдні ўдзел у рыхтаванні і правядзенні выбараў. Усім кіраўнікам трэба забяспечыць жорсткую выканаўчую дысцыпліну, максімальную скаардынаванасць дзеянняў з іншымі праваахоўнымі органамі ды іншымі зацікаўленымі», – заявіў Кубракоў.

Паводле міністра, хоць «у органаў унутраных справаў назапашаны багаты досвед працы пры правядзенні розных электаральных кампаніяў», расслабляцца не даводзіцца, і таму трэба «нарошчваць аператыўныя пазіцыі, а таксама ўдзяляць патрэбную ўвагу пытанням прафілактыкі правапарушэнняў».

«Акцэнтую ўвагу на неабходнасці працаваць з насельніцтвам. Важна слухаць і чуць людзей. Працуйце на апярэджанне, тлумачце, папярэджвайце. Нельга дапусціць правакацыяў і найменшай дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, – адзначыў Кубракоў. – Мы павінны быць гатовыя да дзеянняў у асаблівых умовах! Гэта не толькі правядзенне вучэнняў і трэнаванняў, але і забеспячэнне неабходнай амуніцыяй кожнага супрацоўніка, вайскоўца, а таксама якаснае абсталяванне падраздзяленняў».

Першы намеснік міністра ўнутраных справаў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка апавёў, што ўчасткі для галасавання будуць абсталяваныя сістэмамі відэаназірання і ахоўнаю сігналізацыяй, на іх будуць кругладзённа дзяжурыць сілавікі. У Менску, абласных і раённых цэнтрах будуць сфармаваныя дадатковыя патрульныя нарады для дзяжурства на вуліцах і групы хуткага рэагавання.

Назаранка зазначыў, што да выбараў-2024 рыхтаваліся цягам двух гадоў: на базе Акадэміі МУС арганізоўваліся навучальна-метадычныя зборы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і ГУУС-УУС. Супрацоўнікаў органаў унутраных справаў трэнавалі для адпрацоўвання дзеянняў у асаблівых умовах, у прыватнасці адпрацоўваліся захады супрацьдзеяння дыверсійна-разведвальным групам і незаконным узброеным фармаванням.

Hавiны
Сілавікі пачалі рыхтавацца да разгону масавых пратэстаў падчас выбараў-2024
2023.11.29 16:25

Паводле намесніка міністра ўнутраных справаў, начальніка крымінальнай міліцыі Генадзя Казакевіча, «выбарчая кампанія 2020 года і наступная спроба каляровай рэвалюцыі» карэнным чынам змянілі падыходы міліцыі да аховы правапарадку і барацьбы са злачыннасцю. Таму для выключэння спробаў сарваць электаральную кампанію 2024 года прадугледжаны комплекс захадаў.

«Яны скіраваныя ў тым ліку на зніжэнне ўплыву экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў на грамадскую свядомасць, падтрыманне і тлумачэнне ініцыятываў, якія праводзяць дзяржаўныя органы, з прыцягненнем папулярных медыяў, лідараў грамадскага меркавання», – заявіў Казакевіч.

Сярод заданняў, пастаўленых сілавікам напярэдадні выбараў, – «вызначэнне і прыцягненне да адказнасці асобаў, датычных да экстрэмізму, найперш адміністратараў і актывістаў дэструктыўных сеткавых рэсурсаў; атрыманне інфармацыі, якая дазволіць прагназаваць развіццё абстаноўкі як у краіне, гэтак і за яе межамі».

Вучэнні МУС
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі зладзіла на аэрадроме Ліпкі тактычна-спецыяльныя вучэнні для разгону вулічных пратэстаў. На здымках можна пабачыць спецтэхніку, якая выкарыстоўвалася супраць мірных пратэстоўцаў у 2020 годзе: штурмавыя загараджальныя комплексы «Рубеж», вадамёты і іншыя машыны.
Фота: pressmvd / Telegram

Тактычна-спецыяльныя вучэнні МУС правёў 29 лістапада на аэрадроме Ліпкі. Як вынікала з фотарэпартажу прэс-службы МУС, сілавікі рыхтуюцца менавіта да разгону масавых пратэстаў. На здымках можна было пабачыць спецтэхніку, ужываную супраць мірных пратэстоўцаў у 2020 годзе: штурмавыя загараджальныя комплексы «Рубеж», вадамёты і іншыя машыны. Сілавікі трэнуюцца разганяць пратэсты ў тым ліку са зброяй: на кадрах у руках міліцыянтаў можна пабачыць пісталеты і стрэльбы.

25 лютага 2024 года ўлады плануюць правесці адзіны дзень галасавання – выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што наперадзе «няпросты перыяд», і ўлады гатовыя «да любых сцэнароў».

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў