Выстава «Minsk anti zoo»: Пра футра, фэшн, а яшчэ пра беларускую рэвалюцыю, прыгажосць і каханне


Напэўна, чытаючы назву гэтага артыкулу, вы спытаеце: хіба можна неяк аб’яднаць гэта ўсё? Можна. І вельмі нават гарманічна. І вось як.

Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022 год, Беларускі моладзевы хаб.
Фота: Белсат

Днямі ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве адкрылася выстава «Minsk anti zoo». Яна пра жывёлінаў, людзей, няволю, а яшчэ пра прыгажосць і каханне. Гэтая выстава – позірк стылісткі Ганны Прышывалкі і яшчэ цэлай каманды жанчын і дзяўчат на тое, што адбылося з беларусамі ў 2020 годзе.

Падзеі таго часу вельмі прыгняталі беларусаў. Тое ж адчувала і Ганна, але аднойчы падзеі вакол жанчыны пачалі складвацца як пазл, і так дайшло да нараджэння гэтага праекту:

«Аднойчы мы з дзіцём пайшлі ў заапарк. Хто з Менску, я думаю, вы памятаеце менскі заапарк. У нас там ёсць такі мядзведзь – я яго памятаю з дзяцінства. Хаця, мядзведзь, напэўна, ужо іншы, але вось увесь гэты час у яго там ванна страшная стаіць і апона вісіць. І малюсенькая камера. І вось гэты мядзведзь – прыгожы, як з мульціку – у гэтай камеры. А яшчэ там ёсць цудоўны шымпанзэ – сядзіць за шыбай увесь час і на ўсіх глядзіць жудасным позіркам, поўным безнадзейнасці. І вось тады ў мяне сталі з’яўляцца ў галаве параўнанні на тэму таго, як гэта, калі жывая істота застаецца ў замкнёнай прасторы, а не ў сваім натуральным асяроддзі».

Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022 год, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат
Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022 год, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат
Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022 год, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат
Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022 год, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат
Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022 год, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат
Выстава Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022 год, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат

Стрэс, звязаны з перабываннем чалавека ў няволі моцна рэзанаваў у думках Ганны з тым, што адчуваюць гэтыя безабаронныя жывёліны. Падобны страх – апынуцца за кратамі – панаваў тады, паводле дзяўчыны, ледзь не ўва ўсім беларускім грамадстве: страшныя арышты і ператрусы прымушалі беларусаў баяцца за сябе і сваіх блізкіх.

«Я апынулася на месцы чалавека, чые блізкія людзі трапілі за краты. І я зразумела, што гэта не меншыя пакуты і перажыванні, чымся быць затрыманым. І я памятаю, як стаю з перадачай, а была зіма – люты, было вельмі халодна. Я стаю ў чарзе, побач іншыя жанчыны таксама з перадачамі, і было поўнае адчуванне таго, што я тут апынулася выпадкова. Нібыта прыляцела з краіны вясёлкавых аднарожак і гэта наагул усё не пра мяне. Мозг проста адмаўляўся прымаць гэтую рэальнасць. Перада мною стаяла жанчына. І вось калі перадаеш перадачу, абавязкова пішаш спіс таго, што перадаеш, а на ўваходзе сядзіць працаўнік турмы і правярае, што ты паклаў у перадачу. Я паводле рэчаў разумею, што жанчына робіць перадачу дачцэ. І ў нейкі момант даходзіць да невялічкага пакуначка, працаўнік турмы яго выварочвае, а там гумкі для валасоў, заколачкі. І ён глядзіць на гэта і кажа: «А гэта навошта?» І жанчына моцна разгубілася і ўсё, што змагла яму адказаць: «Ну яна ж дзяўчынка». І ўсё», – дзеліцца ўражаннямі Ганна Прышывалка.

Вольга Кучарэнка, Ганна Прышывалка, Кетэван Асраташвілі.
Фота: Белсат

У гэты момант Ганна пастанавіла, што зробіць праект, у якім зможа выказаць увесь свой боль, бясконцую павагу, салідарнасць і спачуванне ўсім жанчынам, якія прайшлі праз месцы абмежавання волі. Ад думкі да рэалізацыі ідэя саспявала да вясны 2021 года. Гэтаму часу адпавядаюць і вобразы, якія можна ўбачыць на выставе. Вось некалькі з іх. Ці пазнаеце, хто гэтыя жанчыны?

Ліса: Прывітанне! Напэўна, вы мяне бачылі і чулі! Я такая яркая, какетка, вылучаюся са сваёй зграі. Паглядзіце, якая ў мяне памада! А яшчэ ў мяне маса суперздольнасцяў! Я магу вымаўляць больш за 40 розных гукаў, пачуць мыш пад метрам снегу, па-майстэрску заблытваць сляды, не трапляцца на вочы. Я магла бегчы ўсю ноч, не спыняючыся…

І вось я тут…

Востры слых цяпер трэба, каб раней за іншых пачуць звон ключоў у руках наглядчыка. Нюх, каб унюхаць, якая пайка будзе на вячэру. Мне тут далі мянушку – Неймаверная.

Малпа: Добры дзень! Як у вас справы? Усё ў парадку? Чым вы сёння займаліся? Я навяла прыгажосць, надзела свае любімыя калготкі і выйшла цёплым вечарам палюбавацца заходам. Люблю, калі сонейка грэе верхавіны! А вы там былі? Бачылі? Як – не? Не пераношу нуды, люблю быць у руху. Дый ці мала каму магла спатрэбіцца мая дапамога.

І вось я тут.

Гляджу ў люстэрка і не пазнаю сябе. Холадна, цесна… Адна з нешматлікіх забаваў – змагацца з чужымі вошамі. Непакоюся: як там мае?

Ваўчыца: А-у-у-у! На гэтую тэрыторыю лепш не заходзіць. Іду першай, высока падняўшы хвост. Бачыце дзве адзінкі? Тактыка распрацаваная да дробязяў, побач надзейнае плячо на ўсё жыццё. Толькі наперад, не здавацца! Мы ж можам і тыдзень без ежы. Трэба ісці наперад. Такія, як мы, не паддаюцца дрэсуры.

І вось я тут.

Амаль выйшла за межы небяспечнай тэрыторыі, але чакала засада. Зграя зазнала паражэнне, але не сышла. Гэта супярэчыць законам прыроды. Дык што там робяць, каб выстаяць? Спяваюць? А-у-у-у! Так, давайце пагуляем у шашкі, вось і фігуркі з задубелага хлеба. А-у-у-у, халодная будка! Выдужаць. Што гэта? Вы чуеце галасы іншых ваўкоў?

Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022, Беларускі моладзевы хаб.
Фота: Белсат

Гэта вобразы Марыі Калеснікавай, Вольгі Хіжынковай і Алены Леўчанкі. Акрамя іх, у экспазіцыю ўваходзяць яшчэ тры зборныя вобразы, якія не маюць дакладных адпаведнікаў: пенсіянерка, маці і студэнтка.

Усе вобразы жанчын выяўленыя жывёлінамі з менскага заапарку: ліса, мядзведзіца, ваўчыца, малпа, леапард і лама. Аўтары выставы нібыта схавалі герояў у аватары гэтых жывёлінаў, уяўляючы, што яны думаюць там, за дратамі клеткі.

«У мяне ёсць сяброўка, якая жыве ў Нямеччыне. Яна сказала, што параіць зайсці на выставу сваім знаёмым, – распавядае Ганна Прышывалка. – І вось адзін са знаёмых запытаў у яе, пра што выстава. Яна кажа: «Ну, там дзяўчаты ў футрах, атрымліваецца, пра футра». Так, пра футра таксама мне хацелася б распавесці. Бо кожнае з тых футраў, у якія апранутыя нашыя мадэлі, мае сваю гісторыю. Напрыклад, футра для лісы я фарбавала балончыкам для афарбоўвання валасоў, шэранькае футра ваўка – гэта старэнькае футра маёй мамы, футра для леапарда мне адмыслова для здымак дала адна вельмі вядомая стылістка, а яшчэ два ахвяравала слынная мастачка».

Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022, Беларускі моладзевы хаб.
Фота: Белсат

Ганна прызнаецца, што ў праекту «Minsk anti zoo» зусім не было бюджэту: дзяўчаты самі заплацілі візажыстам і стылістам валасоў, а Беларускі свабодны тэатр даў пляцоўку для здымак. З асабліваю падзякаю Ганна распавядае, што акторкі Свабоднага тэатру пагадзіліся зняцца ў ролі галоўных гераінь:

«Акрамя ўсяго іншага, гэтая выстава – пра фэшн. Бо прыгажосць – гэта тое, на чым стаіць наш свет. У нашым беларускім пратэсце было шмат прыгажосці, эстэтыкі, творчасці, крэатыву. І шмат кахання. Гэтыя складнікі мы і імкнуліся ўкласці ў наш праект. І калі верыць, што прыгажосць і каханне ўратуюць гэты свет, то, мне падаецца, у нас дужа някепскія перспектывы. І, напэўна, гэтая выстава – мой асабісты ўнёсак у тое, каб мы з вамі памяталі і былі ўдзячныя тым людзям, якія пацярпелі ў 2020 годзе. Бо калі мы пераехалі ў Варшаву, я пачала чуць ад суайчынніка, быццам з пачаткам вайны ва Украіне беларуская тэма згасла. І мне было вельмі балюча гэта чуць. Мы жылі ва ўкраінскім Ірпіні, і 24 лютага прачнуліся пад гукі выбухаў. І я ні ў якім разе не заніжаю важнасці гэтых падзеяў, але Беларусь – наш дом. І там адбываюцца страшныя рэчы. Працягваюць адбывацца. І мы не можам заніжаць іх важнасці, бо гэта так ці інакш закранула ўсіх беларусаў».

AK belsat.eu

Стужка навінаў