«Прадавалася як «Russian dress» – беларускі ў ЗША сабралі калекцыю нацыянальных строяў, а цяпер зрабілі шыкоўны каталог


Спявачка і кінавытворца Воля Дземка, якая жыве і працуе ў Сіетле, разам з паплечніцамі з гурта «Volya» больш за дзесяць гадоў збірала калекцыю беларускага жаночага адзення і аксесуараў. Збор стаўся асноваю каталогу «Беларускі строй», які ўтрымлівае 79 прадметаў, прэзентуе розныя рэгіёны краіны і ахоплівае перыяд з 1880-х да 1940-х гадоў. Выданне на пяцідзесяці старонках выйшла ў ЗША і Беларусі.

Паказаныя ў каталогу строі зробленыя цалкам уручную. Яны адлюстроўваюць адметнасці пяці з шасці рэгіёнаў краіны. Паводле Волі Дземкі, у іх не было мэты ствараць цэльны рэпрэзентацыйны падбор: беларускае адзенне на аўкцыёнах і ў антыкварных крамах трапляецца вельмі рэдка, таму набывалі ўсё, што было.

Ілюстрацыі з каталогу «Беларускі строй»

«На першую ў калекцыі неглюбскую кашулю я трапіла выпадкова на eBay. Яна там прадавалася як «Russian dress». Потым уласнік сказаў, што кашуля і два ручнікі сапраўды трапілі да яго ад бабулі з Веткаўскага раёну. Пасля я злавіла дамачынскую спадніцу, пазначаную як «Eastern-European skirt», і такім чынам лавіла амаль усё. У адной антыкварнай краме знайшла дзве ашаламляльныя ювелірнай працы гарадзенскія наміткі – мы тады выграблі з рахункаў гурта ўсё, што толькі можна. А два даматканыя андаракі незвычайнага фіялетавага колеру я купіла за капейкі ў людзей, якія нават не думалі, што гэта некаму спатрэбіцца».

Воля кажа, што расейскіх рэчаў на рынку шмат, таму, маючы грошы, за паўгода можна сабраць шыкоўную калекцыю. Тое самае з украінскім адзеннем, а беларускага тым часам амаль няма. «Я думаю, гэта праз тое, што Беларусь была прахадной, выпаленай войнамі зямлёй. Да таго ж часта майстрыцы трымалі свае найлепшыя строі для таго, каб быць у іх пахаванымі – маўляў, каб «там» свае пазналі. А пасля вайны да гэтай культуры ставіліся даволі пагардліва: даматканае адзенне асацыявалася з беднасцю і пакутамі, таму яго пазбаўляліся і пераходзілі на гарадское. Многія не ўсведамлялі каштоўнасці таго, што маюць, – у экспедыцыях я бачыла старыя вышытыя ручнікі проста на падлозе».

Ілюстрацыі з каталогу «Беларускі строй»

Амаль усё ў калекцыі – арыгінальнае, узнаўляць даводзілася толькі нейкія элементы кшталту фартушкоў, каптурыкаў і вяночкаў. Ды і тое, рабіліся гэтыя рэчы з антыкварных стужак і тканін паводле адпаведных лякалаў, таму яны выглядаюць так, быццам толькі што з музею. Самы стары экзэмпляр збору – амаль празрыстая намітка з 1870-х. Праўда, яна не ўвайшла ў каталог.

Асноўных колераў у калекцыі тры – белы, чырвоны і чорны. «Мне шалёна падабаецца беларускі строй, перадусім сваёй элегантнасцю. У расейскім адзенні што ні рэгіён, то буянне колераў і тканін, а ў нас усё стрыманае, далікатнае, паводле фігуры. А калі разгледзець рэч бліжэй, убачыш фантастычны сусвет, на які пакладзена невядома колькі чалавекагадзін».

Ілюстрацыі з каталогу «Беларускі строй»

Калекцыя часткова задзейнічаная ў сцэнічнай дзейнасці фальклорнага гурта «Volya», але бяруцца толькі тыя рэчы, што могуць вытрымаць некалькі канцэртаў на год і падыходзяць памерам. «У нас збольшага вясельныя рэчы, гэта значыць, рэчы маладых дзяўчат 14-15 гадоў. Я іх называю «мышынымі». Калі я спрабавала надзець на манекен апошнюю набытую спаднічку, нават пачула характэрны хруст».

Уласніцы калекцыі пастанавілі, што трымаць у сябе гэтую прыгажосць злачынна, таму быў створаны каталог. Прадстаўленыя ў ім адзенне і аксесуары ніколі не выстаўляліся. «У мяне сабраныя ледзь не ўсе выданні пра беларускія строі, якія толькі выходзілі. Звычайна яны вельмі навуковыя і страшна дарагія – не для таго, каб пасядзець з філіжанкай кавы і абмеркаваць. Мне здаецца, наш каталог, нягледзячы на тое, што паказвае прыватную калекцыю, як бы для ўсіх. Тут таксама мелаваная папера і прэміюм-друк, але мінімум тэксту, максімум прыгажосці».

Каталог «Беларускі строй» часткова даступны онлайн. Невялікі наклад папяровага выдання выйшаў у Беларусі і хутка паступіць у продаж. Асобнік таксама заўсёды можна замовіць на сайце выдавецтва «Lulu».

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў