Памерлую жанчыну выклікалі на допыт у СК. Ейны сын – фігурант крымінальнай справы


Позва для памерлай Марыны Сіліч у берасцейскі СК.
Фота: Belsat.eu

У Берасці памерлую Марыну Сіліч выклікалі на допыт у Следчы камітэт. Раней у дачыненні ейнага сына распачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт. 363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў»).

Марына Сіліч памерла летась у ноч з 2 на 3 лістапада, але 19 сакавіка мусіць нейкім чынам прыйсці на допыт у якасці сведкі да следчага А. Ю. Юркевіча. Ейны сын Ілля Сіліч 20 верасня ўдзельнічаў у пратэставай акцыі ў Берасці. Тады сілавікі затрымалі яго і моцна збілі, а пасля і завялі крымінальную справу. Хлопец быў вымушаны з’ехаць за мяжу, але працягвае прытрымлівацца актыўнай грамадзянскай пазіцыі: ён удзельнік платформы «Сход».

«Што тут сказаць, гэта проста абуральна і спланаваны акт ціску на мяне праз родных», – сказаў Ілля Сіліч «Белсату».

ЯП belsat.eu

 

Стужка навінаў