Нарматворчасць па-беларуску. У Закон аб жывёлінах цішком унеслі істотныя змены


На Нацыянальным прававым партале апублікавалі Закон аб адказным абыходжанні з жывёлінамі, і ў гэтым дакуменце маюцца істотныя змены ў параўнанні з праектам, ухваленым у парламенце ў першым чытанні. Цяпер шмат важнага будзе вызначаць урад – у цішы службовых кабінетаў і ў далечыні ад сабачнікаў ды валанцёраў.

Кіраўніца цэнтру «Ланка» і былая палітзняволеная Таццяна Гацура-Яворская з сваім сабакам на мянушку Кайлас. Кіеўская вобласць, Украіна. 1 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Бадай, адно з самых галоўных патрабаванняў, што знікла з закону, – абавязак чыпаваць хатніх гадаванцаў. Як раней тлумачылі ў Палаце прадстаўнікоў, гэта зрабілі з увагі на «шматлікія просьбы грамадзянаў, асабліва ў сельскай мясцовасці».

Абавязак чыпаваць жывёлінаў пакінулі толькі для заводчыкаў і гадавальнікаў, гэта трэба рабіць да продажу прыплоду.

Hавiны
У Беларусі перадумалі абавязваць гаспадароў чыпаваць сабак і катоў
2024.02.28 11:37

Зрэшты, адказныя ўладальнікі і без дзяржаўных патрабаванняў чыпуюць сваіх гадаванцаў: гаспадара знойдуць, калі чатырохлапы ўцячэ, да таго ж пазнака пад скураю неабходная пры выездзе за мяжу, з дапамогаю чыпа і базаў звестак, даступных праз інтэрнэт, адмыслоўцы могуць хутка даведацца, якія прышчэпкі атрымала жывёліна.

Закон вызначае месцы, куды з гадаванцам нельга прыходзіць (не датычыць сабакаў-павадыроў):

  • крамы, дзе прадаюцца харчы;
  • іншыя гандлёвыя аб’екты (за выняткам заалагічных);
  • кавярні і рэстараны (акрамя нестацыянарных аб’ектаў грамадскага харчавання);
  • аб’екты побытавага і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва;
  • аб’екты культурніцкай інфраструктуры;
  • установы адукацыі;
  • арганізацыі аховы здароўя;
  • арганізацыі фізкультуры і спорту;
  • жывёлагадоўчыя аб’екты;
  • тэрыторыя фізкультурна-спартовых аб’ектаў.

Пералік не вызначальны: уласнікам любых аб’ектаў надалі права забараніць уваход з чатырохлапымі кампаньёнамі. Пры гэтым кіраўнікі «іншых гандлёвых аб’ектаў», кавярняў, рэстаранаў, а таксама аб’ектаў побытавага і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на ўласнае жаданне могуць дазволіць наведанне з жывёлінамі – закон дае такое права, толькі патрабуе папярэджвання пра гэта «ў даступным для наведнікаў месцы».

У тэорыі з сабакам могуць дазволіць прыйсці, напрыклад, на пошту, у банк або ў буйны гандлёвы цэнтр (толькі не ў харчовы гіпермаркет). Ці дапамогуць звароты або іншыя спосабы лабіявання павялічыць колькасць месцаў, прыязных да сабакаў, пытанне адкрытае.

Сабака Ушы і Яна Клюева – дзяўчына са знакамітага здымку з цыгарэтай і амапаўцамі. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Аўтарка закону – дэпутатка Марыя Васілевіч, набліжаная да Лукашэнкі былая мадэль – паспрабавала растлумачыць, чаму забаранілі прыходзіць з сабакам у харчовыя крамы. Яна спаслалася на скаргі асобаў з алергіяй на поўсць жывёлінаў:

«Напрыклад, ёсць аддзелы гародніны і садавіны, свежай выпечкі, дзе прадукты ляжаць адкрытыя, ніяк не ізалююцца, і траплянне на іх нават самай малой часцінкі поўсці можа выклікаць у такіх пакупнікоў наймацнейшую алергію. Таму і была ўведзеная забарона на наведванне харчовых крамаў разам з жывёлінамі-кампаньёнамі».

Пры гэтым Васілевіч не растлумачыла, як пакупнікам з алергіяй бараніцца ад поўсці сабакаў-павадыроў, з якімі можна прыходзіць усюды, у тым ліку ў прадуктовыя крамы.

Адметна, што ў канчатковы варыянт нарматыўнага акту не трапіла забарона наведваць з гадаванцамі харчовыя і сельскагаспадарчыя рынкі. Згодна з логікаю дэпутаткі, з клопату пра людзей з алергіяй гэтае абмежаванне мусіла б застацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: wirestock / freepik.com

Кіраўнік расейскага Навуковага інфармацыйнага цэнтру прафілактыкі і лекавання вірусных інфекцыяў, імунолаг-алерголаг Георгій Вікулаў у каментары «Белсату» прызнаў, што асобы з алергіяй насамрэч пакутуюць, калі застаюцца ў адным з крыніцаю алергена памяшканні:

«Сапраўдная алергія характарызуецца тым, што нават нябачная колькасць алергена можа выклікаць рэакцыю. І нават проста перабыванне з жывёлінаю ў адной замкнёнай прасторы, у пакоі, у кватэры можа выклікаць у чалавека рэакцыю на алерген. Жывёліна ў краме можа выклікаць рэакцыю, але гэтак жа, як любы іншы алерген у краме можа выклікаць рэакцыю алергіка, гэта зусім не абавязкова можа быць хатняя жывёліна, а, напрыклад, грызун».

Доктар адзначыў, што ў некаторых асобаў прыступ можа здарыцца нават без фізічнага кантакту з крыніцаю алергена:

«Траплянне алергена адбываецца інгаляцыйна, то бок праз дыхальныя шляхі. Эпітэлій, або часціца, або маленькі валасок можа трапіць у дыхальныя шляхі і запусціць алергічную рэакцыю».

Адмысловец пры гэтым звярнуў увагу, што чалавек з алергіяй можа сутыкнуцца з праблемаю ў любым месцы, і канстатаваў: усім ува ўсіх выпадках не дагодзіш.

«Думаю, гэтае абмежаванне ў нейкай ступені залішняе. З буйнымі жывёлінамі, натуральна, заходзіць у краму будзе няслушна, але калі гэта маленькая жывёліна, якую нельга пакінуць…» – разважае доктар.

Вікулаў пры гэтым падкрэсліў, што людзі з алергіяй маюць самыя клапаціцца пра сваё здароўе і не мусяць абмяжоўваць свабоды іншых асобаў:

«Калі чалавек мае моцную рэакцыю, ён мусіць атрымліваць адпаведнае супрацьалергічнае лекаванне і разумець: калі ён выходзіць з кватэры, у яго можа быць рэакцыя, значыцца, ён павінен атрымліваць прафілактычную тэрапію да імавернага кантакту з алергенамі і не абмяжоўваць перасоўвання ды свабоды іншых людзей і жывёлінаў у тым ліку».

Такім чынам, каб алергікі бесперашкодна наведвалі грамадскія месцы, там не мае быць не толькі хатніх гадаванцаў, але і іхных гаспадароў, якія могуць прынесці алерген на вопратцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Таксама Закон аб адказным абыходжанні з жывёлінамі абавязвае:

  • «неадкладна» прыбіраць «прадукты жыццядзейнасці жывёліны» (за сабакамі-павадырамі можна не прыбіраць);
  • не пускаць гадаванцаў купацца побач з месцамі масавага адпачынку людзей;
  • не пазбаўляць без ветэрынарных паказанняў або патрабаванняў стандарту пароды іклаў, кіпцюроў, вушэй, хвастоў;
  • не пакідаць гадаванцаў без нагляду ў грамадскіх месцах, у тым ліку на прывязі, акрамя адмысловых месцаў;
  • рабіць захады, каб не было непажаданага прыплоду;
  • уладальнікаў сабакаў, якія «патрабуюць асаблівай адказнасці», і небяспечных сабакаў прайсці адмысловыя курсы з афармленнем адпаведнага пасведчання.

І ў гэтым выпадку пералік не вызначальны, бо дадатковыя забароны могуць быць прапісаныя ў іншых заканадаўчых актах.

Hавiны
У Віцебскай вобласці завялі крымінальную справу на ўладальніка аўчарак, якія загрызлі мужчыну
2022.11.20 10:01

Такая ж гісторыя – з умярцвеннем жывёлінаў. Закон вызначае выпадкі, калі забойства дазволенае:

  • для спынення пакутаў жывёліны, калі іншых варыянтаў дапамагчы не засталося;
  • прыплод з «прыроджанымі фізічнымі парокамі»;
  • нежыццяздольнасць лабараторных і службовых жывёлінаў і жывёлінаў, якія выкарыстоўваюцца ў культурніцкай дзейнасці ды ў сферы фізкультуры і спорту;
  • клінічныя прыкметы заразнай хваробы (дыягназ мае паставіць ветэрынар);
  • іншыя выпадкі, прадугледжаныя актамі заканадаўства.

Умярцвенне мае быць пад агульнай анестэзіяй адмысловымі прэпаратамі.

Прытулак для жывёлінаў «Сірыус». Вёска Фэдараўка, Украіна. 31 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Забіваць злоўленых бадзяжных жывёлінаў закон не дазваляе. Дакумент пры гэтым надзвычай няпоўна рэгламентуе змаганне з безнагляднымі гадаванцамі: адлоў і перадаванне ў пункты часовага ўтрымання, прытулкі, а таксама зоаабаронцам і валанцёрам. Усё.

У першай рэдакцыі закону прадугледжвалася, што бадзяжных сабакаў і катоў будуць лягчаць, бо гэта самы дзейсны і гуманны спосаб паступовага змяншэння іхнай колькасці, якім карыстаюцца ў шмат якіх краінах. Аднак з нейкіх прычынаў (імаверна, фінансавых: дзяржава не захацела выдаткоўваць на гэта грошы) гэтая норма не дажыла да канчатковага ўхвалення акту.

Адказныя за стварэнне пунктаў часовага ўтрымання бадзяжных жывёлінаў мясцовыя ўлады. Колькі часу «кліент» зможа жыць там, закон не вызначае (у прытулку – без абмежаванняў). Акрамя таго, дакумент не дае адказу на пытанне, куды падзенуць жывёліну, калі ў прыстанку не будзе вольнага месца.

Пры гэтым закон наўпрост забараняе адкрываць пункты часовага ўтрымання і прытулкі ў жылых дамах – і прыватных, і шматкватэрных, а таксама на лецішчах і прысядзібных тэрыторыях. Гэта мусіць быць асобнае капітальнае збудаванне.

Асобаў, якія з нейкіх прычынаў хочуць пазбавіцца ад жывёліны, закон абавязвае аддаць яе ў пункт утрымання, прытулак, зоаабароннай арганізацыі ці «іншым асобам, якія могуць забяспечыць умовы ўтрымання».

Гісторыі
Што чарнобыльскія бадзяжныя сабакі могуць распавесці нам пра радыяцыю?
2023.04.29 07:10

У законе засталася норма пра часовае абмежаванне права ўласнасці на гадаванца і часовае выняцце жывёліны, напрыклад, калі сабака пакусае свайго суродзіча або чалавека.

Таксама захавалася рэгуляванне перавозу хатніх жывёлінаў: тут галоўнае – падпарадкоўвацца правілам, што дзеяць у адпаведным відзе транспарту. Напрыклад, у грамадскім транспарце ў Менску гадаванец абавязкова мусіць быць у пераносцы ці клетцы. У міжгародніх аўтобусах жывёлінаў вагою да 5 кілаграмаў у торбах і пераносках можна перавозіць у салоне, буйнейшых – толькі ў багажным адсеку.

На чыгунцы свабоды болей. У электравіках і цягніках гарадскіх лініяў дазваляецца ехаць з сабакам у тамбурах ды іншых вызначаных месцах, а ў звычайных цягніках – у купэйных вагонах, толькі давядзецца выкупіць усе месцы ў купэ. Гадаванец не ў завялікай пераносцы падарожнічаць можна ў любых вагонах любых цягнікоў.

Як было ў першапачатковым варыянце, гэтак і засталося ў фінальным: аніяк не абмежаваны лік жывёлінаў-кампаньёнаў, якіх можна трымаць у кватэры або доме. Пры гэтым патрабуецца забяспечыць гадаванцам спрыяльныя ўмовы: яны мусяць мець неабходную прастору, жыць у цяпле, святле і пры добрай вентыляцыі, павінны быць здаволеныя іхныя патрэбы ў харчаванні, адпачынку, руху ды «іншыя фізіялагічныя патрэбы».

Дазваляецца трымаць гадаванцаў і ў інтэрнатах, акрамя некаторых выняткаў.

Спявачка Кетэван Асраташвілі, певица Кетеван Асраташвили
Спявачка Кетэван Асраташвілі са сваім сабакам. Варшава, Польшча. 22 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Між тым з закону зніклі шмат якія палажэнні, што датычаць шпацыраў з жывёлінамі, іхнай рэгістрацыі, згаданага вышэй чыпавання, лягчання бадзяжных сабакаў і катоў. Нельга выключаць, што нас чакае багата сюрпрызаў, бо цяпер за справу возьмецца ўрад. У цішы службовых кабінетаў і далёка ад грамадства Савет Міністраў вызначыць:

  • як і якіх жывёлінаў-кампаньёнаў трэба рэгістраваць (некаторыя палажэнні на гэты конт былі ў першапачатковым варыянце, але зніклі);
  • дзе можна, а дзе забаронена шпацыраваць з сабакам (адпаведныя правілы былі ў праекце закону, аднак іх прыбралі);
  • якія пароды будуць лічыцца небяспечнымі і такімі, што патрабуюць «асаблівай адказнасці ўладальніка»;
  • дзе і якім чынам уласнікі такіх сабакаў будуць праходзіць адмысловыя курсы;
  • парадак утрымання гадаванцаў у хатніх умовах;
  • парадак і тэрміны ўтрымання жывёлінаў у прытулках;
  • парадак адлову безнаглядных жывёлінаў.

Цалкам закон набудзе моц 1 студзеня 2026 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Gundula Vogel / pixabay.com

Заканадаўчай эвалюцыяй назваў гэты нарматыўны дакумент у размове з «Белсатам» прадстаўнік ініцыятывы «Зялёны тэлефон». Гэта праект, які дапамагае развязваць экалагічныя праблемы.

«Адзінае пытанне – як гэта будзе працаваць на практыцы», – заўважыў пры гэтым актывіст.

Карысным суразмоўца палічыў абавязковае чыпаванне жывёлінаў у гадавальніках, аднак адзначыў больш хібаў новага закону:

«Ніяк не адлюстравана тое, як, напрыклад, дэльфінарыі, кантактныя заапаркі, звярынцы будуць працягваць сваю дзейнасць. Адна справа – утрыманне жывёліны ўдома, іншая – у спецыялізаваных установах. Для гэтага патрэбная большая рэгламентацыя».

Таксама бракуе нормы пра пагалоўнае лягчанне і наагул, «вельмі размытае тое, як дзяржава будзе клапаціцца пра бадзяжных жывёлінаў», падкрэсліў прадстаўнік «Зялёнага тэлефона». У ідэале безнаглядных гадаванцаў трэба не толькі лягчаць, але і чыпаваць.

«Адною рукою дзяржава дае абарону жывёліне, а іншай рукою забірае, бо 2 красавіка пачаўся разгляд пазову Мінюсту аб ліквідацыі беларускага феліналагічнага цэнтру “Феліта”. Гэта грамадская арганізацыя, якая сярод іншага спрыяла адказнаму абыходжанню з жывёлінамі», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Раней прадстаўнік экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Аляксей Аўчыннікаў у каментары «Белсату» казаў, што гэты нарматыўны дакумент «найперш удакладняе ўзаемадзеянне дзяржавы і гаспадароў жывёлінаў-кампаньёнаў»:

«Што датычыць бадзяжных, сельскагаспадарчых і цыркавых жывёлінаў, то, на маё меркаванне, закон амаль ніяк не ўдакладняе іхных правоў. З гледзішча заалагічнай этыкі гэта, вядома, не робіць дакументу перадавым юрыдычным развязаннем».

Разбор
Цуды гумовых законаў. У Беларусі могуць забараніць прыходзіць з сабакам куды заўгодна
2023.12.01 08:29

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў