Беларусь у Афрыцы мяняе трактары на апельсіны


Беларусь нарошчвае прысутнасць на рынках краінаў Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і актыўна развівае «нефінансавыя інструменты» разліку з контрагентамі. Пра гэта заявіў у эфіры «Беларусь 1» першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун.

Апельсіны на Камароўскім рынку ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Гэтыя рынкі велізарныя. На тым жа афрыканскім рынку ёсць апорныя пункты – Егіпет, Нігерыя, Экватарыяльная Гвінея, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Тут аб’ём рынку большы за 100 мільярдаў долараў», – адзначыў Андрэй Картун.

Намеснік міністра падкрэсліў, што ў разліках з контрагентамі выкарыстоўваюцца ў тым ліку і «нефінансавыя інструменты», такія як бартар.

«Часта афрыканскія контрагенты кажуць, што ў сілу жорсткага валютнага заканадаўства не могуць заплаціць, а могуць памяняць трактары на апельсіны, якія нам патрэбныя. Ужо ёсць удалыя кейсы такога абмену», – пахваліўся Андрэй Картун.

У адзіночку вытворцу, дадаў ён, цяжка заходзіць на новы рынак, таму неабходна выкарыстоўваць «дыпламатычныя каналы, фінансавыя і нефінансавыя інструменты, розную дапамогу ў аплатах».

«Тут ужо банкі падлучаюцца і шукаюць магчымасці для нашых прадпрыемстваў. У тым ліку выкарыстоўваюць такія схемы, як факторынг (пошук контрагентаў для таго, каб былі выключаныя рызыкі неаплаты)», – падкрэсліў першы намеснік міністра.

9 красавіка на нарадзе, прысвечанай развіццю прамысловасці, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што продажы на замежных рынках «стабільна павялічваюцца тры гады запар», у першую чаргу на «традыцыйны рынак брацкай Расеі і іншых дзяржаваў СНД».

«Аднак з далёкім замежжам сітуацыя нашмат горшая, – падкрэсліў Лукашэнка. – Аб’ём продажаў склаў менш за 20 % у дачыненні дасанкцыйнага 2021 года. Не выкананыя планы экспарту ў дружалюбныя краіны далёкай дугі. У Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Азіі сёння велізарны попыт на прамысловую прадукцыю. Тут трэба шчыльна працаваць і займаць свае нішы. І перш за ўсё – на афрыканскім кантыненце».

Ён нагадаў пра дамоўленасці на пастаўкі больш чым 3 тысяч трактароў, 80 камбайнаў і 30 самазвалаў у Зімбабвэ, больш за 150 трактароў – у Тога. Плануюцца пастаўкі тэхнікі ў Нікарагуа, В’етнам, Іран і Пакістан.

«Чаму пасля ўсіх праведзеных перамоваў на найвышэйшым узроўні мы не працуем з Экватарыяльнай Гвінеяй? Відавочна ж, трэба ісці далей, пашыраць супрацу. І разумець, што нашая стратэгічная задача – стварэнне супольных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі ў апорных краінах. Ключавая мэта сёння – дыверсіфікацыя экспарту», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
Беларусь збіраецца заваліць тэхнікай Афрыку
2024.04.15 08:25

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў