У Беларусі прыдумалі, як ператвараць ручныя гранаты ў «разрады» для беспілотнікаў


У Беларусі распрацавалі модуль для ручных гранат, які ператварае іх у «разрады» для беспілотнікаў. Модуль распрацаваны дзяржаўным прадпрыемствам «Завод дакладнай электрамеханікі», якое знаходзіцца ў Менску. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Фота: Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі. Крыніца: vpkgovby / Telegram

У адрозненне ад ручных гранат са стандартнымі запаламі, дэтанацыя скіду адбываецца за кошт спрацоўвання інерцыйнага ўдарнага механізму. Паведамляецца, што модуль можа быць сабраны ў палявых умовах, ён бяспечны ў эксплуатацыі і можа выкарыстоўвацца з вышыні 50 і больш метраў.

Фота: Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі. Крыніца: vpkgovby / Telegram

Тым часам Беларусь закупаецца беспілотнікамі. Так, у пачатку красавіка паведамлялася, што Мінабароны Беларусі закупляе 13 расейскіх разведвальных беспілотных комплексаў Supercam S350. Тэндар на закупку беспілотнікаў Supercam S350 або іх аналагаў быў аб’яўлены 5 красавіка 2024 года, піша «Мілітарний».

Паведамляецца, што гэта самая буйная аднаразовая закупка беспілотных сістэм Supercam.

Усяго з 2020 па 2023 гады Мінабароны Беларусі закупіла толькі 11 Supercam C350/C150.

На набыццё беспілотных разведвальных комплексаў плануецца накіраваць 5 мільёнаў 283 тысячы 497 долараў.

Адпаведна, адзін беспілотны комплекс абыдзецца бюджэту Беларусі ў 406 тысяч 422 долара.

Беларускі беспілотнік Supercam.
Фота: «Мілітарний»

Набытыя беспілотнікі будуць выкарыстоўвацца для ффармавання падраздзяленняў аэравыведкі ў артылерыйскіх брыгадах аператыўных камандаванняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – 111-й (в/ч 11921) і 231-й (в/ч 22313).

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў