Праваабаронцы прызналі палітвязнямі «рэйкавых партызанаў»


11 чалавек увайшлі ў спіс вязняў сумлення паводле агульнай заявы праваабарончай супольнасці.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Vadim Rymakov / TASS / Forum

«Рэйкавыя партызаны», якія былі прызнаныя палітвязнямі, гэта Сяргей Глебка, Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Маўчанаў, Сяргей Канавалаў, Сяргей Пляшкун, Юрый Сельвіч, Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў, Уладзімір Аўрамцаў, Аляксей Шышкавец.

«Дзейны ўрад Беларусі, які не атрымаў падтрымкі большасці насельніцтва краіны, дзеля захавання кантролю над тэрыторыяй краіны працягвае выкарыстоўваць рэпрэсіі і жорстка здушаць негвалтоўны супраціў беларусаў. Урад Лукашэнкі пазбавіў беларусаў законных сродкаў выказвання свайго меркавання з нагоды грамадска-палітычнага курсу краіны і магчымасці ўплываць на прыняцце гэтым урадам палітычных рашэнняў», – гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў.

Сяргей Глебка быў затрыманы ў ноч на 2 сакавіка, ён прызнаў, што паклаў два драўляныя бервяны на чыгуначныя каляіны і падпаліў іх.

4 сакавіка ў Светлагорску былі затрыманыя Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Маўчанаў за падпал 28 лютага на станцыі «Жэрдзь – Астанкавічы» рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання, у выніку чаго святлафоры і стрэлкавыя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Перагон Астанкавічы – Жэрдзь размяшчаецца на лініі Жлобін – Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны).

6 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу затрымалі работніка Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Сяргея Канавалава за «рыхтаванне акту тэрарызму». На думку МУС, мужчына планаваў вывесці з ладу сістэмы, якія гарантуюць бяспеку чыгуначнага руху.

10 сакавіка за рыхтаванне да акту тэрарызму (арт. 13 і арт. 289 КК) у Мазыры затрымалі двух мясцовых жыхароў – Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча. Як сцвярджае следства, мужчыны планавалі падпальваць вайсковую тэхніку расейскага войска падчас яе перамяшчэння, дзеля чаго захоўвалі запальную сумесь у бутэльках.

30 сакавіка былі затрыманыя Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў і Уладзімір Аўрамцаў, іх падазраюць у знішчэнні дзвюх рэлейных шаф сігнальнай усталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання мужчыны паспрабавалі ўцячы. Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне, прынамсі адзін з затрыманых паранены і застаецца ў медычнай установе, а іншым «аказаная меддапамога на месцы».

2 сакавіка ў Асіповічах быў затрыманы Аляксей Шышкавец, які, паводле інфармацыі МУС, «увайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання «ByPol» для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі». 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указанні наконт блакавання чыгуначных каляінаў, а таксама наконт вырабу і выкарыстання «кактэйляў Молатава», «выказаў актыўную гатовасць спрыяць акцыям прамога дзеяння на аб’ектах чыгункі ў раёне гораду Асіповічы з мэтай правядзення дыверсій і недапушчэння прасоўвання эшалонаў з вайсковай тэхнікай», у сувязі з чым ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні з мэтай здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці (арт. 361-1 КК), паведамляюць праваабаронцы.

На 21 красавіка ў Беларусі 1145 палітвязняў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў