Беларусь і В’етнам пачнуць абмен студэнтамі на поўны курс навучання


Беларусь і В’етнам будуць штогод на парытэтнай аснове накіроўваць па 15 грамадзянаў на поўны курс навучання паводле праграмы бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры.

Адпаведная пастанова прадугледжаная міжурадавым пагадненнем аб супрацы ў сферы адукацыі, што было апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Маецца на ўвазе бесперапынная адукацыйная праграма навучання ў дзённай форме тэрмінам 5–6 гадоў.

«Навучэнцы бесперапыннай адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі абавязаныя прайсці поўны курс навучання», – гаворыцца ў дакуменце.

Акрамя таго, для «ўдасканалення педагагічнай дзейнасці бакі штогод накіроўваюць» адно да аднаго на стажыяванне да 5 прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу ўстановаў вышэйшай адукацыі.

У пагадненні гаворыцца пра намер Беларусі і В’етнаму абменьвацца досведам «у найважнейшых кірунках развіцця сістэмы адукацыі», а таксама праводзіць супольныя навуковыя даследаванні ў прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных і педагагічных навуках, якія выклікаюць узаемную цікавасць.

Нагадаем, раней у снежні ўрады Беларусі і Вʼетнаму падпісалі пагадненне наконт узаемнага скасавання візавага рэжыму.

Hавiны
Беларусам будзе не патрэбная віза ў В’етнам
2023.12.08 09:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў