Завезлі ў Следчы камітэт як сведку, адтуль – на Акрэсціна як злачынцу. Студэнтку БДЭУ абвінавачваюць у масавых беспарадках


20-гадовая мянчанка Анастасія Дудзіна ў паслявыбарчую ноч атрымала траўмы пасля выбуху святлошумавой гранаты: аскепак трапіў у нагу, у вуху разарвалася барабанная перапонка. Цяпер у дачыненні дзяўчыны распачалі крымінальную справу, ёй пагражае да васьмі гадоў зняволення.

«Валі адсюль, с…ка!»

Анастасія Дудзіна – студэнтка 4-га курса БДЭУ. З 7 верасня дзяўчына ў ізалятары на Акрэсціна. Яе абвінавачваюць паводле ч. 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі – удзел у масавых беспарадках, што суправаджаліся гвалтам над асобаю, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супрацівам прадстаўнікам уладаў.

Belsat.eu паразмаўляў з маці Анастасіі Нінай Сакалоўскай пра затрыманне дзяўчыны і падзеі, якія гэтаму папярэднічалі.

Анастасія Дудзіна. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Са словаў спадарыні Ніны, ноччу з 9 на 10 жніўня Наста была з сябрамі. Яны назіралі за тым, што адбывалася на вуліцах Менску, з вокнаў кватэры аднаго з сяброў. Маладыя людзі баяліся выйсці, пакуль усё хоць бы крыху не сціхне. Дамоў Наста намерылася пайсці каля 1:30 уначы. Яе суправаджалі сябры. Калі маладыя людзі ішлі па вуліцы Кальварыйскай, да іх пад’ехалі аўтазак, мікрааўтобусы. Выбухнула граната, амапаўцы загадалі маладзёнам легчы на зямлю.

«Наста прасіла: не бейце, калі ласка, мы проста ішлі дамоў, мы нічога не рабілі, – распавядае спадарыня Ніна. – Але амапавец яе піхнуў нагой у спіну і сказаў «ляжаць».

Наста спрабавала паўзці, ён яе схапіў ззаду за кофту, пабачыў, што гэта дзяўчына, і сказаў «Валі адсюль, с..ка!».

Hавiны
«Бландзінка біла мужчын у асноўным паміж ног – ёй гэта вельмі падабалася». Сябра штабу Ціханоўскай пра катаванні на Акрэсціна
2020.09.08 10:43

Наста здолела выбрацца адтуль. Яе падабралі людзі, што праязджалі міма. У аўтамабілі Наста адчула, што з нагі ідзе кроў, – дзяўчына пабачыла, што ў яе ўвесь красовак ў крыві, і нешта тырчыць з нагі. Людзі, якія падвозілі Насту, выклікалі хуткую дапамогу.

Аперацыя на назе, кантузія, разарваная барабанная перапонка

«Наста мне патэлефанавала і сказала, што яе вязуць у вайсковы шпіталь, – распавядае далей маці дзяўчыны. – Акрамя таго, яна дрэнна чула – пазней выявілася, што ў яе разарвалася барабанная перапонка. Таксама Наста казала, што ў яе вочы слязяцца, і яна дрэнна бачыць у лінзах. Я была супраць ваеннага шпіталю, прасіла, каб не туды, але пагадзілася ўрэшце, бо была патрэбная тэрміновая дапамога. Насце зрабілі аперацыю, дасталі аскепкі гранаты. Калі яна адыходзіла ад наркозу, яе прыйшоў апытваць працаўнік міліцыі і, паводле Насты, нешта даваў падпісваць. Але яна не можа ўзгадаць, падпісвала яна нешта ці не, бо яшчэ не была цалкам у прытомнасці пасля наркозу і перажытага шоку. Яе яшчэ раз дапыталі наступнаю раніцаю як сведку таго, што адбылося».

Эпікрыз Анастасіі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

12 жніўня Анастасію выпісалі. Паводле ейнае маці, дзяўчыне далі накіраванне на засведчанне пашкоджанняў, але яна нікуды не пайшла – разам з маці яны пастанавілі, што гэта нічога не дасць. Паводле спадарыні Ніны, яны не думалі, што ў сітуацыі будзе працяг.

Дзяўчына звярнулася па кансультацыю ў РНПЦ отарыналарынгалогіі. Там атрымала пацверджанне, што ў яе было нешта кшталту кантузіі, разарваная барабанная перапонка, але лекары сказалі, што яна зарасце сама, трэба толькі пачакаць. Паводле спадарыні Ніны, увесь гэты час Наста хадзіла з бірушай, каб у вуха не трапляла вада ці пыл. На днях ёй трэба было зноў ісці на кансультацыю.

Раны на назе дагэтуль цалкам не загаіліся, Наста яшчэ іх перавязвае.

«Мы высветлілі, што вашая дачка датычная да злачынстваў»

«Нас ніхто больш не непакоіў да 7 верасня, – кажа Ніна Сакалоўская. – А 7 верасня а 7-й раніцы да нас прыехалі з Упраўлення следчага камітэту Менску. Адзін працаўнік назваўся, яшчэ два былі ў цывільным, не называліся, я нават не ведаю, хто гэта. Насту забралі ды павезлі ў Следчы камітэт на Першамайскую, 7, нібыта як сведку падзеяў ночы з 9 на 10 жніўня».

Паводле спадарыні Ніны, Наста ей патэлефанавала толькі каля 11-й гадзіны ды сказала, што ў яе забіраюць тэлефон на месяц для правядзення следчых дзеянняў, а таксама папярэдзіла, што неўзабаве ў іх удома будзе ператрус.

«Каля 13:30 тыя самыя людзі, што прыязджалі раніцай, прывезлі Насту, папрасілі паклікаць двух панятых і распачалі ператрус, – распавядае далей мама Анастасіі. – Былі вельмі здзіўленыя, што ў нас удома няма ніякіх носьбітаў інфармацыі. Забралі вопратку, у якой Наста была 9-га жніўня. А ейныя красоўкі гэтак і засталіся з тае начы, нават у крыві яшчэ, я іх не мыла. А нагавіцы памыла. Але яны ўсё забралі – і красоўкі, і нагавіцы, і кофту. Насту зноў павезлі на Першамайскую, маўляў, у следчага яшчэ ёсць пытанні».

Ст. м. «Пушкінская», Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Спадарыня Ніна зноў засталася ўдома чакаць. Ёй патэлефанавалі каля 17:20 і сказалі: «А 14:45 мы высветлілі, што вашая дачка датычная да злачынстваў».

«Я запыталася ў следчай – якія злачынствы? Яна ішла як сведка, а цяпер ужо злачынца? – кажа спадарыня Ніна. – Мне не патлумачылі больш нічога. Падрабязнасці я даведалася ад Насцінага адваката, нумар якога мне далі ейныя сяброўкі – яны чакалі Насту ў Следчым камітэце і цалкам выпадкова там сустрэлі адваката, якога ёй далі. Мне потым праваабаронцы з «Вясны» сказалі, што яму можна давяраць».

Як патлумачыў спадарыні Ніне адвакат, Насце выставілі абвінавачванне паводле ч. 2. арт. 293 КК РБ – удзел у масавых беспарадках.

«Яшчэ ён мне сказаў, што Наста не першая, хто ляжаў тады ў ваенным шпіталі ды каго цяпер забіраюць і абвінавачваюць, – кажа нам далей Ніна Сакалоўская. – Я ў яго пыталася – што мне рабіць, як дапамагчы дачцэ, якая са сведкі сталася злачынкай? Ён мне параіў звяртацца ва ўсе медыі, даць як можна большы розгалас сітуацыі, бо гэта поўнае беззаконне».

«Як нам абараніцца, калі законы тут больш не працуюць?»

Паводле спадарыні Ніны, Насту затрымалі на 72 гадзіны, і гэты тэрмін сканчаецца 10 верасня а 14:45. На гэты ж дзень на раніцу запланаваныя следчыя дзеянні з удзелам дзяўчыны.

У маці цяпер няма ніякай сувязі з дачкой. Да Анастасіі не пускаюць нават адваката праз каранцін у звязку з COVID-19.

Hавiны
Парвалі бялізну, палохалі згвалтаваннем, а следчы пытаў пра выбары. Мянчанка – пра падзеі апошняга месяца
2020.09.07 13:14

«Але ўчора, калі я адвозіла перадачу для Насты, працаўнік, які прымаў рэчы, сказаў, каб я не хвалявалася, бо там добрыя ўмовы, што ў затрыманых ёсць і мыла, і папера для прыбіральні, што іх ніхто не б’е. Курорт проста. Ну а што яшчэ яны будуць казаць? Вядома, запэўніваць, што ўсё добра», – кажа спадарыня Ніна.

Мама студэнткі распавяла таксама, што на Акрэсціна цяпер яшчэ адна маладая дзяўчына, Марына. Яна ляжала разам з Настай у ваенным шпіталі. Спадарыня Ніна лічыць, што такім чынам улады запужваюць моладзь, хочуць паказаць ім іх месца.

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

«Студэнтаў, моладзь проста выціскаюць адсюль. Нашую будучыню, тых, хто гэтую краіну мусіць потым развіваць. А ўлады цяпер робяць так, што моладзі няма ніякага жыцця тут, што яны вымушаныя з’язджаць, – у голасе спадарыні Ніны чуваць слёзы, але жанчына кажа далей. – Пра якія законы можна казаць, калі цябе могуць забраць як сведку, а потым выяўляецца, што на табе ўжо крымінальны артыкул? За што? За тое, што чалавек ішоў дамоў, пацярпеў праз выбух гранаты, і ён яшчэ і вінаваты ў гэтым і невядома ў чым яшчэ? Яе што – выцягнулі з нейкай барыкады ці яна супраціўленне аказвала працаўніку міліцыі? Што яна рабіла? Законы працуюць толькі для іх, калі ім патрэбна. Калі, не дай Бог, зачэпіш амапаўца, то табе прышыюць артыкул і пасадзяць. А калі яны людзей калечаць, то няма ніводнай крымінальнай справы. Гэта нармальна ўвогуле? Мы хочам справядліва, мірна ўсё развязваць. А ў нас у адказ страляюць, нас затрымліваюць, пужаюць, кажучы, што нам будзе яшчэ горш. З гэтым трэба неяк змагацца, але як, калі ніякімі законнымі шляхамі не абараніцца?»

  • За час пратэстаў, якія трываюць у Беларусі з 9 жніўня, былі затрыманыя больш за 7000 асобаў.
  • Па фактах збіцця і катаванняў у Следчы камітэт паступілі каля 1000 заяваў ад грамадзянаў Беларусі. На момант публікацыі не распачалі ніводнай справы па фактах перавышэння службовых паўнамоцтваў з боку працаўнікоў МУС.

НА belsat.eu

Стужка навінаў