2 лютага дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы ды іншыя прадстаўнікі тэлеканалу сустрэліся ў Варшаве з Джулі Фішэр, прызначанай амбасадаркай ЗША ў Беларусі.
Амерыканская дыпламатка таксама спаткалася з прадстаўнікамі польскага ўраду і беларускай грамадзянскай супольнасці.
Доналд Трамп прызначыў Джулі Фішэр у красавіку 2020 г. на пасаду амбасадаркі ЗША ў Беларусі. Раней яна выконвала функцыю намесніцы асістэнта дзяржаўнага сакратара ЗША у Бюро еўрапейскіх і еўразійскіх справаў Дзяржаўнага дэпартаменту.
16 снежня 2020 г. ейную кандыдатуру на пасадзе амбасадаркі зацвердзіў Сенат Злучаных Штатаў.
20 ліпеня 2020 г. Аляксандр Лукашэнка прызначыў Алега Краўчанку, віцэ-міністра замежных справаў, амбасадарам Рэспублікі Беларусь у ЗША. Дыпламат раптоўна памёр 25 снежня 2020 г. Ён не паспеў выехаць у Вашынгтон і заняць сваю новую пасаду.
Амбасадара ЗША ў Беларусі, як і беларускага амбасадара ў Злучаных Штатах, няма з 2008 г.
Сяргей Пеляса
Фота: US mission to NATO