Паводле абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве» дваіх асобаў прыгаварылі да 7,5 і 14 гадоў калоніі


У Менскім гарадскім судзе яшчэ ў мінулым годзе вынеслі прысуд абвінавачваным у «справе “Манкурты”» – Вользе Саламенік і Уладзіміру Трыфанаву, аднак пра іхныя прысуды праваабаронцам стала вядома толькі цяпер.

Уладзімір Трыфанаў і Вольга Саламенік. Крыніца: spring96.org

Вольгу Саламенік і Уладзіміра Трыфанава асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») і ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»). Падрабязнасці справы невядомыя, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме, а сама крымінальная справа мае грыф сакрэтнасці, паведамляюць праваабаронцы.

Справу разглядала суддзя Валяціна Зенькевіч, якая прысудзіла Уладзіміру 14 гадоў калоніі, а Вольгу асудзіла на 7,5 года калоніі.

Падрабязнасці затрымання асуджаных вядомыя з прапагандысцкага фільму АНТ «Аперацыя КДБ “Манкурты”». У ім распавядалася пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча, якога судзілі за перадачу тэлеграм-каналу «Nexta» размоваў Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. Таксама ў фільме сцвярджалася, што размовы былі інсцэнізацыяй, але Храловіч пра гэта не ведаў.

У прапагандысцкім фільме Вольга казала, што на просьбу Ігара Макара ёй трэба было «забраць нейкага чалавека і архіў КДБ і пераправіць яго ў Польшчу». Уладзімір Трыфанаў нібыта быў правадніком праз беларуска-літоўскую мяжу, праз якую мусіў нелегальна перавесці Аляксея Храловіча.

Вядома, што Вольгу год утрымлівалі ў СІЗА КДБ, дзе яна трымала галадаванне. Потым яе перавялі ў СІЗА № 1.

«Яна была зусім сівая. Яна доўга трымала галадаванне – яе нават кармілі праз вены на руках, таму яны ў яе былі надзьмутыя, як лясныя карчакі. У Вольгі быў вялікі бізнес у Горадні, але яна ўсё прадала і хацела набыць кватэру ў Грэцыі і з’ехаць. Але ўсё гэта адбылося і яе схапілі. Дакументаў ніякіх на руках у яе не было, бо справа была пад грыфам сакрэтнасці. Ёй нічога не выдавалі на рукі наогул», – распавяла жанчына, якая сустракалася з Вольгай у зняволенні.

Былому падпалкоўніку КДБ Аляксею Храловічу прысудзілі 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 500 базавых велічыняў штрафу паводле ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча»).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў