Расейскія СМІ: Пуцін абмяркоўваў абмен Навальнага ўсяго за некалькі гадзінаў да ягонай смерці


Расейскае выданне «Агентство» апублікавала невядомыя раней дэталі перамоваў пра абмен вязняў паміж Расеяй, Нямеччынай і ЗША.

Аляксей Навальны.
Фота: Алексей Навальный / Facebook

Дзве крыніцы «Агентства» сцвярджаюць, што Пуцін у дзень смерці Навальнага, раніцаю 16 лютага ў калоніі Харпе, абмяркоўваў абмен падчас асабістай сустрэчы з Раманам Абрамовічам і на словах выказаў згоду на ўгоду.

Згоду Пуціна на абмен пацвердзіў «Агентству» журналіст Хрыста Грозэў:

«З таго, што мы ведалі ў апошнія дні да забойства, было ўражанне, што ён (нават на здзіўленне перамоўнікаў з расейскага боку) пагадзіўся».

Аднак Грозэў упэўнены, што гэта была прытворная згода:

«Думаю, што гэта было ці прыкрыццём планаў пра забойства, ці стратэгічнаю хадою, каб давесці перамовы амаль да канца, мяркуючы, што калі Нямеччына пагадзілася прынцыпова аддаць Вадзіма Красікава, то пры адсутнасці Навальнага яны пагодзяцца яго абмяняць і на іншага, не настолькі важнага для Пуціна зняволенага».

«Пуцін, пасля таго як даведаўся, што Захад гатовы аддаць у Расею Красікава, загадаў забіць Навальнага», – кажа іншая крыніца выдання.

Усе суразмоўцы «Агенства» сыходзяцца ў тым, што Навальны быў галоўным, але не адзіным аб’ектам абмену. Расейскі бок быў гатовы выдаць Нямеччыне і ЗША Навальнага, а таксама журналіста «The Wall Street Journal» Эвана Гершкавіча і амерыканскага марпеха ў адстаўцы Пола Ўілана (яны абодва застаюцца ў Расеі за кратамі). У адказ заходнія краіны былі гатовыя выдаць асуджанага ў Нямеччыне на пажыццёвае зняволенне забойцу і афіцэра расейскіх спецслужбаў Вадзіма Красікава і яшчэ некага з асуджаных у ЗША расейцаў. Адна з крыніцаў сказала, што падчас перамоваў гучала імя Уладзіслава Клюшына – заснавальніка кампаніі «М13», якая супрацоўнічала з адміністрацыяй Пуціна ды іншымі дзяржаўнымі органамі Расеі. Клюшына асудзілі ў ЗША за хакерства і інсайдарскі гандаль.

Hавiны
У Расеі затрымалі больш як сотню ўшанавальнікаў памяці Навальнага
2024.03.02 09:38

Перамовы пра абмен ішла як мінімум з вясны 2023 года. Канчаткова план абмену заходнімі краінамі быў узгоднены на сустрэчы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і канцлера ФРГ Оляфа Шольца ў пачатку лютага, кажуць дзве крыніца «Агентства». Пра тое ж пісалі ў «Reuters» са спасылкаю на сваю крыніцу.

Аляксей Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі. Чаму памёр Навальны, дакладна невядома. У адмысловай даведцы пазначана: «прычыны смерці – натуральныя». Цела доўга не аддавалі сям’і.

Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады.

Навальнага пахавалі 1 сакавіка на Барысаўскіх могілках у Маскве. На развітанне з палітыкам прыйшлі тысячы людзей.

Hавiны
«Гэта сапраўды ўмоўны «Навічок». Расследавальнік Грозэў пра смерць Навальнага
2024.03.02 13:47

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў