Святлана Ціханоўская пракаментавала судовы працэс па справе TUT.BY


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская лічыць, што Марына Золатава, Людміла Чэкіна і ўсе працаўнікі TUT.by – гонар беларускай журналістыкі. Суд над імі адбываецца праз нязгоду прыслугоўваць інтарэсам рэжыму, лічыць Святлана Ціханоўская.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава на першым судовым паседжанне па «справе TUT.BY».
Фота: sb.by

«Справу TUT.by» пачалі разглядаць 9 студзеня ў закрытым рэжыме. Сярод абвінавачваных генеральная дырэктарка «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава. Працэс вядзе суддзя Валянціна Зянкевіч.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская адрэагавала на гэты працэс.

«Марына Золатава, Людміла Чэкіна і ўсе працаўнікі TUT.by – гонар беларускай журналістыкі. Яны зрабілі для Беларусі больш, чым усе прысутныя ў залі суда прапагандысты, пракуроры, ахоўнікі ды іншыя прыслужнікі. У любой нармальнай дзяржаве яны атрымлівалі б прэміі за прафесіяналізм, а не сядзелі б за кратамі. Але Беларусь сёння – гэта не нармальная дзяржава.

Незалежныя і сумленныя журналісты патрэбныя кожнай дзяржаве, каб прыцягваць увагу да праблем і вырашаць іх. Узамен рэжым наймае прапагандыстаў для стварэння нібыта прыгожай карцінкі ў дзяржаве. А тых, хто адважыўся казаць праўду – рэпрэсуюць, катуюць, запалохваюць.

Менавіта за гэта зараз «судзяць» Марыну Золатава і Людмілу Чэкіну. За нязгоду прыслугоўваць інтарэсам рэжыму ў абыход прынцыпам прафесійнай журналістыкі, за выдатную працу, за праўду і сумленне.

Я ўпэўненая, што праўда ўсё роўна пераможа. Але, як мы ўжо ведаем, праўда павінна ўмець сябе абараняць – асабліва ў часы, калі супрацьстаіць дыктатуры і вайне. Таму я вельмі хачу падтрымаць працаўнікоў TUT.by іх калег, родных і каханых. Я ведаю, што гледзячы на сённяшнія фота Марыны і Мілы, ніхто не паверыць, што яны злачынцы. Гэтыя цудоўныя, смелыя, гордыя жанчыны – твары беларускай журналістыкі. І ўсім нам беларусам вельмі пашанцавала з імі. І пакуль яны не на волі, гэта наш з вамі абавязак – дапамагчы праўдзе перамагчы».

Людміла Чэкіна і Марына Золатава. Калаж з фота zerkalo.io

Абвінавачваныя па «справе TUT.by» былая генеральная дырэктарка кампаніі Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка Марына Золатава, галоўная рэдактарка палітычна-эканамічнага блоку навінаў Вольга Лойка, рэдактарка Алена Талкачова, юрысконсульт Кацярына Ткачэнка.

Людміле Чэкінай інкрымінуюць ухіленне ад выплаты падаткаў, арганізацыю распальвання сацыяльнай варожасці, а таксама распаўсюд матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Золатаву, Лойку і Талкачову вінавацяць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, распальванні сацыяльнай варожасці, распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Ткачэнку вінавацяць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў