За праўду пагражае да 12 гадоў: у Менску пачынаюць судзіць супрацоўнікаў TUT.by


9 студзеня ў Менскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачалі разглядаць крымінальную справу ў дачыненні супрацоўнікаў «Тут Бай Медыя».

Абвінавачваныя – пяцёра асобаў: былая генеральная дырэктарка кампаніі Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка Марына Золатава, галоўная рэдактарка палітычна-эканамічнага блоку навінаў Вольга Лойка, рэдактарка Алена Талкачова, юрысконсульт Кацярына Ткачэнка.

Людміле Чэкінай інкрымінуюць ухіленне ад выплаты падаткаў, арганізацыю распальвання сацыяльнай варожасці, а таксама распаўсюд матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Золатаву, Лойку і Талкачову вінавацяць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, распальванні сацыяльнай варожасці, распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Ткачэнку вінавацяць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Яшчэ дзевяцёх фігурантаў «справы TUT.by», якіх вінавацілі ў дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, вызвалілі ад крымінальнай адказнасці. Яны прызналі віну, пакрылі шкоду і заявілі аб хадайніцтве на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава. Калаж з фота zerkalo.io

Пралог

Партал TUT.by працаваў у Беларусі з 2000 года. Першапачаткова быў паштовым сэрвісам, аднак хутка стаўся паўнавартасным найбуйнейшым выданнем у краіне. Падчас падзеяў жніўня 2020 года TUT.by падрабязна пісаў, якія парушэнні зафіксавалі назіральнікі на выбарах, што адбывалася на вуліцах беларускіх гарадоў. У адказ Міністэрства інфармацыі пачало выносіць парталу папярэджанне за папярэджаннем за распаўсюд «недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам».

19 лістапада 2020 года затрымалі журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч, якая напісала артыкул пра забітага Рамана Бандарэнку.

3 снежня Эканамічны суд Менску пазбавіў выданне статусу СМІ. Міністэрства інфармацыі палічыла, што «недакладная інфармацыя» ў матэрыялах, за якія вынесеныя папярэджанні, наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам.

2 сакавіка 2021 года Кацярыне Барысевіч агучылі вырак: 6 месяцаў пазбаўлення волі і штраф 100 базавых велічыняў. Журналістка адбыла тэрмін і выйшла на волю.

Кацярына Барысевіч шпацыруе ў Батанічным садзе. Журналістка правяла паўгода ў турме за публікацыю артыкулу, у якім адзначалася, што ў загінулага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю ў крыві. Менск, Беларусь. 5 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Разгром TUT.by: хроніка

Раніцай 18 траўня 2021 года ў офіс кампаніі «Тут Бай Медыя», а таксама звязаных з ёй hoster.by і av.by прыйшлі работнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Ператрусы адбыліся ў офісах кампаніяў, удома ў галоўнай рэдактаркі і журналістаў выдання TUT.by, а таксама ў яго рэгіянальных офісах. КДК распачаў крымінальную справу паводле артыкулу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры нібыта праз «атрыманне выручкі, не абумоўленай дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў» (ч. 2 арт. 243 КК).

Сайт і рахунак TUT.by заблакавалі. Тады сілавікі затрымалі больш за 15 супрацоўнікаў кампаніі ды яе партнёраў.

Разгром TUT.by улады зладзілі на наступны дзень пасля гадавіны смерці заснавальніка кампаніі Юрыя Зісера. Удава Юлія Чарняўская таксама праходзіла ў справе: яе заключылі пад хатні арышт.

25 траўня 2021 года праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітычнымі вязнямі 15 асобаў, затрыманых у звязку са справаю супраць парталу TUT.by.

27 чэрвеня кіраўніцтва TUT.by паведаміла, што выдаліла (ці схавала з агульнага доступу) публікацыі ўва ўсіх сацыяльных сетках парталу за 2020-ы і першую палову 2021 года дзеля бяспекі чытачоў і работнікаў выдання на час разгляду справы аб экстрэмізме. Сама каманда TUT.by пераехала за мяжу, дзе 8 ліпеня паведаміла пра запуск новага сайту – Zerkalo.io.

13 жніўня суд прызнаў экстрэмісцкімі інфармацыйную прадукцыю TUT.by, а таксама праект былой каманды выдання «Zerkalo» і іх сацыяльныя сеткі. Экспертная камісія выявіла, што дзейнасць выдання нібыта наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам і нацыянальнай бяспецы Беларусі, бо ўключае «інфармацыйнае забеспячэнне пратэстаў, стварэнне магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі», мае прыкметы «высмейвання і абразы, негатыўнай ацэнкі дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных групаў асоб, вылучаных паводле прафесійнай прыкметы», рэалізуе «стратэгію і тактыку дыскрэдытацыі».

1 верасня 2021 года на волю выйшаў кіраўнік Hoster.by Сяргей Павалішаў. Яму змянілі меру стрымання, аднак ён заставаўся пад следствам.

У кастрычніку 2021-га Следчы камітэт Беларусі заявіў, што пачатая новая крымінальная справа супраць супрацоўнікаў выдання TUT.by – аб распальванні варожасці (ч. 3 арт. 130 КК). Санкцыі паводле гэтага артыкулу прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У студзені 2022-га Юлію Чарняўскую вызвалілі з-пад хатняга арышту, аднак следства не спынілі. 11 сакавіка з СІЗА выйшлі намесніца галоўнага бухгалтара парталу Марыя Новік, намесніца генеральнага дырэктара ў агульных пытаннях Ірына Рыбалка і галоўная бухгалтарка Анжэла Асад. Праз тыдзень са следчага ізалятару выйшлі галоўная рэдактарка палітычна-эканамічнага блоку навінаў Вольга Лойка, намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека і менеджар «Publisher Box» Андрэй Аўдзееў. Ім змянілі меру стрымання, але яны ўсё яшчэ застаюцца пад следствам.

Усе фігуранты справы, якім змянілі меру стрымання, як і іхныя адвакаты, – пад падпіскаю пра нераспаўсюд.

25 красавіка суд у Менску прызнаў вінаватаю менеджарку праекту TAM.by Дар’ю Данілаву ў грубым парушэнні парадку і прызначыў ёй адзін год і чатыры месяцы калоніі. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА (больш за 11 месяцаў), яе адпусцілі ў зале суда. Гэта быў першы вырак у «справе TUT.by».

У СІЗА з моманту затрымання да гэтага часу застаюцца былая генеральная дырэктарка TUT.by Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава.

Вольгу Лойку, Алену Талкачову, Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну КДБ залучыў у спіс тэрарыстаў. Падставаю сталася абвінавачанне ў распальванні варожасці (арт. 130 КК) і ў закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (арт. 361 КК).

Плакат на падтрыманне журналістаў. Марш вызвалення палітычных вязняў, 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

«Справа TUT.by»

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Тут Бай Медыя» мела статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогіяў і плаціла меншыя падаткі. Аднак, паводле Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі, TUT.by атрымала прыбытак, не абумоўлены дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ. На падставе звестак ДФР назіральная рада ПВТ 18 траўня 2021 года пастанавіла: «Тут Бай Медыя» страціла права на падатковыя ільготы.

Генеральная пракуратура сцвярджае, што «з мэтай атрымання падатковых прэферэнцыяў як рэзідэнта ПВТ у 2019 годзе была ўкаранёная схема «драбнення бізнесу»: стварылі падкантрольную кампанію «Publisher Box», на якую для працягу атрымання выручкі фармальна «перавялі» функцыі надання пасярэдніцкіх паслуг, звязаных з распрацоўваннем, вырабам рэкламных матэрыялаў, размяшчэннем рэкламы на інтэрнэт-рэсурсах удзельнікаў дамоўных дачыненняў ды іншых паслуг з выкарыстаннем іншага праграмнага забеспячэння».

«Ажыццяўленне вышэйпаказанай дзейнасці было не сумяшчальнае з сяброўствам у парку, у звязку з чым адсутнічалі падставы для падатковых паслабленняў, пры гэтым у адміністрацыю ПВТ падаваліся ілжывыя звесткі пра рэальнае становішча рэчаў. Як вынік – у бюджэт у 2019–2021 гадах недаплацілі больш за Br 3 млн падаткаў», – паведаміла прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

СП belsat.eu

Стужка навінаў