Навінаў на «Белсаце» будзе яшчэ больш. У новы сезон – з новымі выклікамі


13 верасня «Белсат» распачаў новы сезон. Рэдакцыя інфармацыі аднаўляе не толькі ранейшыя выданні навінаў у жывым эфіры, але і вітае гледачоў новым фарматам.

Акрамя галоўнага, традыцыйнага блоку навінаў а 21:00, эфір пабольшае на 3 выданні навінаў штодня. Каб дазнацца, што адбываецца цягам дня, не абавязкова чакаць вечара. Кароткія выданні навінаў цяпер будуць выходзіць а 16:00, 17:00 і 18:00.

Акрамя нашага традыцыйнага спадарожнікавага тэлебачання, кароткія выданні навінаў можна будзе глядзець онлайн, праз праграму «Smart TV», а таксама ў нашых сацыяльных сетках і на канале «Belsat Now».

Фота: belsat.eu

Глядзець «Белсат» – не злачынства

Як вядома, сёлета «Белсат» у Беларусі прызналі экстрэмісцкім. У сувязі з гэтым кіраўнік інфармацыйнай службы Ігар Кулей не раіць распаўсюджваць нашых матэрыялаў у сацыяльных сетках.

«Але глядзець нас, як і раней, – гэта не крымінальнае злачынства і не адміністратыўная адказнасць. Наадварот, гэта дапаможа нам, бо мы будзем бачыць, што патрэбныя», – каментуе сітуацыю Ігар Кулей.

Кіраўнік рэдакцыі запрашае глядзець навіны любым зручным спосабам: праз спадарожнікавую антэну ці ў інтэрнэце, аднак сам аддае перавагу жывому онлайн-эфіру:

«Навіны можна каментаваць, і, па сакрэце скажу, вядоўцы «Студыі», якая ідзе з 20:00 да 21:00, вельмі часта чытаюць каментары і рэагуюць на іх. Можна нават у каментарах на YouTube звяртацца да вядоўцаў».

Фота: belsat.eu

Што новага?

Падсумоўваць падзеі тыдня будзем разам з Сяргеем Падсасонным ды Ігарам Кулеем у нядзельнай праграме «Тыдзень», але цяпер гадзіннае выданне пашыраецца да 90 хвілінаў. Шукаем небанальныя сюжэты, працягваем гучныя расследаванні, падсумоўваем важныя падзеі з адмыслоўцамі.

У межах «Тыдня» падымаць «Глабальнае пытанне» будзе Яраслаў Сцешык. Праграма распавядае, як міжнародныя крызісы адбіваюцца на беларусах. Прэм’ера адбылася ўлетку, але ўжо спадабалася нашым гледачам, пра што сведчыць колькасць праглядаў на YouTube.

Фота: belsat.eu

Адмысловае месца для культуры і спорту на «Белсаце»

У асобных 15-хвілінных выданнях глядзіце навіны культуры і спорту. Праграма «Культура» ў новым фармаце будзе выходзіць кожную пятніцу а 18:00.

«Культура нішчыцца ў Беларусі, тэма культуры цяпер набыла іншае гучанне, яна развіваецца па-за межамі Беларусі. Гэта адна з прычынаў, чаму праграму вынеслі асобна», – каментуе Ігар Кулей.

Аляксандр Баразенка і Аляксандр Пуціла падсумоўваюць спартовыя падзеі тыдня ў панядзелкі, таксама а 18:00. Аўтары абяцаюць жывыя сюжэты, інтэрв’ю са спартоўцамі, якія выехалі і трэніруюцца па-за Беларуссю.

Вядоўца «Белсату» ў новай ролі

Журналіст Валер Руселік вяртаецца на экран у якасці вядоўцы праграмы «Размова», у чацвяргі. З панядзелка да серады праграму будзе весці яе сталы вядоўца Віталь Цыганкоў. «Размову» глядзіце ў жывым эфіры а 21:20.

Пятніцу пакідаем для выдання «Без акрэдытацыі» са Змітром Міцкевічам.

«Калі мы пачыналі праект «Без акрэдытацыі», то ўсяго некалькі праграмаў выйшла ў Беларусі. Назва праграмы ператварылася ў прароцтва. Пра надзённыя праблемы рэдактар размаўляў з рэдактарамі», – згадвае кіраўнік рэдакцыі навінаў.

Працягваем стрыміць

Запрашаем на нашую традыцыйную «Студыю ў суботу». У новым сезоне плануем падсумоўваць тыдзень працы штабоў прыхільнікаў пераменаў, фондаў, у тым ліку офісу Святланы Ціханоўскай, НАУ, «ByPol», Фонду спартовай салідарнасці.

«З 2020 года стрым для нас – традыцыя, якой мы не перарывалі, пакуль ідуць пратэсты. На вуліцах людзей усё менш, але пратэсты ёсць, і здымкі нам штодня дасылаюць «партызаны». Галоўная актыўнасць, дзеля зменаў у Беларусі, адбываецца цяпер у штабах. І падчас стрыму нашая задача – паказаць, што адбылося за тыдзень і якім чынам Беларусь набліжаецца да пераменаў», – тлумачыць Ігар Кулей.

Запрашаем глядзець «Белсат» праз спадарожнік, онлайн, у сацыяльных сетках, на YouTube-каналах, а таксама праз дадатак «Belsat Smart».

Як глядзець «Белсат»

Belsat.eu

Стужка навінаў