Былая рэдактарка TUT.by Вольга Лойка расказала, як БТ здымала з ёй прапагандысцкі фільм


Былая галоўная рэдактарка палітычна-эканамічнага блоку навінаў на партале TUT.by Вольга Лойка расказала «ТОК», як праходзілі здымкі фільму «Бай-бай, ТУТБАЙ» для БТ. Пасля здымкаў на дзяржТБ журналістка змагла выйсці з СІЗА і збегчы за мяжу.

Галоўная рэдактарка выдання «Plan B.» Вольга Лойка.
Фота: «Plan B.» / planbmedia.io

Фільм выйшаў 16 сакавіка 2023 года, калі Вольга Лойка ўжо была за мяжою, а ў Беларусі мусіў прайсці суд над галоўнай рэдактаркай TUT.by Марынай Золатавай і генеральнай дырэктаркай TUT.by Людмілай Чэкінай.

Лойка кажа, што здыманне было ўмовай для яе вызвалення. Абмяркоўвалася гэта ў Следчым камітэце.

«Сказалі, што Ксенія Пятроўна Лебедзева будзе весці гутарку. Дзякуй Ксеніі Пятроўне. Яна была вельмі ветлівая, культурная. Я сказала б, нават крыху спачувальная. Калі чалавек у стрэсе запісвае такія штукі, то гэта важна. Яна грала добрага паліцыянта. Следчы, супрацоўнік КДБ, Ксенія Пятроўна і я, – кажа Лойка. – Я ведала, дзеля чаго ідзе гульня. Калі б у гэтым фільме трэба было зняцца топлес, я знялася б, бо гэта лёсы людзей, а не толькі мой. І я ведала, што за гэтую магчымасць заплачана дорага. Гэта было цяжка. Таму я не магу саскочыць. Другога шанцу не будзе».

Частка пытанняў тычылася звычайных працоўных працэсаў, расказвае журналістка.

«Звычайнае бурчанне наёмнага працаўніка. “Было, што вас не задавальняла?”. Зразумела, было. Ад заробку да загрузкі. Пра што гэта сведчыць? Ды ні пра што. “Разыходзіліся ў поглядах?”. Так. Мы ўвесь час разыходзіліся і сыходзіліся, і сварыліся.

І калі б мы цяпер абмяркоўвалі лёсы палітзняволеных, мы б таксама, я ўпэўненая, разышліся б з Марынай у поглядах. Магчыма, што насмерць пасварыліся б. Я вельмі хачу, каб гэтая магчымасць была. Каб гэтыя людзі выйшлі. А далей мы ўжо самі разбяромся. Магчыма, сапраўды, да смерці рассварымся.

Бо нехта лічыць, што да перамогі трэба сядзець. Нехта – што трэба таргавацца любым коштам за кожнага, за каго магчыма. Разыходзіцца ў поглядах – гэта нармальна. І мець адно да аднаго прэтэнзіі і крыўды – гэта таксама нармальна».

Агляд
Пратэстаў не было – іх выдумаў TUT.by. Прапагандысты «павесілі» на партал яшчэ і дэвальвацыю ды COVID
2023.03.17 07:00

Падчас размовы журналістцы падказвалі, як і пра што казаць.

«Мне сказалі: “Ты кемлівая, вось і мяркуй”. Ну я, як магла, вымяркоўвала. Мяне хапіла хвілінаў на 40. Здаецца, было пытанне “Як паўплываў уваход TUT.by ў ПВТ на пратэсную актыўнасць?” – я зразумела, што мой талент і фантазія проста вычарпаныя. Я не ведаю, што адказаць на гэтае пытанне. Я спытала: “Чыю?”. І павісла паўза, у часе якой ніхто не мог скеміць, чыю».

Былі і пытанні накшталт «А калі б Бабарыку зарэгістравалі кандыдатам? Стаў бы ён прэзідэнтам?». Адказы падказвалі, адзначае Лойка. А пазней інтэрв’ю перазапісвалі, бо жанчына вельмі хвалявалася.

«Насамрэч ты не да канца разумееш, чаго яны ад цябе хочуць. Я прыдумала сама сабе склад злачынства. Сур’ёзна. Бо мне сказалі: “Ты кемлівая. Хутка мяркуй”. Я не ўмею ўхіляцца да выплаты падаткаў, бо я не ўмею іх плаціць. Я пра гэта ўмею пісаць.

Як я гэтаму [ухіленню ад сплаты падаткаў] фізічна магла спрыяць? У мяне фантазія не настолькі развітая. Ну, я спрыяла шляхам напісання добрых артыкулаў пра ПВТ. Але я шчыра сказала, што, калі ў мяне спытаюць “а якіх артыкулаў?”, мне будзе цяжка адказаць. У справе ніякіх артыкулаў няма. Дзякаваць Богу, хапіла гэтага».

Агляд
Пратэстаў не было – іх выдумаў TUT.by. Прапагандысты «павесілі» на партал яшчэ і дэвальвацыю ды COVID
2023.03.17 07:00

Сама Лойка фільму не глядзела, але пасля яго выхаду атрымала шмат падтрымання і ніякага асуджэння.

«Магчыма, я проста адсеяла такіх людзей. У мяне ёсць некалькі чалавек з былых кантактаў, хто, як мне падалося, не вельмі адэкватна сябе павёў. “Як ты магла?”. Як я магла не застацца ў турме? Прабачце, я не хачу сядзець у турме дзесяць гадоў. І ў мяне калегі, якія не хочуць. Мы так дамовіліся. Гэта было цяжкое рашэнне. Але нам пашанцавала, што ў нас быў шанц.

Бо ёсць людзі, якім давялося на ўсё гэта ісці, падпісваць – і сядзець цяпер восем гадоў і спадзявацца, што калі-небудзь дадуць умоўна-датэрміновае. […] Большасць людзей спадзяецца, што яны выйдуць раней. Трывання людзей хапае на розны тэрмін. Людзі, з якімі я сядзела, якія толькі “заехалі” і тры – пяць месяцаў адседзелі са мною… Мне здавалася, што яны такія спакойныя, вытрыманыя, што іх хопіць надоўга. Але за год пасыпаўся шмат хто».

Адбываецца гэта таму, што «цябе фактычна кідае сямʼя», кажа Вольга.

«Спачатку ігнаруюцца нейкія твае просьбы. Потым да цябе на спатканні прыязджаюць з незадавальненнем, што вось нам тут давялося ўсё кідаць і ехаць у Гомель. А потым увогуле не прыязджаюць. А прайшло ўсяго паўтара года. А сядзець больш за пяць гадоў. І гэта найбліжэйшыя родзічы – сыны, дочкі, мужы. Гэта найбліжэйшае кола. А шмат якія сябры ўвогуле забыліся. Калі трэба было пагасіць штраф, гэтаму чалавеку скідваліся тут мы – былыя сукамернікі. Гэта цяжка.

Атрымліваецца, што нас сядзела 13 асобаў. І ў чатырох за гэты час памерлі найбліжэйшыя сваякі. Гэта вельмі цяжка. Ты разумееш, што гэта назаўсёды, разумееш, што гэта твая віна, якую немагчыма забыцца, выправіць, загладзіць», – падводзіць рысу Вольга Лойка.

Hавiны
У суд выклікалі асобаў, якія паручаліся за былых журналістак TUT.by, што выехалі за мяжу
2023.04.10 15:20

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў