Навошта Беларусі расейскія студэнты. Каментуе Маргарыта Ворыхава


Дарадчыца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы і студэнтах Маргарыта Ворыхава лічыць, што лукашэнкаўскі рэжым хоча выкарыстоўваць моладзь як крыніцу папаўнення бюджэту. Гэтак яна пракаментавала прапанову міністра адукацыі Беларусі Андрэя Іванца падвысіць у некалькі разоў памер кампенсацыі для студэнтаў, якія не адпрацоўваюць размеркаванне пасля сканчэння ВНУ.

Маргарыта Ворыхава, дарадца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы і справах студэнтаў.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Я думаю, гэта спроба рэжыму выкарыстоўваць моладзь як крыніцу папаўнення бюджэту», – заявіла Маргарыта Ворыхава ў размове з «Белсатам».

З гэтага вынікаюць, на яе думку, і ўсе намаганні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, накіраваныя на тое, каб як мага больш людзей утрымліваць на тэрыторыі Беларусі і не адпускаць моладзь вучыцца за межы краіны.

Расейскія студэнты патрэбныя, каб напоўніць аўдыторыі

Заяву Андрэя Іванца пра прыцягненне ў беларускія ВНУ расейскіх студэнтаў, якія б вучыліся за кошт бюджэту, а потым размяркоўваліся на прадпрыемствы РБ, Маргарыта Ворыхава ўспрымае як жаданне проста «напоўніць аўдыторыі». Па яе словах, у Беларусі назіраецца зараз тэндэнцыя, калі моладзь проста не мае матывацыі паступаць у ВНУ або выязджае за мяжу, а хто застаецца – не працуе па спецыяльнасці.

Ворыхава адзначае, што гэтая тэндэнцыя асабліва яскрава праяўляе сябе на сельскагаспадарчых, педагагічных і інжынерных спецыяльнасцях.

«Тут мы і бачым гэта яўнае жаданне задаволіць патрэбу ў працоўнай сіле, якой вельмі бракуе ў названых кірунках», – зазначае Маргарыта Ворыхава.

Дзяржава не робіць нічога, каб гэтыя спецыяльнасці былі актуальныя і прывабныя для моладзі, дадае Ворыхава. І наадварот, усё робіць так, каб людзі не ішлі вучыцца ў гэтых профілях.

Рэпартаж
«Пра тое, як вярнуцца ў сваю краіну». У Варшаве прэзентавалі кнігу палітвязня Уладзіміра Мацкевіча
2024.02.14 19:08

«Рэжым зусім не арыентаваны на задавальненне рэальных эканамічных патрэбаў. Хутчэй, прасоўвае свае інтарэсы і нават не спрабуе зрабіць іх прывабнымі для насельніцтва», – кажа Маргарыта Ворыхава.

Яна адзначае таксама, што плаціць за навучанне расейскіх студэнтаў на бюджэтных формах навучання ў ВНУ, будуць простыя беларускія падаткаплатнікі.

«Рэжым здольны адно на гвалтоўныя і прымусовыя метады»

Маргарыта Ворыхава ўпэўненая, што ўсе захады, якія робіць рэжым Лукашэнкі, а менавіта павелічэнне тэрмінаў адпрацоўкі, увядзенне адпрацоўкі для платных спецыяльнасцяў, – гэта не што іншае, як «стымуляванне» адтоку высокакваліфікаваных прафесіяналаў з краіны.

Каб вярнуць беларускіх студэнтаў у аўдыторыі і зрабіць навучанне ў ВНУ прывабным і прэстыжным, маецца цэлы шэраг інструментаў, упэўненая Маргарыта Ворыхава. Гэта і ўдасканаленне праграмаў прафесійнай арыентацыі, і павелічэнне стыпендыяў, і паляпшэнне ўмоваў працы ў месцах адпрацоўвання. А таксама – супраца з бізнесамі, калі ўніверсітэт уступае ў партнёрства з пэўнай кампаніяй і гарантуе такім чынам для выпускнікоў працоўныя месцы па заканчэнні і добрыя ўмовы працы з высокімі заробкамі.

Ворыхава згадвае таксама пра магчымасць увядзення альтэрнатыўных метадаў здачы экзаменаў на пэўных спецыяльнасцях, якая ў Беларусі так і не прыжылася.

«Ёсць шмат розных варыянтаў. Але ўсё, што рэжым умее рабіць – гэта ўводзіць гвалтоўныя і прымусовыя меры, заганяць людзей на тыя спецыяльнасці, якія выгадныя рэжыму», – падкрэслівае суразмоўца «Белсату».

Аб’ектыў
Студэнтаў з Расеі плануюць бясплатна вучыць у Беларусі
2024.02.14 21:04

Зміцер Міраш belsat.eu     

Стужка навінаў