Прэзідэнт Ізраілю назваў напад Ірану «абвяшчэннем вайны»


Прэзідэнт Ізраілю Іцхак Гэрцаг у інтэрв’ю тэлеканалу «Sky News» назваў напад Ірану «абвяшчэннем вайны», аднак не патлумачыў, якім будзе адказ Ізраілю.

Прэзідэнт Ізраілю Іцхак Гэрцаг зазначыў, што ў ноч на 14 красавіка Ізраіль быў атакаваны з чатырох кірункаў – краіну абстрэльвалі беспілотнікамі, балістычнымі і крылатымі ракетамі.

«Гэта падобна на сапраўдную вайну. Я маю на ўвазе, што гэта абвяшчэнне вайны», – заявіў ён.

Гэрцаг дадаў, што Ізраіль будзе праяўляць стрыманасць. Ён падкрэсліў, што Ізраіль імкнецца да міру, аднак «Хамас» і іранскія проксі зрабілі гэта амаль немагчымым. Прэзідэнт назваў Іран «імперыяй зла», якая падрывае стабільнасць на Блізкім Усходзе. Разам з тым, Гэрцаг не патлумачыў, якім можа быць адказ Ізраілю на іранскую агрэсію.

«Натуральна, мы заўсёды прыслухоўваемся да нашых партнёраў… мы таксама заўсёды разглядаем усе варыянты і зробім усё магчымае, каб абараніць наш народ», – сказаў ён.

Віцэ-спікер Кнэсета Ханох Мільвідскі заявіў BBC, што ўсе чальцы ўраду Ізраілю адзіныя ў тым, што іранскі ўдар не павінен застацца без адказу.

«Я не думаю, што хоць нехта, знаходзячыся ў здаровым розуме, чакае, што мы не адкажам пасля таго, як па нам былі выпушчаны сотні ракет», – дадаў ён.

Ён разумее жаданне ЗША пазбегнуць ваеннай эскалацыі ў рэгіёне, і паспрабаваць вырашыць пытанне дыпламатычнымі сродкамі, аднак апошняе слова застаецца за Ізраілем.

«The Times of Israel» піша, што ваенны кабінет Ізраілю пакуль не вызначыўся з тым, калі і як адказаць на напад Ірану.

Hавiны
Медыі: Байдэн угаварыў Нэтаньягу адкласці контрудар па Ірану
2024.04.14 18:38

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў