Вайскоўца публічна пакаралі за тое, што сеў п'яны за стырно аўтамабіля


Працаўнікі ДАІ ў Менску зладзілі выязны адкрыты разгляд адміністратыўнай справы супраць вайскоўца, які пʼяны кіраваў аўтамабілем.

Выязны разгляд справы супраць вайскоўца.
Фота: ДАІ Менгарвыканкаму / Telegram

Намеснік начальніка аддзелу ДАІ Савецкага раёну сталіцы Яўген Крыварот публічна разгледзеў адміністратыўную справу ў дачыненні вайскоўца, які пʼяны кіраваў аўтамабілем. Працаўнікі ДАІ спынілі аўта вайскоўца 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады 10 снежня. На момант затрымання ў яго выявілі 2,1 праміле алкаголю.

Выязны разгляд справы супраць вайскоўца.
Фота: ДАІ Менгарвыканкаму / Telegram

Справу разглядалі публічна. Дзеля таго, каб пакараць вайскоўца, сабралі вайскоўцаў з брыгады і агучылі прысуд: штраф 200 базавых велічыняў (6400 рублёў) і пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на 5 гадоў.

Пасля разгляду гэтай справы падпалкоўнік міліцыі агучыў перад вайскоўцамі статыстыку дарожных аварыяў і прадэманстраваў тэматычны фільм.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў