Расейцы прасунуліся на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 782-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 58-й брыгады трэнуюцца на стрэльбішчы ў Данецкай вобласці, Украіна. 7 красавіка 2024 году.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што за апошні содні расейскія вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі каля населеных пунктаў Загаруйкаўка і Катляроўка на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці.

Між тым у Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што праціўнік не праводзіў наступальных дзеянняў на тэрыторыі купянскага кірунку.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ атакавалі каля Верхнякаменскага на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў ваколіцах Белагораўкі на Луганшчыне, але поспеху не дасягнулі.

Тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што ўжо содні расейцы актыўна штурмуюць апошні населены пункт, намагаючыся забегчы наўпрост на пазіцыі сілаў абароны. Пры гэтым адзначаецца, што з боку РФ дзейнічаюць дасведчаныя падраздзяленні.

Іншая праўкраінская крыніца  – тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» – піша, што таксама расейцы безвынікова наступалі на так званым торскім выступе (на левым беразе ракі Жарабец), пасля чаго ўжо ЗСУ перайшлі ў атаку і крыху прасунуліся каля сяла Ямпалаўка.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, асноўная актыўнасць якіх засяроджаная ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС прасунуліся з бок гораду з захаду ад сяла Іванаўскае, в таксама на ўсходніх ускрайках самога Часавага Яру.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што акрамя гэтага войскі РФ дасягнулі поспеху на паўночным усходзе ад гораду, дасягнуўшы ваколіцаў мясцовых лецішчаў, а таксама на паўднёвым усходзе ўздоўж трасы Т-0504.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – канал «Рыбарь» – паведамляе пра заняцце аднаго з апорных пунктаў ва ўрочышчы на паўночным захадзе ад сяла Іванаўскае.

Прасоўванні расейцаў у ваколіцах усходняй часткі Часавага Яру пацвярджаюць і аналітыкі праекту Deepstate.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» звяртае ўвагу на тое, што праціўнік так і не захапіў цалкам Іванаўскае, і цяпер у сяле асобныя пазіцыі часцяком пераходзяць з рук у рукі.

У Генштабе ЗСУ паведамілі, што таксама расейцы атакавалі каля населеных пунктаў Клішчыеўка і Нью-Ёрк (на поўдні ад Бахмуту і захадзе ад Горлаўкі адпаведна), але прасунуцца не здолелі.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку войскі РФ працягваюць ціснуць на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду.

У Deepstate гавораць пра пагаршэнне сітуацыі на ўчастку фронту паміж сёламі Новабахмутаўка і Бэрдычы: расейцы змясцілі сюды свой асноўны ўдар і прасунуліся на поўначы ад Бэрдычаў у ваколіцах мясцовай чыгуначнай лініі.

«Рыбарь» піша, што ў выніку УС РФ зачапіліся за садовае таварыства «Зара» на ўсходзе ад Новабахмутаўкі, а таксама прасунуліся да лесапасадак побач з сялом.

Іншая прарасейская крыніца – «Фронтовая птичка» – сцвярджае, што войскі РФ зайшлі ў самое сяло з паўднёвага ўсходу.

«Рыбарь» паведамляе, што акрамя гэтага на аўдзееўскім кірунку Узброеныя сілы РФ развіваюць поспех у Сямёнаўцы: сцвярджаецца, што за содні расейцы прасунуліся на адлегласць не меншую за 700 метраў, і цяпер пад іхным кантролем знаходзяцца больш за палову сяла.

Канал «Два майора» цяжкія баі і ў ваколіцах населеных пунктаў Няйталава і Уманскае.

Мінабароны РФ піша, што ЗСУ контратакуюць на па ўсёй шырыні фронту.

На навапаўлаўскім кірунку расейцы наступаюць каля Краснагораўкі і Новаміхайлаўкі – Генштаб ЗСУ фіксуе прынамсі 16 няўдалых атак праціўніка.

Тэлеграм-канал «Два майора» заяўляе пра рух УС РФ на паўднёвых ускрайках гораду Краснагораўка.

Пегаў гаворыць, што на поўначы ад другога населенага пункту войскі РФ змаглі прасунуцца.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку баі фіксуюцца на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае. Тэлеграм-канал расейскіх вайскоўцаў «Воин DV» піша пра захоп двух апорных пунктаў ЗСУ.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў), але зменаў лініі сутыкнення не зафіксавана.

У Херсонскай вобласці расейцы цягам содняў прынамсі чатыры разы атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з займаных плацдармаў, але поспеху не дасягнулі. Канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што войскі РФ нясуць сур’ёзныя страты ў лесе з поўдня ад сяла Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў