ЗША і Канада ўвялі новыя пакеты санкцыяў у дачыненні да Беларусі


15 красавіка Злучаныя Штаты Амерыкі і Канада ўвялі новыя пакеты санкцыяў у дачыненні юрыдычных і фізічных асобаў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: naglyad.org

Санкцыі ЗША

Так, Міністэрства фінансаў ЗША увяла санкцыі, пад якія падпалі 12 кампаніяў і 10 фізічных асобаў. Сярод іх шэсць дзяржпрадпрыемстваў, якія прыносяць прыбытак беларускаму рэжыму, адна юрыдычная і пяць фізічных асоб, якія ўдзельнічаюць у спрыянні угодам для буйнога прадпрыемства абароннага сектара Беларусі, уключанага ў спіс санкцыяў ЗША. Таксама ў пакет уваходзяць пяць арганізацыяў і пяць фізічных асоб, якія ўваходзяць у глабальную збройную сетку, якая вядзе бізнес з беларускай абароннай кампаніяй, уключанай у сакнцыйны спіс ЗША.

«Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі працягвае разлічваць на даходы ад сваіх дзяржаўных прадпрыемстваў, каб фінансаваць гвалтоўнае падаўленне сваіх грамадзян і абыходзіць санкцыі ЗША. Мы будзем працягваць выкарыстоўваць наш разнастайны набор інструментаў для барацьбы з шырокімі сеткамі незаконнага садзейнічання Беларусі і прыцягнення рэжыму да адказнасці за яго саўдзел у несправядлівай вайне Расеі ва Украіне і нажыву на ёй», – заявіў намеснік міністра фінансаў па пытаннях тэрарызму і фінансавай разведкі Браян Нэльсан.

У сакцыйны спіс Злучаных Штатаў трапілі наступныя юрыдычныя асобы: ААТ «Тэхніка Сувязі», ААТ «Агат-Сістэм», ААТ «НДІЭВМ», ТАА «Інатэх Салюшанс», ААТ «Агат-Сістэмы Кіравання – кіроўная кампанія холдынга геаінфармацыйныя сістэмы», «ААТ «Станкагомель», «BLACK SHIELD COMPANY FOR GENERAL TRADING LLC» (Ірак); «CENTURONIC LTD» (Кіпр); «PHOENIX LINES S.R.O». (Словакия); «RAYYA DANISMANLIK HIZMETLERI LIMITED SIRKETI» (Турэччына); «S. GROUP AIRLINES LTD» (Кіпр); «SHENZHEN 5G HIGH-TECH INNOVATION CO». (Кітай).

Сярод фізічных асоб згадваюцца наступныя прозвішчы: Аляксандр Аксянчук, Дзмітрый Браім, Сяргей Чаргейка, Дзмітрый Міхальцоў, Таццяна Пратаповіч, Алег Юрчык, Nora Yagmur (грамадзянка Швецыі), Samer Rayya (грамадзянін Лівана), Deiry Mohamad Majd (грамадзянін Сірыі), Ali Alhaitham Al (грамадзянін Славакіі).

Санкцыі Канады

Акрамя таго, санкцыі ў дачыненні да 21 грамадзяніна Беларусі ўвяла Канада. Усе яны, як згадваецца ў рашэнні, маюць дачыненне да рэпрэсіяў, якія ўсчаліся ў 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле рашэння ўраду Канады, гэтыя асобы «ўдзельнічалі або саўдзельнічалі ў адвольных арыштах і затрыманнях, жорсткасці, запалохванні і празмерным ужыванні сілы супраць беларусаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў, а таксама ў жорсткім абыходжанні з імі пасля фальшывага суда, прысуду і зняволення».

Згодна з умовамі ўведзеных санкцыяў гэтым людзям будзе забароненае заключэнне ўгодаў (фактычна гэта азначае замарожванне актываў) у Канадзе, а таксама грамадзянам Канады за межамі краіны займацца любой дзейнасцю, звязанай з маёмасцю або аказваць фінансавыя або звязаныя паслугі асобам, уключаным у гэты спіс. Таксама гэтыя асобы прызнаныя неўязнымі на тэрыторыю Канады.

У санкцыйны спіс увайшлі наступныя прозвішчы: Руслан Машадзіеў (начальнік папраўчай калоніі (ВК) № 1 у Наваполацку); Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнай часткі папраўчай калоніі № 17 у Шклове; Святлана Бандарэнка, суддзя Вярхоўнага суда; Раман Бізюк, старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Менску; Андрэй Тарасевіч, суддзя суда Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці; Ганна Асіпенка, суддзя суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска; Сяргей Маслюкоў, начальнік выхаваўчай калоніі ў Бабруйску; Яўген Бубіч, начальнік папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску; Юры Васілевіч, начальнік папраўчай калоніі № 14 у Навасадах Барысаўскага раёну; Аляксандар Карніенка, былы начальнік папраўчай калоніі № 17 ў Шклове; Андрэй Пальчык, былы начальнік папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку; Аляксандар Кароль, старшы пракурор аддзела Генеральнай пракуратуры; Міхаіл Мурашкін, былы намеснік начальніка міліцыі – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Жодзінскага ГАУС Менскага раёну; Мікалай Максімовіч, намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Менскага аблвыканкаму; Валянціна Зянкевіч, суддзя Менскага гарадскога суда; Зінаіда Балабалава, суддзя суда горада Наваполацка; Галіна Кніжонак, суддзя суда Мазырскага раёна Гомельскай вобласці; Ганна Лявусік, суддзя суда Ленінскага раёна Горадні; Генадзь Кудласевіч, суддзя суда Іванаўскага раёна Берасцейскай вобласці; Іна Паўлоўская, суддзя суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы; Дзмітры Бубенчык, суддзя суда Гомельскага раёна.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў