Пратэстаў не было – іх выдумаў TUT.by. Прапагандысты «павесілі» на партал яшчэ і дэвальвацыю ды COVID


17 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе абвесцяць вырак у справе супраць TUT.by. Абвінавачванымі ў справе праходзяць пяцёра чалавек, але беспасярэдне на лаве падсудных – толькі дырэктарка парталу Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава. Рэдактарку аддзелу эканомікі і палітыкі Вольгу Лойку, карэспандэнтку Алену Талкачову і юрысконсульта Кацярыну Ткачэнку судзяць завочна, бо яны цяпер за мяжою.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава.
Фота: БелТА

Напярэдадні прысуду прапагандысты з дзяржаўнага тэлебачання выпусцілі прапагандысцкі фільм «Бай-бай ТУТБАЙ». У ім кіраўніцтва парталу паспрабавалі паказаць як падбухторнікаў і злачынцаў, якія ў пагоні за грашыма разбурылі імперыю Юрыя Зісера. Распавядаем кароткі змест фільму.

Стужку падрыхтавала прапагандыстка тэлеканалу «Беларусь 1» Ксенія Лебедзева, якая стала вядомая сваймі пасквілямі пасля падзеяў 2020 года. Асноўныя думкі з фільму.

Захад TUT.by пачаўся задоўга да 2020 года – яшчэ ў 2011-м. Разгайдаць сітуацыю паспрабавалі яшчэ падчас асвятлення маўклівых акцыяў пратэсту, і такую схему адпрацоўвалі на працягу 10 гадоў, у тым ліку падчас асвятлення падзеяў ва Украіне падчас Еўрамайдану ў 2014-м. Нібыта беларусаў прывучалі да таго, што ідэі падобнай рэвалюцыі годнасці – гэта добра.

Матэрыялы парталу правакавалі дэвальвацыю, а незадаволенасць людзей деяннямі ўладаў падчас пандэміі COVID-19 – гэта выдумка журналістаў TUT.by.

Толькі дзякуючы заснавальніку парталу Юрыю Зісеру і ягонай асцярожнасці TUT.by трымаўся. Але чырвоныя лініі былі пройдзеныя пасля ягонай смерці.

Усе ўзлёты, падзенні і пахаванне TUT.by звязаныя з галоўнаю рэдактаркаю парталу Марынай Золатавай.

Партал кіраваў пратэстамі 2020 года, але яны не былі такімі маштабнымі, як распавядалі журналісты TUT.by. Чытачы сталіся ахвярамі маніпуляцыяў рэдакцыі і штучнага нагнятання сітуацыі.

З імперыі Юрыя Зісера паздзекаваліся. Ксенія Іванова, Марына Золатава, Кірыл Валошын, Людміла Чэкіна – асобы, чые асабістыя амбіцыя, жаданне абысці закон прывялі TUT.by на могілкі медыярэсурсаў.

У фільме згадваюцца розныя кейсы, звязаныя з асвятленнем парталам тых ці іншых падзеяў. Згадваецца «справа БелТА». Таксама прыводзяцца службовае ліставанне работнікаў TUT.by, праслухоўванне іхных тэлефонных размоваў. Запрасілі і «экспертаў» даць сваю ацэнку. Гэтак, напрыклад, нейкая спецыялістка ў псіхалінгвістыцы, якая сядзіць у фільме спінай, разбірае загалоўкі TUT.by і спрабуе давесці, чаму яны нібыта распальваюць варожасць:

«Яны паглыблялі супрацьпастаўленне грамадзянаў адной краіны. Гэтым падтрымлівалі высокі градус у грамадстве, распальвалі варажнечу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Работнікі ў офісе Tut.by. 
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

У фільме таксама прыводзяцца размовы з былымі працаўнікамі TUT.by.

Вольга Лойка, галоўная рэдактарка палітычна-эканамічнага блоку ў TUT.by, выехала за мяжу і абвешчаная ў вышук. У фільме распавядае пра ўнутраную кухню парталу і рэдакцыйную палітыку, у тым ліку яе змены ў 2020 годзе.

Былая журналістка TUT.by Алена Талкачова проста не здолела стрымаць слёзаў ад ціску на яе.

У фільме паказаныя таксама Марыя Каркоцкая, адміністратарка форума talks.by, і ейны муж Вячаслаў Каркоцкі, які працаваў мадэратарам на гэтым форуме. Яны выступілі з крытыкай кіраўніцтва парталу.

Генадзій Казакевіч, намеснік міністра ўнутраных справаў, у фільме распавядае, што Марыне Золатавай прапанавалі супрацу падчас пратэстаў 2020 года, аднак яна адмовілася.

Журналісты TUT.by прыйшлі падтрымаць затрыманых калегаў, верасень 2020 года. Фота Facebook Марыны Золатавай 

«Нашая сустрэча адбывалася а другой гадзіне ўначы. Вайна адбывалася не толькі на вуліцы, але і ў галовах. Грамадская прытомнасць напампоўвалася хлуснёй і крывёй з усіх бакоў. Мы прапаноўвалі ім абарону. Замест гэтага пабачылі фэйкі, гібрыдную агрэсію супраць нашай краіны. Сёння людзі адумаліся і пабачылі, што гэта была хлусня. TUT.by паразітаваў на тэме крытыкі дзяржавы. Міліцыянт безабароны перад крытыкай. TUT.by усяляк дыскрэдытаваў міліцыю, падаваў са знакам мінус, хоць мы заўсёды стараліся даваць ім усю інфармацыю, размаўляць, але сустракалі толькі непрыняцце і неразуменне», – кажа службовец.

Лебедзева вінаваціць Марыну Золатаву ў хлусні і разгойдванні сітуацыі ў краіне, а Людмілу Чэкіну – у абкраданні дзяржавы.

«Ільготы ў падатках ад чалецтва ў ПВТ рэдакцыю задавальнялі, а палітыка дзяржавы – не», – нахабна кажа прапагандыстка, падкрэсліваючы, што кіраўніцтва TUT.by падманула ўсіх.

Нагадаем, што 17 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе абвесцяць вырак у справе супраць TUT.by. Справу слухалі ў закрытым рэжыме. Разгляд пачаўся 9 студзеня. Чэкіну і Золатаву вінавацяць паводле трох артыкулаў КК Беларусі: ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад падаткаў у асабліва буйным памеры») – да сямі гадоў пазбаўлення волі; ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 («Распальванне нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці») – да 12 гадоў пазбаўлення волі; ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 («Кіраванне заклікамі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі») – да пяці гадоў пазбаўлення волі. Абедзве трапілі за краты 18 траўня 2021 года. КДБ залучыў іх у «тэрарыстычны спіс». Праваабаронцы прызналі абедзвюх жанчын палітзняволенымі.

СП belsat.eu

 

Стужка навінаў