«TUT.by – гэта феномен у жыцці краіны». Палітолаг Аляксандр Класкоўскі пра фільм БТ


17 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе абвясцілі прысуды па так званай «справе TUT.by». Паводле судовага выраку, галоўная рэдактарка Марына Золатава і дырэктарка парталу Людміла Чэкіна атрымалі 12 гадоў зняволення.

Напярэдадні гэтай падзеі па беларускім дзяржаўным тэлебачанні выйшаў адмысловы фільм, прысвечаны справе TUT.by. У ім прапагандыстка Ксенія Лебедзева метадычна спрабавала давесці асноўную думку: TUT.by вінаваты ледзь не ва ўсіх узрушэннях грамадскага спакою ў Беларусі з 2010 года – пачынаючы ад дэвальвацыяў, раздзьмування праблемы COVID і заканчваючы падбухторваннем да пратэстаў у 2020-м. Мы паспрабавалі прааналізаваць гэты фільм разам з палітычным аглядальнікам @pozirkonline Аляксандрам Класкоўскім і вывесці асноўныя «месэджы», якія спрабавалі данесці аўтары відэа да гледача.

Але перш за ўсё хацелася б адзначыць рэакцыю на «стужку» саміх былых «тутбаеўцаў», апублікаваную на партале «Зеркало». Паводле іх словаў, гэтая работа атрымалася настолькі «неразумнай, таннай і мярзотнай», што нават выказваць свае меркаванні з нагоды яе выхаду супрацоўнікі не палічылі патрэбным.

Уваход у офіс TUT.BY 18 траўня 2021 года, у дзень, калі ўлады разграмілі галоўнае медыя Беларусі. Фота: TUT.BY
Уваход у офіс TUT.by 18 траўня 2021 года, у дзень, калі ўлады разграмілі галоўнае медыя Беларусі.
Фота: TUT.by

Гэтак жа выказаўся пра фільм у інтэрв’ю для Белсат і сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын, назваўшы яго «вартым жалю відовішчам». Таму што, на яго думку, яно зроблена вельмі слабенька, гэта такая «студэнцкая, школьная работа, у якой звязваюцца ў адно зусім нязвязвальныя паміж сабой рэчы. Бо, напрыклад, «партал быў стратным, але пры гэтым размяркоўваў дывідэнды, або быў русафобскім, але пры гэтым пісаў у асноўным на рускай мове і г.д.».

«Пацешна (у нейкім сэнсе) глядзяцца і зачытаныя ўголас тутбаеўскія загалоўкі – улады і аўтары роліка неўпрыкмет для сябе выйшлі, што называецца, на саміх сябе: на вытокі пратэстаў, на беззаконне, гвалт, на прычыны з’яўлення адпаведных навінавых матэрыялаў. Што тут скажаш?.. Крытычнае мысленне і фактчэкінг are not detected», – падкрэсліў у сябе на старонцы ў «Фэйсбуку» Кірыл Валошын.

«TUT.by – прыклад паспяховага бізнес-праекту ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму»

Гаворачы пра паказаны па беларускім тэлебачанні фільм, палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што відэа не выпадкова з’явілася менавіта зараз.

«Гэта прадуманы крок менавіта напярэдадні абвяшчэння прысуду. Таму што TUT.by быў не проста СМІ, нейкім медыйным рэсурсам, гэта быў феномен у жыцці цэлай краіны, Беларусі. Гэта ўнікальны прыклад паспяховага бізнес-праекту ў медыйнай сферы ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму».

Паводле словаў аналітыка, TUT.by набыў такую папулярнасць, таму што мільёны беларусаў штодня заходзілі на партал, каб прачытаць навіны, скарыстацца поштай, паглядзець надвор’е, курсы валют. То бок ён быў часткай жыцця многіх людзей у краіне. Аляксандр Класкоўскі выказвае меркаванне, што настальгія па тых часах дасюль жыве сярод людзей – «а таму, каб запэцкаць гэтую настальгію і перабіць яе брудам, прапаганда і пашчыравала на гэтай ніве, стварыўшы такі фільм».

Задачай, паводле аналітыка, было не толькі апраўдаць тыя тэрміны, якія маюць абвесціць Золатавай і Чэкінай, «нейтралізаваць» гэткі шкодны сродак масавай інфармацыі з гледзішча ўладаў, але і маральна раздушыць гэтых людзей – кіраўніцтва партала, адказнае за рэдакцыйную палітыку – запэцкаць іх і «ўбіць у галовы беларусаў, што ўсё зроблена правільна, бо гэта былі шкоднікі, пятая калона, якая падпілоўвала беларускую стабільнасць».

На думку эксперта, адной з мэт быў пэўны піяр-эфект, ён пагаджаецца з тым, што фільм – гэта своеасаблівы спосаб «перагарнуць старонку», сказаць, нібыта ўсё, аб чым пісаў партал, – гэта хлусня. Улады маюць намер перапісаць гісторыю. Яны абвінавачваюць TUT.by у сваіх жа праблемах: маўляў гэта не яны вінаваты ў дэвальвацыі, бо «пад выбары 2010 года надрукавалі процьму грошай», пасля чаго, натуральна, абвалілася фінансавая сістэма Беларусі, а журналісты, якія асвятлялі падзенне беларускага рубля так, што стварылі ажыятаж. Хоць, адзначае Класкоўскі, менавіта ў гэтым заключаецца асноўная місія журналістаў – даваць аб’ектыўную інфармацыю.

«Іначай кажучы, улада крыміналізавала сумленную прафесійную дзейнасць журналістаў», – гаворыць эксперт.

Тым не менш аналітык лічыць, што спробы з дапамогай «прымітыўных прапагандысцкіх фільмаў» пераканаць мільёны людзей, якія выходзілі на пратэсты і многія з якіх пацярпелі, абрэчаныя на правал.

«Гэта толькі акампанемент. А сутнасць працэсу ў тым, каб проста закатаць у асфальт незалежную прэсу, каб болей яе ў краіне не было. Таму выносяцца тыя шалёныя тэрміны журналістам, і таму зачышчаецца інфармацыйная прастора. TUT.by не выпадкова адным з першых патрапіў пад удар, бо гэта сапраўды быў моцны і ўплывовы сродак масавай інфармацыі».

Пасля 2020 года, сцвярджае эксперт, Лукашэнка вырашыў, што не павінна быць больш ніякіх гульняў у імітацыю унутранай свабоды, дэмакратыі і датрымання замацаваных у канстытуцыі правоў, бо гэта тоіць у сабе небяспеку для ягонага рэжыму. Менавіта таму ўсю незалежную прэсу было вырашана, выражаючыся лексікай Лукашэнкі, «выразаць», што на сённяшні дзень фактычна і зроблена ўнутры краіны. «Таму гэтыя прысуды – метадычная лінія сістэмы, каб у краіне была манаполія прапаганды і не было ніякіх выспаў незалежных медыяў», – адзначае Класкоўскі.

«Можна сцерці ў парашок той ці іншы рэсурс, але пераняць яго папулярнасць немагчыма»

На думку эксперта, яшчэ да разгрому TUT.by дзяржаўныя прапагандысты з пэўнай зайздрасцю казалі пра вялікую папулярнасць гэтага СМІ і яшчэ тады фактычна нацкоўвалі ўлады на тое, каб разграміць і прыбраць да рук гэты партал.

Але, натуральна, сцвярджае Класкоўскі, можна забраць актывы ці сцерці ў парашок той ці іншы рэсурс, але пераняць яго папулярнасць немагчыма. «Таму што гэта заснавана менавіта на прафесійнай журналістцы, на тым, што рэдакцыя заваёўвае ўмелай палітыкай і сімпатыяй мас. Планы на тое, каб стварыць свой папулярны мегапартал, застаюцца ва ўладаў і цяпер, але аналітык лічыць, што гэтая задача ім не па плячы. Бо вялікая колькасць людзей будзе заходзіць на той ці іншы рэсурс толькі тады, калі ім будзе цікава, а не па прымусу.

«Ва ўладаў гэта не атрымаецца, бо прапаганда працуе паводле іншых прынцыпаў, чым прафесійная незалежная журналістыка», – кажа Класкоўскі.

Яшчэ адзін момант, які адзначыў эксперт, – гэта тое, што «прапаганда дзейнічае бруднымі метадамі, і ў гэтым фільме відавочна пад ціскам некаторыя былыя супрацоўнікі TUT.by мусілі сведчыць супраць кіраўніцтва». Гэта было зроблена сярод іншага для таго, каб падкрэсліць, што людзі былі «заблудшыя», а іх выкарыстоўвала «хцівае і дэструктыўнае кіраўніцтва», якое ўсім запраўляла і вяло рэй.

Нагадаем, галоўная рэдактарка Марына Золатава і дырэктарка партала Людміла Чэкіна трапілі за краты 18 траўня 2021 года. КДБ унёс іх у «тэрарыстычны спіс». Разгляд справы TUT.by пачаўся 9 сакавіка 2023 года. Абедзьве жанчыны прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў