Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў прэзідэнцкіх выбараў пракаментаваў смерць расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Ён сказаў, што нібыта быў згодны абмяняць Навальнага на «некаторых людзей» у заходніх турмах.
«Што датычыць спадара Навальнага. Так, ён пайшоў з жыцця. Гэта заўсёды сумная падзея, – сказаў Пуцін. – На жаль, здарылася тое, што здарылася. Але гэта здараецца. Нічога з гэтым не зробіш. Такое жыццё».
Пуцін адзначыў, што людзі ў месцах пазбаўлення волі ў Расеі ўжо паміралі, гэтак жа, як і ў ЗША.
«Хіба ў Злучаных Штатах такога не бывала? Бывала, і неаднаразова», – заявіў ён амерыканскаму журналісту, які пытаўся пра Навальнага.
Паводле Пуціна, за некалькі дзён да смерці Аляксея Навальнага ён атрымаў прапанову абмяняць апазіцыянера:
«За некалькі дзён да сыходу спадара Навальнага з жыцця мне некаторыя калегі – не супрацоўнікі адміністрацыі, а некаторыя людзі – сказалі, што ёсць ідэя абмяняць спадара Навальнага на некаторых людзей, якія застаюцца ў месцах пазбаўлення волі ў заходніх краінах. Вы можаце мне паверыць, можаце не: чалавек, які са мною размаўляў, яшчэ фразу не скончыў, а я сказаў: “Я згодны”».
Згоду нібыта даў пры ўмове, што Навальны з’едзе з Расеі:
«Мы яго памяняем, каб ён не вяртаўся. Няхай там сядзіць».
Прыхільнікі Аляксея Навальнага сцвярджаюць, што Пуцін забіў свайго апанента.
«Пацвердзіў абмен і тут жа загадаў забіць», – пракаментаваў заяву Пуціна дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў.
Аляксей Навальны загінуў 16 лютага ў расейскай калоніі ў Харпе. Цела палітыка паўтара тыдня не аддавалі маці Людміле Навальнай. Яна таксама паведаміла, што ўлады ціснулі на яе, пагражаючы, што зусім не дадуць пахаваць сына, калі пахаванне не пройдзе таемна. 1 сакавіка Навальнага пахавалі ў Маскве. На развітальную цырымонію прыйшлі тысячы чалавек.
Першымі пра планаваны абмен пасля смерці Навальнага таксама апавялі ягоныя прыхільнікі. Кіраўніца ФБК Марыя Пеўчых і журналіст-расследвальнік Хрыста Грозэў казалі, што абмен мог быць у тым ліку на афіцэра ФСБ Вадзіма Красікава, які атрымаў пажыццёвы тэрмін у Нямеччыне за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі.
Навальнага прызналі палітычным вязнем у Расеі. У паведамленнях з турмы ён рэгулярна перадаваў, што яго трымаюць у жудасных умовах. Сярод іншага, караюць ШІЗА, а таксама спецыяльна трымаюць недалёка ад чалавека з псіхічнымі хваробамі.
Арсен Рудэнка belsat.eu