Польскі футбольны клуб «Заглэмбе» замяніў дзяржаўныя сцягі Беларусі на бела-чырвона-белыя


Польскі футбольным клубе «Заглэмбе» з гораду Сасновец (Сілезскае ваяводства) замяніў дзяржаўныя сцягі Беларусі на бела-чырвона-белыя. Гэтай зімой у якасці галоўнага трэнера і спартовага дырэктара футбольнага клуба будуць працаваць спецыялісты з Беларусі.

Галоўным трэнерам клубу стаў беларускі футбаліст і трэнер Аляксандр Хацкевіч, які раней выступаў за менскае і кіеўскае «Дынама» ды трэнаваў іх. У 2014-2016 гадах быў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі. Кантракт разлічаны да 30 чэрвеня 2024 года.

Таксама на пасаду спартыўнага дырэктара ў клуб прыйшоў Міхаіл Залеўскі – былы гендырэктар барысаўскага БАТЭ ў 2020-2021 гадах.

Крыніца: zaglebie.eu
Крыніца: zaglebie.eu

Насупраць Хацкевіча і Залеўскага на афіцыйнай старонцы «Заглэмбе» былі чырвона-зялёныя сцягі, але пасля звароту журналіста «Белсату» Алеся Ляўчука іх замянілі на нацыянальныя беларускія сцягі.

– Вядома перажываю за беларускіх спартоўцаў, якія аказаліся з народам у 2020 годзе. Пасля таго як Хацкевіч і Залеўскі прыйшлі ў «Заглэмбе» буду сачыць за гэтай камандай. І быў непрыемна здзіўлены, калі насупраць беларусаў пабачыў сцяг лукашыстаў. Таму звярнуўся да Міхаіла Залеўскага. Праблема была аператыўна вырашана. Планую звярнуцца ў іншыя клубы дэмакратычных краін, дзе гуляюць беларусы, каб там насупраць нашых спартоўцаў прыбралі сцягі пад якім у Беларусі чыніцца гвалт» – сказаў «Белсату» Алесь Ляўчук.

Нагадаем, што абодва спецыялісты выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, гвалту сілавікоў і супраць вайны ва Украіне. З гэтай прычыны яны былі вымушаныя пераехаць у Польшчу.

Клуб «Заглэмбе» з Сасноўцу гуляе ў другім дывізіёне Польшчы. Пасля 20 тураў клуб займае апошняе месца. Задача беларусаў захаваць клубу месца ў другім дывізіёне.

СА belsat.eu

Стужка навінаў