Па ўсёй Беларусі будуць створаныя пакоі для допытаў, «прыязныя да дзяцей»


У кожным раёне Беларусі і горадзе абласнога падпарадкавання да 1 студзеня 2025 года мусіць быць створаны прынамсі адзін прыязны да дзяцей пакой для допытаў, гаворыцца ў адпаведнай пастанове Савету Міністраў РБ. Дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 19 жніўня.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: novvedomosti.ru

У пастанове «Аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці» вызначаюцца крытэры прыязнага да дзяцей пакою для допытаў. Паводле дакументу, гэта адмыслова абсталяванае памяшканне, у якім органам, што вядзе крымінальны працэс, здзяйсняецца допыт непаўналетніх пацярпелых ці сведкаў, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, у крымінальных справах аб злачынствах супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці, жыцця і здароўя, палавой недатыкальнасці ці палавой свабоды.

Пакоі будуць стварацца на базе сацыяльна-педагагічных цэнтраў на падставе распараджэння старшыні адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органу абласнога ці базавага тэрытарыяльных узроўняў. Таксама такі пакой можа быць створаны ў памяшканнях Дзяржкамітэту судовых экспертызаў і Следчага камітэту.

У прыязным да дзяцей пакоі для допытаў мусяць быць:

  • асобныя ўваходы і выхады, месца для верхняга адзення;
  • сумежнае ізаляванае памяшканне, абсталяванае гука- і відэазапісавай апаратурай, сродкамі радыёкамунікацыі, прызначанае для дыстанцыйнага назірання;
  • гуканепранікальнасць;
  • сцены мусяць быць пафарбаваныя ў пастэльныя колеры, не можа быць карцінаў і іншых элементаў дэкору;
  • канапа, фатэль, стол, фатэль-мяшок, падушка для канапы, цацкі;
  • сістэма гука- і відэафіксацыі;
  • не менш за 2 відэакамеры;
  • адзін камп’ютар, два маніторы.

Адкрыццё прыязных да дзяцей пакояў для допытаў будзе фінансавацца са сродкаў з мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на функцыянаванне сацыяльна-педагагічных цэнтраў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў