Святлана Ціханоўская прапаноўвае абмеркаваць Дарожную карту дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі


19 снежня быў апублікаваны праект Дарожнай карты дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі на перыяд 50, 100 і 500 дзён. Дакумент быў падрыхтаваны з ініцыятывы Офісу Святланы Ціханоўскай пры ўдзеле Аб’яднанага пераходнага кабінету. Святлана Ціханоўская заклікае да шырокага грамадскага і экспертнага абмеркавання дарожнай карты.

Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Нямеччыны
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Нямеччыны пад Брандэнбургскай брамай. Берлін, Нямеччына. 7 лістапада 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Дарожная карта дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі апісвае пераход ад аўтарытарнай сістэмы да дэмакратычнай. Дакумент ахоплівае першыя 500 дзён пераходнага перыяду, падзелены на тры этапы. Як мяркуюць аўтары дарожнай карты, яна пачне дзеяць з моманту фармавання ўраду пераходнага перыяду і будзе забяспечваць «устойлівае функцыянаванне і эфектыўныя трансфармацыі» сістэмы ў гэты перыяд.

Паводле праекту, у першыя 50 дзён мае адбыцца рэабілітацыя ахвяраў рэпрэсіяў у сферы вышэйшай адукацыі, пройдуць таксама арганізацыйна-кадравыя змены ў сістэме кіравання ва ўніверсітэтах. Будзе прызначаны новы міністр адукацыі, створаная Нацыянальная рада вышэйшай школы, камісіі для развіцця ВНУ.

На другім этапе (100 дзён) прадугледжваецца аднаўленне міжнароднай супрацы, грамадскае абмеркаванне кірункаў будучай рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі, навучанне працаўнікоў дэмакратычным працэдурам і прынцыпам узаемадзеяння.

Нарэшце, за 500 дзён маюць быць прынятыя новыя дэмакратычныя статуты ўніверсітэтаў, праведзеныя дэмакратычныя выбары ў органы самакіравання ВНУ, а таксама выбары рэктараў. Прадугледжваецца «шырокае грамадскае і экспертнае абмеркаванне кірункаў і прыярытэтаў будучай рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі».

Паводле задумы аўтараў дакументу, дарожная карта будзе ажыццяўляцца крок за крокам супольнымі намаганнямі ўраду пераходнага перыяду, працаўнікоў і студэнтаў ВНУ, усёй грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Поўны тэкст дарожнай карты апублікаваны на афіцыйным сайце Офісу Святланы Ціханоўскай.

Праект «Дарожнай карты дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі на перыяд 50 – 100 – 500 дзён» адкрыты для шырокага грамадскага і экспертнага абмеркавання. У дакумент могуць уносіцца змены і дапаўненні. Прапановы, заўвагі ці каментары трэба дасылаць на электронную пошту roadmapedu24@gmail.com.

Тыдзень
Дэмсілы прэзентавалі дэталёвы план сыходу ад дыктатуры. Топ-навіны за тыдзень
2023.12.18 11:56

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў